Новабудоўлі Астраўца: як жывецца навасёлам

08:20 / 11.11.2019

У жніўні гэтага года Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі атрымаў новую прапіску.

Як абжыліся навасёлы і задавальняюць іх запытам новыя ўмовы, мы распыталі ў гаспадароў і наведвальнікаў новага цэнтра творчасці.

1.jpg

Святлана Куцько, дырэктар:

ucjKXbZ_PPY.jpg

– Гэта быў шыкоўны падарунак і для нас, работнікаў, і для дзяцей. На яго будаўніцтва было затрачана 2,2 мільёна рублёў.

Наша ўстанова шматпрофільная – тут працуюць гурткі рознай накіраванасці. Кожны год у старым будынку мы імкнуліся прапанаваць дзецям новую паслугу, а вось месца для рэалізацыі задумак было мала – не вельмі разгонішся ў чатырох вучэбных кабінетах. Шмат заняткаў у нас праходзіла паралельна: адначасова ў адным памяшканні займалася па два гурткі. Было складана і педагогам, і навучэнцам – хаця, зазначу, адбою ад жадаючых у нас не было.

У новым будынку мы ўвасобілі свае мары: цяпер у дадатак да іншых у нас працуюць гурткі па робататэхніцы, кераміцы, дрэваапрацоўцы, фатаграфіі. Кабінеты аснашчаны ўсім неабходным, кожнае дзіця мае асобнае месца для працы. Мы таксама маем камп’ютарны клас, вакальную студыю з сучаснай музычнай апаратурай, харэаграфічны клас, асобны пакой для Школы ранняга развіцця.

Змяніліся ўмовы працы і для работнікаў цэнтра. Пашырылася колькасць кабінетаў для метадычных работнікаў, ёсць касцюмерная, маюць асобныя памяшканні і тэхнічныя работнікі.

Ва ўстанове дзейнічае электронная сістэма доступу, устаноўлены відэакамеры – такога раней у нас не было.

З адкрыццём новага будынка пашырыўся і штат работнікаў, і колькасць навучэнцаў, да нас на заняткі цяпер ходзяць нават жанчыны з маленькімі дзеткамі.

Усяго на базе нашага цэнтра займаецца 860 чалавек, прычым 200 мы можам прымаць адначасова.

На жаль, актавая зала і спартыўная пляцоўка не прадугледжаны праектам. Але мы знайшлі выйсце: для мерапрыемстваў, якія мы арганізуем, нам гасцінна расчыняе дзверы СШ№3, якая знаходзіцца непадалёк, а ў месцы для трэніровак нашым выхаванцам ніколі не адмаўляе кіраўніцтва гарадскіх школ і стадыёна.

Анжаліка Бандарэнка, педагог дадатковай адукацыі:

Анжаліка Бандарэнка педагог Астравецкага ЦТДіМ 1.jpg

– Мы так хутка прывыклі да новага будынку, што ўжо здаецца, быццам увесь час менавіта тут і працавалі. Думаю, гэтаму паспрыяла тое, што калектыў рыхтаваўся да пераезду нашмат загадзя, чым цэнтр здалі ў эксплуатацыю: разам з дырэктарам абмяркоўвалі, якой афарбоўкі будуць кабінеты, выбіралі абсталяванне, мэблю і нават яе колер. Калі будынак быў гатовы, прыязджалі сюды наводзіць парадак, расстаўлялі сталы, крэслы, упрыгожвалі… Адным словам, рабілі свой новы дом утульным. І ў нас сапраўды так атрымалася. Вельмі радуе, што цяпер у нас шмат кабінетаў, мы больш не тулімся ў цеснаце, ёсць дзе скласці патрэбныя для работы рэчы. Цёпла, светла, прасторна, утульна, кожны кабінет абсталяваны – чаго яшчэ хацець! Толькі поспехаў сваіх вучняў!

Дарэчы, пасля наваселля да нас стала прыходзіць яшчэ больш дзяцей. Гэта звязана з адкрыццём новых профіляў і, думаю, незвычайным праектам нашага будынка – ён не нагадвае школу ні знешне, ні ўнутрана

Давід Залатуха, навучэнец:

Даівд Залатуха выхаванец Астравецкага ЦТДіМ.jpg

– Мне тут усё падабаецца – усё супер! Я ў старым будынку цэнтра хадзіў на танцавальны гурток, на вітраж і фатаграфію. А цяпер тут адкрыліся новыя – і я яшчэ ў дадатак запісаўся на кераміку і мастацкі дызайн. І яшчэ на які-небудзь гурток пайшоў бы, але часу не хапае. Тут жа можна навучыцца ўсяму, нават да паступлення падрыхтавацца.

Мне ў гэтым будынку падабаецца – дызайн незвычайны, як казачны.

Вольга і Дар’я Кавалеўскія, маці з дачкой:

Кавалеўскія Вольга і Даря.jpg

Вольга:

– Дар’я займаецца ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з 2015 года. Новы будынак мне падабаецца і знешнім, і ўнутраным дызайнам – папярэдні цэнтр быў не такім прэзентабельным. Упэўнена, што тут створаны найлепшыя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей.

Трэба было пашырацца і штосьці мяняць. Такі будынак быў патрэбен – горад расце і інфраструктура павінна развівацца. Цэнтр творчасці вельмі ўдала разнастаіў архітэктурны пейзаж мікрараёна. Астравец у нас прыгожы, таму ўсе пабудаваныя аб’екты, кшталту гэтага, павінны павышаць яго прэстыж.

Дар’я:

– Я вучуся спартыўна-бальным танцам у Сяргея Пятровіча Елізавеценкі. Мне падабаецца трэнер. І вельмі рада, што цэнтр творчасці пераехаў – цяпер у нас вялікая зала, зручная гардэробная, усё новае…

Текст: