Репортёр выходит в свет: гордимся своими земляками

10:02 / 05.07.2012
8

Нядаўна абнавілася раённая Дошка гонару, на якой размешчаны фатаграфіі лепшых людзей горада і раёна. Наш карэспандэнт пагутарыў з некаторымі жыхарамі Астравеччыны і запісаў некаторыя іх водгукі на гэты конт.


Юлія Канстанцінаўна Скрыпнік, кантралёр энергазбыту:
– Толькі сёння заўважыла абноўленую Дошку гонару і спынілася, каб паглядзець, чые фатаграфіі тут размешчаны. Убачыла партрэты добра знаёмых людзей, да якіх неаднаразова звярталася па сваёй рабоце і аб якіх склаліся самыя лепшыя ўражанні.
Напрыклад, Р.М. Доўгі мне запомніўся як ветлівы, уважлівы і прыемны кіраўнік лясгаса. Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч – вельмі чулая, добразычлівая, спагадлівая жанчына, якая ўмее выслухаць чалавека і дапамагчы вырашыць яго праблему.
Парадавала, што сярод перадавікоў знаходзіцца партрэт ксяндза-пробашча Гервяцкай парафіі Леаніда Несцюка. Гэта святар ад Бога, абаяльны чалавек і добры дарадца для людзей любога ўзросту.


Ніна Зянонаўна Овен, старшыня прафкама ДРБУ-159:
– Наш грэйдарыст М.С. Базюк невыпадкова занесены на раённую Дошку гонару. У першую чаргу – як высокакласны спецыяліст, якому давяраюць самыя складаныя ўчасткі работы, бо ў сваёй справе яму пакуль няма раўных. А да таго ж ён з’яўляецца і сем’янінам прыкладным, і гаспадаром руплівым. Такім супрацоўнікам, як Мечыслаў Станіслававіч, можна ганарыцца.


Віталій Сяргеевіч Шарэйка, інжынер па ахове лесу:
– Мы ганарымся, што партрэт нашага дырэктара Р.М. Доўгага занесены на раённую Дошку гонару.
Рыгор Мечыслававіч валодае рэдкімі якасцямі ўважлівага, памяркоўнага, справядлівага кіраўніка, які ўмее знаходзіць паразуменне з людзьмі, прымаць правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях і заўсёды адстойвае інтарэсы свайго калектыву.


Святлана Барысаўна Ялоўская, загадчыца аддзела маркетынгу ЦБС:
– У нашай бібліятэчнай сістэме працуе малады, энергічны і таленавіты кіраўнік Н.У. Ачарэтава, якая стараецца не толькі рэгулярна папаўняць навінкамі бібліятэчны фонд, але і клапоціцца аб творчым мікраклімаце ў калектыве. І гэта добра ў яе  атрымліваецца. На грамадскіх пачатках Наталля Уладзіміраўна праводзіць экскурсіі з гасцямі, афіцыйнымі асобамі і турыстамі, якія зачасцілі ў наш горад.
У вольны час Наталля Уладзіміраўна любіць займацца кветкаводствам, ландшафтным дызайнам, бісерапляценнем. Дарэчы, у яе цудоўны, мілагучны голас – у свой час яна закончыла музычную школу. Акрамя ўсяго, яна клапатлівая мама – выхоўвае дваіх дзяцей.
Мы вельмі ганарымся, што партрэт нашага дырэктара занесены на раённую Дошку гонару.


Аксана Іванаўна Хадкевіч, намеснік дырэктара Варонскай БШ:
– Я нядаўна даведалася, што партрэт нашай настаўніцы Л.А. Гродзь занесены на раённую Дошку гонару. Думаю, маё меркаванне падтрымаюць усе настаўнікі нашай школы. Людміла Аляксандраўна заслугоўвае такой узнагароды як творчы педагог, які прымае актыўны ўдзел ва ўсіх абласных і раённых конкурсах, канферэнцыях, аглядах. Яе выхаванцы неаднаразова станавіліся іх пераможцамі.
Паказальным было выступленне нашых вучняў і ў конкурсе “Галасы гісторыі”, да якога вучняў рыхтавала Людміла Аляксандраўна. У паўфінале яны занялі першае месца, а ў выніку – трэцяе месца.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.