Інтэлектуальныя гульні. Вынікі шостага тура

15:44 / 01.06.2011

У шостым туры раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, які прайшоў 23 мая, упершыню перамогу атрымала каманда дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі “Ядзерны востраў”.


Хоць увогуле пасля заканчэння гульні ў паветры  відавочна запахла скандалам. Бо яшчэ падчас гульні было бачна, што дзве каманды – “Ядзерны востраў” і ЦэРэБрал” ідуць амаль ачко ў ачко і са значным адрывам ад усіх астатніх каманд – пры прыкладна аднолькавым узроўні ігракоў гэта не магло не выклікаць суненняў: ці не “свечаныя” пытанні? Літаральна праз паўгадзіны пасля заканчэння гульні яны пацвердзіліся: на адным з агульнадаступных сайтаў у інтэрнэце былі знойдзены заяўленыя на гульню пытанні – зразумела, з адказамі на іх.
У гэтай сітуацыі абвінаваціць можна толькі аднаго чалавека: нібыта аўтара нібыта эксклюзіўных пытанняў Леаніда Клімовіча, паводзіны якога, мякка кажучы, не вельмі прыстойныя. Вядучая гульні на астравецкай і ашмянскай пляцоўках журналіст Ларыса Каханоўская была шакіравана, калі даведалася пра гэта – але яна ў любым выпадку паўплываць на сітуацыю не магла, таму што на розных пляцоўках вобласці павінны былі гуляцца адны і тыя ж пытанні. Але яна паабяцала, што ў нашым унутраным чэмпіянаце падобных “свечак” не будзе.
Ну і тым больш нельга абвінавачваць каманды-лідары. Па-першае, факт, што пытанні былі засвечаны ў інтэрнэце, яшчэ не з’яўляецца пацвярджэннем таго, што гэтыя каманды з імі знаёмы. Па-другое, інтэрнэт – крыніца адкрытая, і ніхто нікому не забараняе ім карыстацца – наадварот, можна параіць гэта рабіць хоць бы дзеля трэніровак. А ўвогуле ў дадзенай сітуацыі пераможцам можна толькі паспачуваць: мала таго, што задавальнення ад гульні не атрымалі, дык яшчэ і ў перамогі гэтай – даволі горкі прысмак.
Што тычыцца непасрэдна гульні, то пачалася яна па традыцыі з размінкі, у ролі якой на гэты раз выступіла незнаёмая большасці гульня “Пяць на пяць”, якая, зрэшты, нічым асабліва ад іншых сваіх “сабратоў” не адрознівалася. У ёй найлепшы вынік – 23 правільныя адказы з 25 магчымых – паказаў “Ядзерны востраў” (мне здаецца, што гэтая перамога парадавала ядзершчыкаў нашмат больш, чым наступная ў “Што? Дзе? Калі?”). 22 правільныя адказы на рахунку ў гімназічнай “Astrы”, 21 – у ”Нікі” з падатковай інспекцыі. Па 20 ачкоў запісалі на свой рахунак “Magnum ignotum” з райвыканкама, які ў гэты дзень выступаў без свайго капітана В.З. Свілы, рэдакцыйны “Востраў шанцавання” і ветэранская “Надзея”, якая значна падрасла ў апошні час і ад гульні да гульні набірае абароты, што не можа не радаваць.
Вынікі гульні шасці тураў чэмпіянату відаць з табліцы. Аналізуючы пытанні, трэба сказаць, што “непад’ёмнымі” для ўсіх каманд аказаліся два: пра першага пакарыцеля Эверэста і пра “Марсельезу”. Самым лёгкім – на яго не адказалі толькі дзве каманды – пра П’ера Кюры.
Гульні “асінхронкі” закончыліся, і цяпер раённыя інтэлектуалы будуць гуляць толькі свой унутраны чэмпіянат. Наступны тур якога адбудзецца, як і звычайна, у трэці панядзелак чэрвеня.
Да новых сустрэч на інтэлектуальным рынгу!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.