Сакрэтамі поспеху ў спорце дзеліцца Арцём Рагавенка

14:04 / 16.09.2019
Шчырая ўсмешка, гарэзлівыя іс­к­рын­кі ў вачах, статная постаць – такім звычайна бачаць гэтага абаяльнага хлопца родныя, сябры і знаёмыя. 

Рашучы позірк, дакладныя ўдары і баявы настрой – такім ён паўстае перад сапернікамі на рынгу.

Які майстар спорту па рукапашным бою, курсант Магілёўскага інстытута МУС Арцём Рагавенка на самой справе – гэта мы і паспрабавалі высветліць.  

0.jpg


– Сярод выхадцаў з Астравеччыны ёсць майстры спорту па боксе, лёгкай атлетыцы, а вось па рукапашным бою яшчэ не было. Чаму менавіта гэты від адзінаборства?

– Усё пачалося з бокса. (Усміхаецца) Шмат гадоў таму мой старэйшы брат Андрэй са сваім сябрам, тады яшчэ нікому невядомым Віталем Бандарэнкам, прыйшлі займацца да трэнера Аляксея Маргужа – і захапілі­ся боксам. Мне было чатыры гады, калі разам з братам упершыню прыйшоў у спартыўную залу, мне тады нават далі ў пальчатках пабаксіраваць. А калі быў у другім класе, Андрэй запісаў мяне на бокс – і больш не кантраляваў, дазволіўшы самому вызначыць, трэба мне гэта ці не. Бокс мяне зачапіў. 

З аднаго боку, мне было вельмі складана: у той час, калі сябры гулялі на вуліцы, я трэніраваўся, ездзіў на зборы, не дазваляў сабе з’есці лішняга, каб падтрымаць вагу. З іншага боку, спорт неверагодна захапляў, асабліва калі пачаў выступаць на спаборніцтвах і перамагаць. Ніколі не забуду, як мне хацелася выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. У брата быў разрад. Дык няўжо я не змагу? У той час для гэтага трэба было стаць пераможцам ці прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў. Паехаў у сёмым класе – і прайграў. Але я хлопец упарты. У наступным годзе зноў паехаў – і дабіўся свайго: стаў другім і выканаў нарматыў. Якія тады эмоцыі перапаўнялі! Для мяне гэта было проста «ваў». За заняткі боксам заўсёды буду ўдзячны Аляксею Зянонавічу – ён умее зацікавіць, падштурхнуць і падтрымаць. Трэнер з вялікай літары. 

– Дык чаму рукапашны бой, а не бокс?

– Усё проста: у Магілёўскім інстытуце МУС няма бокса. Спачатку падумваў пайсці на вольную барацьбу, але падчас курса маладога байца мяне заўважыў трэнер па «рукапашцы», сказаў зайсці да яго на трэніроўку. Прыйшоў, а ён мяне на спарынг з другакурснікам паставіў – маўляў, паглядзім, на што ты здатны. А я ж толькі рукамі на рынгу працаваць умею. Паспрабаваў ногі падключыць – смеху варта. Ну, думаю, не буду хімічыць, а весці бой як умею – і ўсё пайшло як трэба. Словам, перамог я тады – і вырашыў заняцца рукапашным боем.

– Да нарматыва майстра спорту доўга рыхтаваліся?

– Ды там цікавая гісторыя атрымалася – я тады ў скла­дзе зборнай інстытута паехаў на спаборніцтва, але не ведаў, што можна нарматыў выканаць. (Усміхаецца) Наадварот, не асабліва разлічваў на поспех: усё ж сабраліся лепшыя байцы рэспублікі – тут толькі б не абняславіцца. Але першы бой выйграў 10:0. У другім было складана, але таксама перамог. Трэці завяршыў, адправіўшы саперніка ў накаўт. І тут да мяне пачало даходзіць, што прайшоў у фінал. Праціўнік трапіўся сур’ёзны – лік ішоў адзін у адзін. Чую, мне балельшчыкі падказваюць: «Давай, даціскай – да перамогі адзін бал застаўся». Я пачакаў, а затым выканаў удар на два балы – перамога. Павіншавалі, уручылі медаль – і тут кажуць, што, аказваецца, я нарматыў майстра выканаў. Уражанні? Спачатку неяк не адчувалася, а калі ўручылі пасведчанне – вельмі прыемна было. 

1.jpg



– А зараз не пра спорт. У інстытут Міністэрства ўнутраных спраў вам таксама брат, як супрацоўнік крымінальнага вышуку, параіў паступіць?

– Гэта маё рашэнне. Андрэй толькі параіў добра падумаць. Я паразважаў: прафесія годная і аплачваемая – і зрабіў выбар. Праўда, з першага разу не паступіў. Я ж ужо казаў, што ўпарты, – не адступіў: за год «пад­цягнуў» патрэбныя прадметы і на наступны год стаў курсантам. Сёлета летам праходзіў практыку ў крымінальным вышуку Астравецкага РАУС – гэта цікавая праца. 

– Вы заўсёды самастойна прымаеце рашэнні ці з некім раіцеся?

– Усё залежыць ад сітуацыі. У чым я абсалютна не разбіраюся, прашу парады ў вопытных лю­дзей. У астатніх выпадках магу прыслухацца да іншых мерка­ванняў, але зраблю па-свойму, хоць, магчыма, і наб’ю чарговую шышку. Лічу, лепш зрабіць і пашкадаваць, чым локці кусаць, што не паспрабаваў.

– Ад чаго залежыць поспех?

– Як сказаў вядомы ўкраінскі баксёр Васіль Ламачэнка, поспех – гэта 1 працэнт таленту і 99 – стараннай працы. І гэта сапраўды так. Пакуль будзеш займацца, не выходзіць са спортзалы, зноў і зноў адшліфоўваць удар, які не атрымоўваецца, падаць, але падымацца – будзе вынік. 


Бліц-апытанне

– Паляванне, рыбалка, аўтамабілі ці дыскаклубы? 

– Танцаваць я, канешне, люблю. (Усміхаецца) Рыбалкай захап­ляўся раней – улоў вёдрамі дадому прыносіў. А вось паляванне – нешта новенькае, чаго б хацелася паспра­баваць. Гэта таксама своеасаблівы і цікавы спорт: дапільнаваць звера, абхітрыць яго, трапіць у жывую мішэнь – па-мойму, гэта сапраўднае мастацтва.

– Адпачынак у мегаполісе ці на прыродзе?

– Больш люблю адпачываць на прыродзе – ціха, спакойна і нікому не перашкаджаеш. 

– Двухтыднёвая паездка ў любую кропку свету на дваіх «усё ўключана» ці ўдзел у грандыёзным спартыўным спаборніцтве.

– Адназначна, спаборніцт­ва. Падарожжа – рэч заман­лівая, але на яго можна сабраць грошай і з’ездзіць пасля. А вось паўдзельнічаць, скажам, у чэм­піянаце свету ці Алімпійс­кіх гульнях – такі шанс выпадае адзін на мільён. Выступіць на алімпіядзе ў спаборніцтвах па боксе – гэта нерэальная мара.

– Бокс ці рукапашны бой?

– Я вельмі люблю і паважаю бокс – гэта неверагодны від спорта. Але цяпер я не змагу вярнуць сабе тую форму, у якой быў у школьныя гады. Рукапашны бой мне падабаецца не менш, таму буду развівацца ў ім далей.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич