Репортёр выходит в свет: чем занимаются наши земляки летом

15:44 / 10.07.2012

Лета – той час, калі можна набрацца новых сіл і атрымаць добры зарад энергіі на ўвесь год. Напачатку яно не песціла нас добрым надвор’ем, але сіноптыкі абяцаюць, што наперадзе – самыя гарачыя дні.


Чым займаюцца нашы землякі, ці маюць час на адпачынак – пацікавіўся наш карэспандэнт.



Алена Эдвардаўна Сідарава, жыхарка в. Александрыя:


– Для мяне гэтае лета праходзіць у напружанай працы. Трэба дапамагаць бацькам па гаспадарцы: сенаваць, даіць кароў, палоць грады, прыбіраць у хаце. Іншы раз саджуся за бацькаў трактар МТЗ-80 – нарыхтоўваем кармы для жывёлы на зіму. Часу на адпачынак практычна няма – будзем адпачываць зімою. Восенню збіраюся паехаць да сваёй сястры ў Віцебск, паспрабую ўладкавацца там на работу па спецыяльнасці – швачкай.



Маргарыта Паршутовіч, вучаніца Гудагайскай сярэдняй школы:


– Мінулым летам я адпачывала ў “Ластаўцы”, а ў гэтым годзе праводжу летнія канікулы дома ў Дравяніках: дапамагаю маме па гаспадарцы, палю грады. Таксама хаджу ў лес, збіраю суніцы і чарніцы, каб зарабіць сабе на “мабільнік”.



Зінаіда Іванаўна Балтунова, на пенсіі:


– Лета, як і звычайна, праводжу на агародзе, даглядаю жывёлу, кармлю курэй. Цяпер у нас гасціць унучка Аляксандра, якая прыехала на канікулы з Мінска. Яна дапамагае мне рабіць рамонт у хаце. У вольны час разам ходзім на рэчку, часта ездзім у Смаргонь і Солы за пакупкамі. Лета праводзім рознабакова і цікава.



Вераніка Віктараўна Мацкевіч, аператар паштовай сувязі:


– Я свой водпуск ужо адгуляла ў маі, пагэтаму лета праводжу на рабоце. Клопатаў хапае, затое вольны час і выхадныя дні стараюся праводзіць як мага больш цікава. Люблю сустракацца з сябрамі, адпачываць на прыродзе. Мы ездзім купацца і загараць на Янаўскае вадасховішча. Ужо некалькі разоў пабывалі на Нарачы – там вельмі прыгожыя мясціны. Атрымалі масу станоўчых уражанняў.



Гінтарас Пацойць, жыхар в. Альхоўка, Андрэй Ромаш, жыхар в. Міхалішкі:


– Мы атрымліваем асалоду ад летняга адпачынку. Усё, канешне, залежыць ад надвор’я. У цёплыя сонечныя дні ходзім загараць і купацца на рэчку ў Альхоўцы, а ў Міхалішках на стадыёне гуляем у футбол і баскетбол, “вісім” на турніках. Вечарамі “тусуемся” з сябрамі.


А цяпер праходзім медыцынскую камісію, каб рэшту лета папрацаваць на Альхоўскай кардоннай фабрыцы.


Гутарыў Іван Петрык.