Путь к мечте Константина Лебецкого: Островец – Минск – Чехия – США – Островец

11:54 / 29.08.2017
1

Астраўчанін Канстанцін Лябецкі стаў удзельнікам між­на­роднай праграмы МАГАТЭ па навучанні маладых спе­цыялістаў у галіне ядзернай энергетыкі. Пра тое, як пяці­курснік, на той час без трох месяцаў выпускнік  хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівер­сітэта  месяц правёў у Чэхіі і ЗША, чытайце ў нашым матэрыяле.

leb.jpg

Выбар прафесіі
З будучай прафесіяй Канстан­цін  Лябецкі вызначыўся яшчэ ў школьныя гады. У 8 класе юнак атрымаў у чвэрці «васьмёрку» па хіміі. Адзнака не задавальняла –  але і  хімія зусім не цікавіла. А што значыць «8» па нелюбімым прадмеце? Зразумець  выдатніка змогуць толькі выдатнікі. Косця засеў за падручнікі! 
У 9 класе ён ужо ўдзельнічаў  у алімпіядах па хіміі – прычым не толькі ў раённай, але і аблас­ной, і рэспубліканскай. І пайшло-паехала...
– Калі заканчваў 11 клас,   ведаў, куды хачу паступаць і кім быць, – расказвае Канстанцін. – Тым больш,  што на той час мне ўжо прыйшло запрашэнне з хімічнага факультэта БДУ. А асноўным  штуршком стала будаўніцтва ў нашым раёне  Беларускай АЭС.
Так у 2012 годзе лёс і жаданне вучыцца і спасцігаць новае прывялі Канстанціна Лябецкага на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.  
– Падрыхтоўка па спецы­яль­насці «Радыяцыйная хімія»  ў гэтай установе  распачалася ў 2008 годзе, –  расказвае Канстанцін. – Мы паступілі ва ўніверсітэт у  2012-м, калі тыпавы вучэбны план, распрацаваны па праграме МАГАТЭ,  ужо быў апрабіраваны на студэнтах папярэдніх курсаў. За час вучобы мне не раз даводзілася падарожнічаць, наведваць атамныя электрастанцыі ў Расіі, Балгарыі,  Іспаніі – для мяне і маіх аднакурснікаў гэта быў неацэнны вопыт. 

Праект МАГАТЭ
Паўдзельнічаць у праекце, аргані­­за­ваным па праг­раме МА­ГАТЭ вядомымі ўніверсітэтамі Чэхіі і ЗША, Канстанціну прапанаваў намеснік дэканана хімічнага факультэта. Праўда, не абнадзеіў – стаць удзельнікам праграмы за гады яе існавання не ўдавалася не толькі студэнтам хімфака, але і яго выкладчыкам.
Косця  ўсе ж выра­шыў паспра­баваць і стаў афармляць дакументы. Сертыфікат па англійскай мове, медыцынскі серты­фі­кат, узгадненні ад дзяржаўных структур… 
У сярэдзіне красавіка прыйшло падцвярджэнне з Чэхіі: Косця даведаўся, што ён пройдзе двухтыднёвую стажыроўку ў  гэтай краіне. А ў апошнія дні мая пацвярджэнне далі і ўніверсітэты ЗША.
У лік 30 маладых спецыяліс­таў з 20 краін свету, якія развіваюць атамную энергетыку, трапіў і  адзіны прадстаўнік Белару­сі, наш зямляк Канстанцін Ля­бецкі. 
– Заставалася толькі  атрымаць візу, –  расказвае Канстанцін. – А гэта працэдура, як вядома, займае шмат часу – асабліва атрыманне візы ў пасольстве ЗША. Часам з’яўлялася думка, што я не паспею ўсё аформіць. На шчасце, гэтыя фармальнасці ўладкавалі супрацоўнікі МАГАТЭ ўжо ў Чэхіі.

Беларусь –  Чэхія –  ЗША –  Беларусь
– Мне заўсёды падабалася спазнаваць новае. І на гэтыя курсы вялікія надзеі я ўскладаў   – яны не расчаравалі,  –  дзеліцца ўражаннямі Канстанцін. – Лекцыі, удзел у семінарах, наведванне атамных электрастанцый і ўранавых шахтаў, падрыхтоўка выніковага праекта – было цікава.
Зразумела, што ўсе стасункі  вяліся на англійскай мове. Няўжо выпускнік універсітэта настолькі вольна валодае замежнай мовай? Тым больш тэхнічнай? 
– Граматыка англійскай мовы, вымаўленне былі закладзеныя яшчэ падчас вучобы ў астравецкай гімназіі №1, потым вывучэнне спецыяльнага курса тэхнічнай англійскай мовы ва ўніверсітэце – складанасцей з размовамі і перакладамі падчас паездкі амаль не ўзнікала, –  паціскае плячыма Канстанцін. – А вось плюс быў вялікі: англійскую мову я «падцягнуў» істотна.
– Сустрэчы і размовы з выкладчыкамі  Пражскага, Масачусецкага  і Гарвардскага ўніверсітэтаў, дырэктарамі  і супрацоўнікамі МАГАТЭ, тэорыя і адпрацоўка яе на   практыцы,  навукова-тэхнічная  накіраванасць курса – новай інфармацыі было не вельмі шмат, аднак задаволіць затыпы атрымалася, – упэўнены юнак.
Самым жа цікавым моман­там курса стала распрацоўка праекта «Аднаўляемыя крыніцы энергіі», які Канстанцін ствараў разам з маладымі спецыялістамі з  Чэхіі і Румыніі.
– Праект сапраўды атрымаўся цікавым –  праўда, пакуль што ўкараніць яго ў практычнай дзейнасці не атрымаецца. Магчыма, пазней я мог бы гэтым заняцца, –  усміхаецца малады чалавек.
А  пакуль у Канстанціна зусім іншыя планы: з  1 жніўня ён працуе інжынерам-хімікам  на Беларускай АЭС.
– Яшчэ да паступлення я ведаў, што хачу працаваць на  Беларускай АЭС. Гэтую мару песціў усе гады вучобы ва ўніверсітэце, пераддыпломную практыку таксама праходзіў на пляцоўцы Беларускай АЭС,  таму з задаваленнем пачынаю работу на пасадзе інжынера-хіміка. Мяркую, што на новым месцы ўсё ў мяне атрымаецца.
Некалькі гадоў мэтана­кі­­равана пераадольваючы перашкоды і атрымліваючы новыя веды, ён ішоў да ажыццяўлення сваёй мэты. І яна здзей­снілася, пада­рыўшы юнаку радасць пазнання і атрымання вопыту.

leb7.jpg

leb6.jpg

leb5.jpg

leb4.jpg

leb3.jpg

leb2.jpg


Алена ЯРАШЭВІЧ 

Фота К. ЛЯБЕЦКАГА




Текст: