“ЦэРэБрал” – на вышыні

16:03 / 01.06.2011
Каманда інтэлектуалаў з цэнтральнай раённай бальніцы “ЦэРэБрал” у мінулую нядзелю даказала, што яна не толькі лідар раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, але і на фоне лепшых каманд вобласці выглядае вельмі дастойна.

Тыя з нашых чытачоў, хто сочыць за спаборніцтвамі інтэлектуалаў, ведаюць, што дзесяць астравецкіх каманд былі ўдзельнікамі абласнога завочнага асінхроннага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?” Найбольш удала на працягу трох тураў у ім выступаў “ЦэРэБрал”. І гэтая каманда была адзінай з нашага раёна, якая прыняла запрашэнне паўдзельнічаць у абласным турніры, які праходзіў у Ваўкавыску і дзе ў тым ліку  падводзіліся вынікі асінхрону.
У гэты дзень “ЦэРэБрал пераўзышоў сам сябе. Медыкі сталі першымі ў гульні “Медыя-азбука”, якую лічаць не “сваім каньком”, і другімі – у “Сваёй гульні”. Крыху горш згулялі ў “Што? Дзе? Калі?”, але па суме трох гульняў занялі трэцяе месца, прапусціўшы наперад толькі дзве ваўкавыскія каманды – цудоўны вынік для навічкоў.
Што ж тычыцца абласнога асінхроннага чэмпіянату, то і тут нашы інтэлектуальныя медыкі – на вышыні: па суме трох тураў яны занялі выніковае другое месца.
“Ядзерны востраў” – на пятым, “Востраў шанцавання – на восьмым, “Magnum ignotum” – на адзінаццатым.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.