Апавяданне "Матчын грэх"

14:22 / 13.09.2018
Палата рыхтавалася да  абходу. Жанчыны пераапраналіся, прычэсваліся. Некаторыя нават лёгкі макіяж накладвалі, каб прывабна выглядаць перад доктарам. 
Валянціна Пятроўна ў гэтай мітусні не ўдзельнічала, ляжала, адвярнуўшыся да сцяны, накрыўшыся коўдрай да самых вачэй. Введала, што будзе далей: павязуць на аперацыю, з якой яна… Не, пра гэта лепш не думаць! Што Бог дасць. Вось толькі Наташка, дачушка… Што будзе з ёю, калі мамы не стане? Забяруць у дзіцячы дом. Валасы густыя і доўгія, абстрыгуць – хто захоча важдацца з дачушчынай касой-красой?

11716615.jpg

Абследаванне ў анколагаў Валянціна Пятроўна адкладвала да канікулаў, каб выправіць малую ў  летнік.  Дзяўчынка  адпачне, сіл набярэцца. А яна тым часам з’ездзіць праверыцца, што там ў яе не так.
Зрэшты, жанчына даўно здагадвалася, што менавіта «не так». Сем гадоў таму памерла ад раку яе маці, Надзея Міронаўна. Нядоўга пражыла пасля аперацыі. І калі ў самой пачаліся нелады па жаночай частцы, Валянціна Пятроўна зразумела: паўтарае матчын лёс…

*** 
Маці пакрыўдзіла прырода, выправіўшы ў свет непрыгожай.  Радня не магла зразумець: чаму? У  сям’і ўсе былі прывабнымі. Бацькі – пара на падбор, стой і любуйся. Два браты – статныя асілкі, старэйшая сястра – мілавідная, фігурыстая. А меншая, Надзейка, таўставатая, прыземістая, з рэдкімі рудаватымі валасамі. Твар псавалі рабацінне, масіўны нос і маленькія вочы. «Вылітая Тэкля», – уздыхалі сваякі ды суседзі. Тэкляй звалася бацькава цётка, старая дзеўка, злая ды сварлівая – у вёсцы яе не любілі.
«Ну чаму я такая страшная?» – часам, паглядаючы ў люстэрка, пыталася Надзя немаведама ў каго. У школе яе дражнілі дзеці, ды і ў сваім двары яна бавілася часцей адна. Зрэшты, пазней адносіны аднакласнікаў пацяплелі. Надзейка вучылася выдатна, упэўнена ішла на залаты медаль, таму сябраваць з ёю  было выгадна: дасць спісаць хатняе заданне, растлумачыць незразумелае граматычнае правіла. А на кантрольных рэшыць свой варыянт і перадасць іншым. Любімыя прадметы – хімія з біялогіяй, тут  Надзейцы не было роўных ні ў школе, ні на раённых алімпіядах. Выбар шляху адбыўся сам сабой –  паступіла ва ўніверсітэт на  хіміка-біялагічны факультэт.
Студэнцкае жыццё віравала, але без яе ўдзелу. На вечарынках Надзя звычайна сядзела незаўважанай. Аднойчы выйшла на агульны хуткі танец, злавіла некалькі пагардлівых позіркаў. Пачула: «Ну і пачвара!» – і кінулася прэч з залы…
Далей была толькі вучоба – вядома, выдатная, на чырвоны дыплом! Надзеі прапанавалі застацца на кафедры, паступаць у аспірантуру –  яна  адмовілася: «Хачу працаваць у сельскай школе». Ну, хочаш – дык едзь, працуй.
Апошні экзамен усёй групай «замочвалі» у хлапечым пакоі інтэрната. Надзя дагэтуль амаль не каштавала спіртнога, а тут – надзвычай смачная, духмяная хатняя налівачка,  садавіна, цукеркі… Яна расслабілася. «А мае аднакурснікі, здаецца, зусім неблагія людзі. Чаму я іх цуралася?» – думала яна, весела смеючыся разам з імі. Здаецца, на яе зацікаўлена паглядвае першы прыгажун курса Ігар? Усе пяць гадоў не заўважаў, а тут… Яна ж сохла па ім з таго дня, як  убачыла ў аўдыторыі…
Надзея не заўважыла, як усе разышліся. Патухла святло. Дужыя рукі Ігара абдымалі яе за плечы,  расшпілілі сукенку і гладзілі пругкія дзявочыя грудзі, гарачы пацалунак перахапіў дыханне. Было горача і балюча… 
Прачнулася яна ад яркіх сонечных промняў, голая, на чужой пасцелі. Побач спаў Ігар. На суседнім ложку таксама ляжала пара. У яе граху-сораму былі сведкі…
Потым усё панеслася, як у калейдаскопе. Уручэнне дыпломаў,  пажаданні дэкана на добры шлях… Надзея не схацела браць адрасы цяпер ўжо былых аднакурснікаў і не засталася на выпускны. Вячэрнім цягніком паехала  дадому. Адпачывала, ад’ядалася, купляла абновы. Бацькі далі грошай – як жа настаўніцы хадзіць на ўрокі ў студэнцкіх уборах? 

Прайшоў месяц, і яна зразумела, што цяжарная. Нікому нічога не сказаўшы, прыспешыла ад’езд на будучае месца працы.
З начальствам ды калегамі Надзеі пашанцавала: прынялі цёпла, уладкавалі на кватэру да добрай, спагадлівай жанчыны. Як маці аднеслася да яе, як бабуля – да народжанай дачушкі. Бацькі ж Надзеі выракліся: зняславіла сям’ю, байстручку нарадзіла… Так і не прыехалі адведаць унучку. Імя малой дала матчына – Валянціна, але  і тым не растапіла лёд іх сэрцаў.

З часам калгас выдзеліў  маладой маці з дачушкай невялікі спраўны дамок.  Гараджанка Надзея аказалася сялянкай  у душы: з ахвотай працавала на зямлі, хутка давяла да ладу агарод, двор і кветнік. Словам, стала маладая настаўніца ў вёсцы сваёй. А як палюбілі яе дзеці! За справядлівыя адзнакі, цікавыя ўрокі, экскурсіі на прыроду, працу на доследным прышкольным участку, які неўзабаве стаў лепшым у раёне…

Валечка тым часам падрастала, не дастаўляючы асаблівых клопатаў. Прастуджвалася часам, не без таго, але названая бабуля  ставіла малой гарчычнікі, паіла чаем з малінай, малаком з мёдам – і дзяўчынка хутка папраўлялася..
Надзея Міронаўна адчувала сябе шчаслівай. Жаданае мацярынства, любімая праца, запоўненае цікавымі справамі жыццё. Што яшчэ трэба? Раманы? Кіньце вы! Настаўніцкі калектыў у школе жаночы толькі дырэктар ды фізрук – мужчыны, абодва добрыя сем’яніны. А па курортах-санаторыях яна не ездзіла – не было патрэбы…

* * * 
  Валя вырасла, скончыла школу, універсітэт, вярнулася ў родную школу выкладаць гісторыю з геаграфіяй. Адна, без пары – гэта вельмі  трывожыла  Надзею Міронаўну. Няхай сабе дачка не пісаная  прыгажуня, усяе красы – густыя каштанавыя валасы, але ж працавітая, акуратыстка,  характар – золата. І жыццёвай мудрасцю Бог не абдзяліў. Нават старэйшыя калегі парады просяць. А  каханага побач няма. Чаму?

– Давай, дачушка, гарбаты пап’ём, – Надзея Міронаўна адарвалася ад тэлевізара і пайшла на кухню, уключыла электрачайнік,  падрыхтавала заварку, дастала з буфета вазачку з пячэннем. Думала, як загаварыць аб патаемным і балючым. Бывала, пачне размову, а Валя  падыдзе, абдыме, у шчаку цмокне, нешта смешнае скажа – і сур’ёзнасць моманту  знікне. А потым зноў доўга не надыходзіць сон…

Надзея Міронаўна спакваля прывучала сябе да думкі, што дачка застанецца бязмужняй. Дык хоць бы дзіцятка нарадзіла!  Памагла б гадаваць, пакуль… Вось пра гэтае «пакуль» нарэшце трэба неяк сказаць…
Пацягнула тонкім водарам заваранай  гарбаты. Валянціна адклала ўбок таўсценную кнігу – няхай вочы адпачнуць. А чаёк мо санлівасць прагоніць.  Ды і любіла яна такія кухонныя пасядзелкі з матуляй. Пра ўсё-усенькае перегавораць, паўспамінаюць… 
Але цяпер нечаму стала  трывожна.

– Як добра было б, каб разам з намі зараз  сядзелі ўнук ці ўнучачка. Я б пірог спякла ці торцік…
– Ой, мама, не пачынай, калі ласка. Не суджана мне, відаць, быць у пары. А несур’ёзных адносін я  не хачу. Толькі сораму набярэшся…
І зноў тэма была закрыта. Паведаміць дачцы, што  на тым тыдні сказаў ёй урач-анколаг у раённай паліклініцы,  Надзея Міронаўна так і  не адважылася.
Надышло лета, у школе распачаўся рамонт. У некаторых кабінетах спатрэбілася памяняць праводку. Дырэктар выклікаў спецыялістаў з раённых электрасетак. З брыгадай манцёраў прыбыў майстар – сімпатычны чарнявы Раман. Надзея Міронаўна пазнала яго – вучыўся тут, хоць і не ў яе класе. Павіталіся. Хлопец расказаў, што пасля службы ў войску скончыў электратэхнікум, паступіў завочна ў інстытут.

– Жанаты?
– Пакуль не, – усміхнуўся. – Нарачоная дыплом абароніць, на працу ўладкуецца, а тады і вяселле згуляем. Ды вы яе ведаеце – Галечка, аднакласніца мая.
Надзея Міронаўна адразу ўспомніла бялявую блакіт­навокую прыгажуню, выдат­ніцу, гонар школы.  «Гожая будзе пара», – падумала. І – вырашыла ўзяць на душу грэх. У наступны прыезд паклікала Рамана ў настаўніцкую і, шчыльна прычыніўшы дзверы, сказала:
– Рома, закруці ты любоў з маёй Валянцінай. Ненадоўга.  Каб толькі зацяжарыла яна…
– Аб чым вы, Надзея Міронаўна? Я Галінку моцна кахаю, не хачу страціць. Яна не даруе мне здрады…
– А ты  не кажы. Адкуль яна даведаецца?
– Не змагу. Мы нічога не ўтойваем адно ад  аднаго. Ды і подласцю гэта будзе з майго боку.
Настаўніца  памаўчала  ў задуменні, а потым прамовіла:
– Рак у мяне, Рома. Нядоўга працягну. Валянціна застанецца зусім адна. Хай было б у яе дзіцятка… Калі здарыцца ў вас з Галінкай разлад, прыбягу, растлумачу ёй усё, на калені ўпаду, каб даравала табе…
Электраправодку, рызеткі і вы­к­лю­чальнікі  ў кабінеце гісто­рыі Ра­ман мяняў сам. Разгаварыліся з Валянцінай, ус­па­міналі школьныя гады, смяяліся.  Вызваўся правесці  яе дадому. На другі дзень напра­сіўся на каву. Валянціна  крыху сумелася: маці паехала ў суседнюю вёску праведаць хворую калегу, магчыма, заначуе ў яе. Няёмка гасцей запрашаць. Ды ладна, Рома ж  амаль аднакласнік...
Да духмянай, цудоўна заваранай кавы Валя дадала каньяку – у шафцы знайшлася пачатая  бутэлька.. Потым пакарміла госця вячэрай – і ён застаўся да раніцы… 
Праз тыдзень электрыкі  скончылі свае справы і з’ехалі. Раман – таксама. А Валянціне нечакана прапанавалі «гарачую»  пуцёўку ў дом адпачынку. Адтуль яна вярнулася адпачыўшая, загарэлая і … цяжарная.
Надзеі Міронаўне зрабілі аперацыю, правялі ўсе неабходныя працэдуры, але праз тры гады здарыўся рэцыдыў. Валянціна засталася адна, з маленькай Наташкай на руках. Зараз дачушцы дзесяць,  адпачывае сабе ў летніку. А яна ляжыць  у «ракавай» палаце і чакае прысуду  ўрачоў. І ведае, які ён будзе … 

*** 
На абходзе  Валянціне сказалі, што аперацыя прызначана на заўтрашнюю раніцу. А сёння трэба адпачываць і – сустракаць гасцей. 
– Якіх гасцей? Я нікога не чакаю.
– Валянціна Ігараўна, да вас прыехалі родзічы, – аб’явіла, зазірнуўшы ў палату, маладзенькая медсястрычка. – Сустракайце.
Дзверы адчыніліся, і ў палату ўвайшла… Галя. За ёю нясмела прасунуўся Раман. У Валянціны перахапіла дыханне, з вачэй пырснулі слёзы. Яна хапала ротам паветра і не магла прамовіць ні слова.  Суседкі, адчуўшы няёмкасць сітуацыі, адна за адной рэціраваліся з палаты.
– Мы даведаліся, што цябе рыхтуюць да аперацыі, і прыехалі падтрымаць, каб не баялася, – Галя першая  аправілася ад збянтэжанасці і загаварыла. – Гасцінцаў хатніх прывезлі. За Наташку не  хвалюйся, яна ў нас. У лагеры моцна пасябравала з нашай Таццянкай, і тая запрасіла  яе ў госці. Рома ўчора прывёз абедзвюх.
Валянціна, хутаючыся ў коўдру, паспрабавала сесці на ложку. Галя кінулася дапамагаць.
– Скажы, ты … ведала?
– Так. Рома перад вяселлем ўсё мне расказаў. Плакаў, прасіў прабачэння. Я была ў разгубленасці, хацела нават заяву з загса забраць. Ды прыехала  Надзея Міронаўна і маліла не рабіць паспешлівых  крокаў. Пагаварылі мы з ёю, паплакалі. Я даравала і ёй, і Раману. Толькі папрасіла мужа па магчымасці не сустракацца з дачкой. І маці твая прасіла аб тым жа. А дачушка наша, Танечка, відаць, адчула родную душу, пацягнулася да яе, палюбіла. Мы з Ромам вырашылі: паправішся, вернешся дадому – тады сустрэнемся і скажам дзяўчынкам, што яны – сёстры.
– А можа, пазней, калі падрастуць?
– Паглядзім. Галоўнае, ты зараз не хвалюйся і не панікуй. Урачы тут добрыя, кваліфікаваныя, зробяць аперацыю – і ты пойдзеш на папраўку. Не сумнявайся нават. Мы яшчэ наведаемся, добра?
Галя нахілілася, асцярожна абняла Валянціну, лёгенька пры­ціснула да сябе, пацалавала. Развітаўшыся, яны з Раманам выйшлі з палаты.
…Валянціна, як і маці, пражыла пасля аперацыі тры гады. Пасля пахавання Раман з Галінай забралі асірацелую Наташку ў сваю сям’ю. «Я адчувала, што ты – мая сястра», – радасна абдымала яе Таццянка.

Таіса СЯМЁНАВА.


Текст: Главный администратор