Дружна ў суботу выйдзем на работу

10:06 / 21.04.2012

Суботнікі засталіся нам у спадчыну ад савецкіх часоў. Па добрай традыцыі штогод у першай палове красавіка ў акцыі па навядзенні парадку прымаюць удзел усе – ад школьнікаў, да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў.
Як адносяцца людзі да добраахвотнай працы на карысць грамадства і дзяржавы, высвятляў наш карэспандэнт.


Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, начальнік аддзела культуры:


– У сувязі са спецыфікай нашай работы мы не чакалі суботы, а на бягучым тыдні “падабралі” цёплае надвор’е і свае звыклыя абавязкі змянілі на граблі, лапаты і венікі. Усе работнікі аддзела культуры выйшлі на вуліцу, каб навесці парадак на замацаванай за намі тэрыторыі.
А ў суботу, у гонар дня дабрачыннай працы, нашы артысты будуць выязджаць на раён з канцэртамі мастацкай самадзейнасці. Акрамя таго, будзе праводзіцца ў Астраўцы гульня пад назвай “Горад 2012” якая скончыцца толькі ў 4 гадзіны раніцы масавай дыскатэкай.

Войцех Рамуальдавіч Лукашэвіч, ляснічы Спондаўскага лясніцтва:


– У гэтым годзе суботнік праводзіцца падчас Тыдня лесу, які прысвечаны юбілею з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Я. Коласа і Я. Купалы. Усе нашы работнікі, а таксама вучні Спондаўскай школы прымуць удзел у пасадцы лесу. Пасадзіць яго плануецца плошчай у 5 гектараў. Дзеці ахвотна дапамагаюць нам ва ўсіх дабрачынных акцыях і мерапрыемствах. У гэтым я бачу і карысць, і выхаваўчы аспект.

Наталля Фадзееўна Несцерава, майстар па азеляненні РУП ЖКХ:


– У дзень суботніка ўсе работнікі жыллёва-камунальнай службы будуць працаваць па навядзенні парадку на вуліцах горада, у скверах і ў лесапаркавай зоне. Пасля зімы засталося шмат смецця, якое трэба сабраць і вывезці. Але суботнік – не адзіны дзень у горадзе, прызначаны для ўборкі тэрыторыі, ён прывучае людзей па-іншаму адносіцца да чысціні і парадку, якія заўсёды павінны панаваць на вуліцах горада, у скверах і ў дварах. Прыемна паглядзець, як мяняе выгляд горад, дзе прыбраная і добраўпарадкаваная тэрыторыя.

Ганна Іванаўна Мацкела, інжынер па нарміраванні працы РУП “Белпошта”:


– Перад работнікамі сувязі будзе пастаўлена канкрэтная задача, чым займацца ў дзень суботніка. Некаторыя застануцца наводзіць парадак на прылягаючай тэрыторыі і ў памяшканнях, іншыя паедуць у Варняны, каб дапамагчы ўстанавіць агароджу ля аддзялення сувязі, разбіць клумбы, азеляніць тэрыторыю.
Заробленыя сродкі ў дзень дабрачыннай працы будуць пералічаны ў фонд суботніка.

Ганна Яўгеньеўна Шлыковіч, выхавальніца садка в. Палушы:


– Я лічу, што суботнікі неабходныя і карысныя. Яны заахвочваюць людзей наводзіць чысціню і парадак вакол, упрыгожваюць свой дом, свой двор, сваю вёску.
Работнікі нашага садка ў дзень дабрачыннай працы будуць прыбіраць тэрыторыю вакол свайго будынка, ускопваць клумбы пад кветкі, мыць вокны ў памяшканнях. Бо чысціня і парадак, як вядома, залог здароўя нашых дзетак.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.