Как «добрые люди» поссорили армянского парня и белорусскую девушку

10:03 / 12.11.2019
«Што людзі скажуць?» – ці задумваліся вы, колькім чалавекам паламалі жыццё гэтыя кароткія, здавалася б, бяскрыўдныя і нават правільныя словы? Колькі людзей адмаўляліся ад мары, ад кахання, ад справы жыцця з-за таго, што хацелі быць «як усе», імкнуліся патрафіць пераменлівай грамадскай думцы?

…Ёсць у мяне калега, аднакурсніца, супрацоўніца адной з газет у суседняй вобласці. Мяне заўсёды здзіўляла яе не зусім звычайнае, армянскае прозвішча на-ян. Не распытвала, адкуль яно, пакуль аднойчы Ніна не падзялілася радасцю: у Маскве знайшліся яе зводныя сёстры-армянкі, запрашаюць у госці. І расказала драматычную гісторыю сваёй сям’і.

Яе бацькі, беларуская дзяўчына і армянскі хлопец, пазнаёміліся на камсамольскай будоўлі ў канцы 50-х. Калі нарадзілася дачка, вырашылі, што трэба неяк абуладкоўваць быт – камсамольская будоўля для сямейнага жыцця была мала падыходзячым месцам, – і прыехалі ў Беларусь, да жончыных бацькоў…

Як сустрэлі ў беларускай вёсцы дзяўчыну, якая вярнулася з «вярбоўкі» з дачкой і мужам-«армяш­кам», – хто памятае тыя часы, можа ўявіць. Прабачце мой непатрыятызм, але мне здаецца, што чуткі пра беларускую талерантнасць і цярпімасць, з якой мы носімся, як з іконай, моцна перабольшаны.

Словам, хлопец не вытрымаў пастаянных насмешак і абраз з-за сваёй небеларускай знешнасці, гаворкі, няўмення хадзіць за плугам і касіць траву – і з’ехаў. Маладая жонка засталася з дзіцем і сваёй крыўдай у вёсцы – ёй захацелася быць «як усе». І галоўнае – «а што ж людзі скажуць?». На лісты мужа не адказвала, дапамогі яго не прымала. Пасля некалькіх пераездаў яны і ўвогуле страціліся ў гэтым свеце.



Ніна знайшла – не, не бацьку, а памяць пра яго і сваіх зводных сясцёр толькі тады, калі з’явіўся інтэрнэт і клятыя многімі – а ёй абагаўляемыя! – сацыяльныя сеткі. Да таго часу яна ўжо пахавала і маму, і мужа, і раздзяліць яе радасць маглі толькі новыя родзічы. Яны расказалі, што бацька, таленавіты журналіст – вось адкуль у Ніны незвычайны для вясковай дзяўчынкі талент і цяга да слова! – усё жыццё шукаў беларускую дачку і дзецям ад другога шлюбу наказваў працягваць пошукі. Ніна пабыла на яго магіле, папрасіла прабачэння – і прабачыла…

А тыя людзі, якія цкавалі некалі маладых закаханых, вядома ж, ні ў каго прабачэння не прасілі: яны ж нічога такога не зрабілі, яны былі «як усе»,  усяго толькі тыя «людзі», якія «кажуць», – пра ўсіх і кожнага, сёння пра аднаго, а заўтра – пра іншага, з нагоды і без яе.  

А слухаць іх ці не, ламаць свой лёс ці жыць уласным жыццём  – асабістая справа кожнага. І вінаватага ў гэтай сітуацыі, акрамя Нініных бацькоў, якія не змаглі насуперак чужым размовам зберагчы сям’ю і каханне, няма… 

Текст: Нина Рыбик