Ситуация в гомельской школе с точки зрения педагогов и журналиста

15:03 / 24.09.2019
На мінулым тыдні адной з найбольш рэзанансных па­дзей у краіне стаў інцыдэнт у адной са школ Гомеля. Нагадаю сутнасць справы: у сеціва трапіў ролік, зняты на ўроку ў чацвёртым класе, калі настаўніца замахваецца партай на вучня і ў нецэнзурнай форме пагражае яму расправай. 

Трэба думаць, што настаўнік вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым стажам не з парога ўхапілася за парту і стала крычаць на вучня – пэўна ж, кульмінацыі канфлікту па­пя­рэднічала нешта, што прапусціў «аператар» скандальнага відэа і што давяло педагога да такога эмацыянальнага стану. Тым не менш, настаўніка звольнілі. Аляк­сандр Лукашэнка, да­ве­даўшыся пра гэта, прака­мен­таваў інцыдэнт  вель­мі эмацыянальна і загадаў адна­віць на рабоце настаўні­цу – а з пасады вызвалілі хуткага на расправу дырэктара школы. 

Але справа не ў тым, каго знялі з работы, а каго – аднавілі. Праблема нашмат больш шырокая. Узаемаадно­сі­ны настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў з кожным годам становяцца ўсё больш вострымі – хоць старонняму гэтага не бачна. Вось і наша спроба атрымаць каментарый спецыяліста па гарачых слядах сустрэла катэгарычную адмову.

– Нам забаранілі выказваць сваё меркаванне па гэтым і іншых пытаннях, – адказала нам настаўніца са шматгадовым стажам, якая папрасіла не называць яе прозвішча.



Дырэктар гімназіі № 1 Алена Севасцьян была больш шчырай і канкрэтнай:

– Настаўнік павінен заставацца інтэлігентам, як бы яго ні правакавалі: трэба памятаць, што гэта – дзеці, а ён – дарослы чалавек і да таго ж – педагог. Але ў гомельскім інцыдэнце мяне, шчыра кажучы, больш хвалююць адносіны грамадства да гэтай сітуацыі, чым яна сама. Вельмі непакоіць, што бацькі ўсё больш трацяць на сваіх дзяцей грошай і ўсё менш – часу. Многія з іх перакладваюць выхаваўчыя функцыі на плечы школы – і пры гэтым усё больш павялічваюць патрабаванні да педагогаў за якасць выхавання сваіх жа дзяцей.

Так, сапраўды, настаўнік у Гомелі павёў сябе непедагагічна. Але нельга не пагадзіцца з прэзідэнтам: павальная гаджэтызацыя нашых школ, якая ўсяляк заахвочваецца бацькамі, набыла небывалыя формы. 

– Так, ёсць урокі, дзе патрэ­бен інтэрнэт і выка­рыстоўваюцца пэўныя ма­більныя дадаткі – такое патрабаванне часу, – гаворыць Алена Севасцьян. – Але гэта 5-10 хвілін на пэўных уроках – да прыкладу, на фізіцы, інфарматыцы. А ў астатні час школьнікі павінны вучыцца! І таму на савеце гімназіі мы прынялі рашэнне, якое ўнесена ў наш статут, аб забароне мабільных тэлефонаў у ходзе адукацыйнага працэсу. Канешне, ніхто ў дзяцей мабільнік не забірае – але настаўнік можа, калі ўзнікне такая неабходнасць, зрабіць вучню заўвагу і запатрабаваць схаваць тэлефон.

Так, запатрабаваць можа. Іншая справа – ці выканае вучань патрабаванне – я маю на ўвазе не гімназію, а нашы школы ўвогуле. Тут і там расказваюць пра канфліктныя сітуацыі, калі вучні не прос­та не слухаюць настаўнікаў – абражаюць іх, пагражаюць, адчуваючы сваю беспакаранасць, ведаючы, што бацькі заўсёды будуць на баку пакрыўджанага дзіцяці. І не стануць разбірацца, ці мелі рацыю іх сынок ці дачушка, бо для іх дастаткова слёз малога і таго, што ён расказаў. А калі яшчэ скаргу на «дрэннага» педагога падмацаваць вырваным з кантэксту падзей кавалачкам знятага з-за вугла ці з-пад парты відэа – тады трымайся, настаўнік!

…Была ў мяне знаёмая, а ў яе – дачка. Пакуль тая хадзіла ў школу, усе калегі і суседзі ведалі, якія ў той школе дрэнныя настаўнікі, повары, тэхнічкі, дырэктар. Складвалася ўражанне, што адзіны прыстойны чалавек на ўсю школу, – гэта яе дачка. І калі здараўся нейкі канфлікт, разгневаная матуля ішла ў школу «на разборкі».  

Потым дзяўчына паступіла ў каледж – і там выкладчыкі былі такімі ж, як і настаўнікі ў школе: некампетэнтнымі, ня­доб­расумленнымі, абыя­ка­­­­вымі (вядома ж, маці выка­рыстоўвала больш вострыя сінонімы гэтых слоў, якія – прыдумайце самі). Пайшла на працу – «дурнымі» сталі начальнікі і калегі. Потым – муж і свякруха дачкі. А аднойчы «дрэннымі» сталі міліцыянеры і следчыя. На гэты раз мамачка не змагла выбавіць дачушку з праблем. 

…У нас у школе настаўнікі таксама былі рознымі: тыя, да каго на ўрокі мы беглі подбегам і сядзелі, як зачараваныя, ловячы кожнае слова, – і тыя, з каго пасміхаліся. Але толькі за іх спінай – сказаць дрэннае слова ў адрас любога старэйшага чалавека ў наш час было недапушчальным. А калі б гэта, крый божа, пачулі бацькі, то выхаванне непедагагічнай, але эфектыўнай дзяжкай было б забяспечана. 

Я не думаю, што чалавек заслу­гоўвае павагі толькі таму, што ён закончыў педагагічны факультэт і атрымаў размеркаванне ў школу. Яму, як і любому іншаму, любоў і павагу людзей, у тым ліку і сваіх маленькіх выхаванцаў, трэба заслужыць. Але нават калі ён гэтай павагі па нейкай прычыне не мае, пакуль ці ўжо, – гэта не азначае, што яго можна абражаць, зневажаць каму б то ні было, і асабліва – яго вучням. 

Гэтак жа, як вучні і іх бацькі, заслугоўваюць калі не павагі – сярод іх таксама розныя «экзэмпляры» сустракаюцца – то, ва ўсякім разе, паважлівых да сябе адносін.

Бо ўсе мы – людзі. І павінны паводзіць сябе па-людску. 

Текст: Нина Рыбик