Танец юнацтва Яны Галінай

16:02 / 03.01.2018
Схапіўшы туфлікі, Ганька выбегла на вуліцу. Лёгкія сняжынкі казыталі ёй твар. Дзяўчынка-дзевяцікласніца спяшалася на першы ў яе жыцці баль.

devushka-vid-bryunetka-sharf-kurtka-beret.jpg



Раней Ганька ніколі не хадзіла на школьныя вечары – саромелася свайго абутку. Ды ў гумовых боціках ці валёнках ці патанцуеш? А тут – туфлікі! Рудыя, на абцасіках, са скураной падэшвай. Іх падарыў ёй тата ў гонар 38-й гадавіны Кастрычніка. 

Віхрам уварвалася дзяўчынка ў класны пакой 9 «В» –  у ім вучыліся дзеці з навакольных сямігодак. Ганька хуценька зняла паліто, валёнкі, шапачку – падарунак сястры-студэнткі – і пераабулася. Дзяўчынка свяцілася ад радасці. Ёй здавалася, што туфлікі, новая цёмна-зялёная сукенка з камсамольскім значком на грудзях упрыгожвалі не толькі яе, але нават тое месца, дзе яна стаяла…

Навагодні баль урачыста адкрыў дырэктар школы – тактоўны, высакародны, у галіфэ і кіцелі з калодкай ваенных узнагарод.
Раптам дзверы расчыніліся – і, упусціўшы ў залу марознае паветра, амаль што ўваліўся духавы аркестр мясцовага дзіцячага дома. У ім ігралі дзеці, бацькі якіх загінулі на вайне.

А потым пад гучныя апладысменты  Дзед Мароз і Снягурка сталі даставаць з мяшка падарункі для настаўнікаў і дзяцей. У асноўным гэта былі кнігі. Ганьцы падарылі кнігу В. Яна «Батый» – ад сяброўкі Веры і аўтаручку – ад дзесяцікласніка.

Заіграў аркестр. Пачаліся танцы. Да Ганькі падышоў незнаёмец і запрасіў на танец.

– Прабачце, я не ўмею, – саромеючыся адказала тая.
– Не страшна. Ідзем, я навучу! – настойліва запрашаў хлопец.
І пачаўся «ўрок»…

– І – раз, два, тры… Раз… – вучыў Коля. І, падбадзёрваючы, дадаваў: – Я таксама не ўмеў – мяне навучылі ў лесатэхнічным. А ў цябе ўжо добра выходзіць!

Другі танец Ганька танцавала з яго сябрам Лёнем. Потым быў трэці, чацвёрты… Эмоцыі перапаўнялі дзяўчынку, ад шчасця і захаплення ў яе замірала дыханне, а сэрца гатова было выскачыць з грудзей… 

Першы школьны баль. Яе дзяцінства саступала месца юнацтву.

Вечар скончыўся. Дзяўчына выйшла са школы,  на ганку яе чакалі Коля і Лёня.

– Мы праводзім цябе, – прапанавалі студэнты.
– Не, – схамянулася Ганька. – Мне страшна.
– Не бойся, дзікарка. Мы ведаем твайго бацьку, – смеючыся адказалі хлопцы – і сапраўды назвалі яго імя.

Толькі пасля гэтага Ганька згадзілася, каб хлопцы яе праводзілі дамоў. Коля і Лёня падвялі дзяўчыну да хаты, дзе яна кватэравала. 
– Заўтра на досвітку мы паедзем да лесніка – твайго бацькі, – сказаў Лёня і, схапіўшы Ганьку, закружыўся з ёй у танцы. 

Раніцай сані імчалі юнакоў і дзяўчыну да яе роднай хаты. 

Наступаў 1956 год…

Яна ГАЛІНА, г.Астравец. 

Текст: Главный администратор