Знаёмцеся: інтэлектуалы з «Ядзернага вострава»

14:34 / 19.08.2011

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з камандамі – удзельніцамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння ў гасцёўні “Астравецкай праўды” – інтэлектуалы з каманды “Ядзерны востраў”, якая “прыпісана” да дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі.


—Для пачатку – давайце пазнаёмімся. Хто ўваходзіць у склад вашай каманды?
Сяргей Горын:

—Сёння на сустрэчу прыйшла толькі частка каманды – тыя, хто змог. Дазвольце прадставіцца: я, Сяргей Уладзіміравіч Горын, намеснік начальніка рэактарнага цэха, капітан “Ядзернага вострава”. Другі Горын, Уладзімір Дзмітрыевіч, намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу, па сумяшчальніцтву – мой бацька. Свірыда Эдуарда Іванавіча, кіраўніка групы інфармацыйнай работы, прадстаўляць, думаю, вам не трэба. Яшчэ з намі Валерый Вячаслававіч Жолудзеў, начальнік першага аддзела.
Але гэта, як вы разумееце, не поўны склад каманды. У адпачынку знаходзіцца Міхаіл Міхайлавіч Жук, вядучы інжынер кіравання праектам. Не змагла пакінуць “баявы пост” сакратар прыёмнай кіраўніка Марыя Чаславаўна Жолудзева. Па ўважлівай прычыне адсутнічаюць Аляксей Часлававіч Даўляш, інжынер-праграміст і Яўгеній Іванавіч Чарвякоў, начальнік юрыдычнай групы.
—Нешта вы шмат прозвішчаў назвалі – па правілах гульні за сталом можа сядзець не больш шасці ігракоў. А па маіх назіраннях, у вашай камандзе бывае і таго менш.
Сяргей Горын:

—Гэта ўсё з-за спецыфікі нашай работы – хоць гульні і праходзяць пасля заканчэння працоўнага дня, але ў нас ён не заўсёды заканчваецца “па званку”. Часта нехта з асноўнага складу заняты тэрміновай работай ці знаходзіцца ў камандзіроўцы – і таму запрашаем “рэзервістаў”. Такім чынам склад каманды у нас, можна сказаць, “плаваючы” і залежыць ад таго, хто можа ў канкрэтны дзень прыняць удзел у гульні.
—Як фарміравалася ваша каманда?
Сяргей Горын:

—Пасля першай гульні, у якой мы прымалі ўдзел, Міхаіл Міхайлавіч Жук прывёз з Масквы кнігу, дзе дастаткова папулярна, але разам з тым пазнавальна аналізавалася гульня “Што? Дзе? Калі?”, пытанні, прынцыпы фарміравання каманды. Там, дарэчы, прыводзіцца меркаванне, што падбіраць знатакоў па галіноваму прынцыпу – да прыкладу, фізік, філолаг, мастацтвазнаўца, гісторык і г.д. – немэтазгодна. Вузкі спецыяліст мала таго, што дрэнна арыентуецца ў “не сваіх пытаннях”, дык яшчэ і ў роднай сферы можа заглыбіцца ў дзебры і заваліць справу. На думку аўтара кнігі, у камандзе павінны быць эрудыт, аналітык, крытык, цудоўная дама… Ну і капітан, вядома, які ў адказе за ўсё. Не важна, хто яны па спецыяльнасці – галоўнае, каб людзі былі ўвогуле эрудыраваныя. Па вялікаму рахунку ў нас так і атрымліваецца. Калі не лічыць, што ў ролі эрудытаў выступае большасць нашых ігракоў: Горын-старэйшы, Жук, Свірыд....
—“Ядзерны востраў” – самая маладая каманда з усіх удзельнікаў раённага чэмпіянату – я маю на ўвазе ўдзел у падобных турнірах. Усе іншыя ў большасці сваёй “свяціліся” на іх з большым ці меншым поспехам. Як узнікла жаданне прыдачыніцца да інтэлектуальных гульняў? Ці да таго ўжо быў падобны вопыт?
Валерый Жолудзеў:

—Ну, раней удзельнічаць у падобных турнірах, якія, як мы потым даведаліся, праводзіліся ў раёне, мы не маглі па той простай прычыне, што нас яшчэ проста не было ў Астраўцы.
Сяргей Горын:
—Усё пачалося з мінулагодняга каляднага турніру. Прыйшоў Эдуард Іванавіч Свірыд, прапанаваў: а чаму б нам не стварыць каманду і не паўдзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах? А нам, як таму студэнту з анекдота: “Калі здаваць кітайскую мову? Заўтра? Тады лёгка!” Ішлі на калядны турнір, яшчэ дрэнна ўяўляючы, што гэта такое і з чым яго ядуць. Але выступілі, лічым, нядрэнна: сярод астравецкіх каманд занялі трэцяе месца. Спадабалася — як вы любіце гаварыць, “падселі” на інтэлектуальную іголку. Вырашылі прадоўжыць, прыняць удзел у раённым чэмпіянаце. А далей – пайшло-паехала…
Эдуард Свірыд:
—Хоць першы тур раённага чэмпіянату мы ўсё ж вымушаны былі прапусціць – з-за тых жа праблем са складам, пра якія гаварыў Сяргей Уладзіміравіч. Вельмі шкадуем аб гэтым: наша сённяшняе не вельмі высокае становішча ў турнірнай табліцы абумоўлена менавіта тым “тэхнічным паражэннем”, якое мы атрымалі ў першым туры. Цяжка выбірацца з ямы…
Уладзімір Горын:
—А вопыту як такога ні ў каго з нас не было – калі не лічыць завочнага ўдзелу ў разнастайных тэлевізійных перадачах падобнага роду. Але адна справа – ляжаць на канапе з газетай і кубкам кавы і адгадваць “на раз” пытанні, што гучаць з экрана, і зусім іншая – ўдзельнічаць у інтэлектуальных гульнях, так бы мовіць, у рэжыме on-line. Адзіны вопытны ігрок у нашай камандзе — Эдуард Іванавіч, ён ужо прымаў удзел у падобных турнірах.
Эдуард Свірыд:
—Ну, калі можна лічыць вопытам дзве ці тры гульні ў складзе рэдакцыйнай каманды інтэлектуалаў — то канешне…
—Ну што тут скажаш – “пераманіў” ваш “Востраў” у свайго рэдакцыйнага амаль што цёзкі моцнага іграка… Зрэшты, адкуль узялася назва каманды?
Сяргей Горын:

—Падчас рэгістрацыі на калядны турнір тэрмінова спатрэбілася “назвацца”. “Ядзерны востраў” прыйшоў у галаву дастаткова выпадкова – але пры наступным аналізе мы прыйшлі да высновы, што назва ўдалая, з двайным сэнсам. Увогуле ў атамнай энергетыцы ёсць такі спецыяльны тэрмін – “ядзерны востраў”, ён азначае рэактарнае аддзяленне атамнай станцыі з асноўнымі аддзеламі. Акрамя таго, назва прывязвае нас да Астраўца, які ўжо стаў нашым месцам жыхарства, можна сказаць, другой радзімай. Так што назва нам падабаецца, на нашу думку, яна вельмі падыходзіць камандзе. Мяняць яе не збіраемся.
—Ці адчуваеце вы рост каманды за час удзелу ў чэмпіянаце?
Сяргей Горын:
—Безумоўна. Калі раней гульня была спантанная: нехта падаў версію – і потым цэлую хвіліну мы яе абмяркоўваем, пераконваем сябе, якая яна правільная, то цяпер больш адчуваецца камандная гульня: узнікаюць розныя версіі, абмяркоўваюцца, крытыкуюцца, аналізуюцца… Гэта, зрэшты, бачна і па выніках.
Уладзімір Горын:
—Хоць нярэдка здараецца, што мы пераігрываем, ускладняем пытанне. Так было, напрыклад, з пытаннем пра акопы ў снезе: адказ ляжаў на паверхні, а нам падалося, што ён занадта просты, і мы палезлі ў глыбіні: Варкута, вугаль, шахты… Як вынік – адказ няправільны. Тое ж — і з “Жураўлямі” Гамзатава. Крыўдна, калі версія правільная, а адказ – не.
—Ну, такія крыўдныя моманты здараюцца практычна ў кожнай гульні і, наколькі я ведаю, у кожнай каманды…
Сяргей Горын:

—Але радуе, калі бяром даволі складаныя пытанні, асабліва свае, прафесійныя: пра тыя ж паравозы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці рэзервовай крыніцы электразабеспячэння, ці пра шпіёнаў, дзякуючы якім адбываецца большасць адкрыццяў…
—Дарэчы, пра пытанні. Была прапанова, каб на раённым чэмпіянаце кожная каманда-удзельніца па чарзе праводзіла чарговы тур і брала на сябе ўсе арганізацыйныя моманты: журы, “ластавак”, вядзенне, падрыхтоўку пытанняў. Як вы адносіцеся да гэтай прапановы?
Эдуард Свірыд:

—Арганізацыйныя моманты, напэўна, рэч не вельмі складаная. А вось падрыхтоўка пытанняў – іншая справа. Тут існуе некалькі падводных камянёў. Падобнага вопыту, наколькі я ведаю, ні ў каго з удзельнікаў няма. І можа атрымацца так, што пытанні альбо занадта складаныя, заглыбленыя ў спецыфіку прафесійнай прыналежнасці: да прыкладу, у нас – звязаныя з фізікай, у “ЦэРэБрала” – з медыцынай. Альбо наадварот – залішне простыя. Ці “скачанымі” з інтэрнэту. Гэта аўтаматычна робіць туры неадназначнымі.
Мне здаецца, што наша вядучая Ларыса Каханоўская цудоўна спраўляецца са сваёй роляй.. Пытанні цікавыя, арыгінальныя, прыгожыя… Навошта нешта мяняць? Як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць
—Дарэчы, пра інтэрнэт… Усе ўдзельнікі чэмпіянату памятаюць той абласны асінхрон, калі на пытанні адказвалі толькі дзве каманды – вы і “ЦэРэБрал”. Прызнайцеся: ведалі адказы?
Сяргей Горын:

—Ну, лазіў я напярэдадні ў інтэрнэце – і так трапіла, што гэтыя пытанні, адзін у адзін, былі выкладзены на адным з сайтаў. Што мне заставалася – рабіць выгляд, што я гэтага не ведаю? Тут ужо, напэўна, пытанне не да нас, а да арганізатараў турніру.
Эдуард Свірыд:
—Дарэчы сказаць, “свечаныя”, гуляныя раней пытанні, як і вы, напэўна, заўважылі, час ад часу сустракаюцца і ў іншых турах. Ну, можа, не так масава.
Сяргей Горын:
—Я ж хачу сказаць, што ніякага задавальнення і карысці такая гульня не дастаўляе. Каманда зусім не гуляе, сядзіць і глядзіць на мяне: ну, давай, гавары адказ… Нецікава і бескарысна. Куды больш прыемным было для нас другое месца ў 7 туры, якое мы ўзялі ў сумленнай барацьбе.
Валерый Жолудзеў:
—І нашы нязменна лідзіруючыя месцы ў інтэлектуальных размінках – “Сваёй гульні”, Эрудыт-азбуцы” і іншых. На наш погляд, яны найлепш сведчаць пра дастаткова высокі патэнцыял каманды.
—Дарэчы, пра патэнцыял – на думку нашай каманды, ён у вас і сапраўды высокі. А вось гульня ў чэмпіянаце – вельмі няроўная: то першае-другое месца, то шостае-сёмае… З чым гэта звязана?
Сяргей Горын:

—Я ўжо казаў, што нам даволі цяжка сабраць на гульню аптымальны склад каманды – вельмі часта адсутнічаюць моцныя ігракі. А навічкі не тое што слабейшыя – яны проста не ўліліся ў каманду, не адчулі яе дух – для гэтага таксама патрэбен час.
Але нічога – у чэмпіянаце мы, магчыма, і не ўвойдзем у лік пераможцаў, але на калядны турнір пастараемся сабраць аптымальны склад і прадэманстраваць усё, на што здольны.
—Ну што ж — таго вам і жадаем!


З “Ядзерным востравам” знаёмілася Ніна РЫБІК.