Верш Ангеліны Тамашэвіч увойдзе ў кнігу

14:17 / 13.07.2018
Верш Ангеліны Тамашэвіч «Шчасце – у згодзе нам жыць» стаў фіналістам рэспубліканскага конкурсу.

Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міра» пры падтрымцы Міні­стэр­ст­ваў адукацыі, інфармацыі і культуры пра­во­дзіць рэспуб­ліканскі паэтычны конкурс сярод школьнікаў «Шчасце – жыць у мірнай краіне».

566771_2.jpeg

Конкурс праводзіцца ў тры этапы. На першым, раённым, яго пераможцамі сталі вучні 9-х класаў Варнянскай школы Ангеліна Тамашэвіч, Анастасія Юцкевіч, Яўген Данусевіч  і Дар’я Антановіч – сямікласніца Гудагайскай СШ. 
Работы пераможцаў удзельнічалі ў абласным этапе конкурсу. І верш Ангеліны Тамашэвіч «Шчасце – у зго­дзе нам жыць» прызнаны адным з лепшых і накіраваны для ўдзелу ў трэцім, рэспубліканскім, этапе конкурсу. 
Па выніках конкурсу будзе выдадзена кніга вершаў «Дзеці – за мір», у якую ўвойдуць лепшыя конкурсныя работы, сярод якіх – і верш Ангеліны. 
Віншуем і жадаем новых перамог!

Шчасце – у згодзе нам жыць


На Зямлі ёсць куточак прыгожы –
Як кляновы лісток, ён ляжыць.
Мірна, ціха прылёг на планеце
І спакойныя сны свае сніць.


Сніць аб шчасці і згодзе ў свеце,
Не жадае нікому бяды.
Тут растуць бесклапотныя дзеці,
Мудры вопыт ім дораць дзяды.


Тут гасцінна заўсёды і ветла
Ўсім, хто з мірам прыходзіць да нас,
«Прыязджайце ў край наш светлы», –
Запрашаем сардэчна ўсіх вас!


Мірна бусел лунае над краем,
Зубр па пушчы адвечнай брыдзе.
А якую мы спадчыну маем:
Сцежка кожная ў замак вядзе!


Сонца мірнае, яснае свеціць,
Рэчка ўдалеч імкліва бяжыць.
У любові гадуюцца дзеці,
Шчасце – у міры і згодзе нам жыць.


Беларуссю завецца Радзіма,
Белай-белай, як бэз або снег.
Ганаруся табою, Айчына,
І люблю ўсім сэрцам навек.

 Альдона СУХАДОЛЬСКАЯ, 
старшыня раённай арганізацыі «Беларускі фонд міра».


Текст: Главный администратор