Адкуль вы чэрпаеце інфармацыю?

09:25 / 11.04.2012





Хто калі мог гадоў дзесяць-пятнаццаць таму падумаць, што мабільныя тэлефоны стануць не проста “званілкамі”, а невычэрпнай крыніцай інфармацыі, зносін і гульняў? Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што сотавы тэлефон стаў сімвалам новай мабільнай субкультуры. Менавіта новы сродак інфармацыі, а таксама інтэрнэт, тэлебачанне і газеты вызначалі рэспандэнты пры адказе на пытанне нашага карэспандэнта “Адкуль вы атрымліваеце інфармацыю?”


Надзея Паўлаўна Шарэйка, кіраўнік ансамбля “Скарбніца”:
–Чалавек сёння вельмі заняты, каб траціць час і спецыяльна хадзіць і шукаць інфармацыю. Я выпісваю “Астравецкую праўду”, на старонках якой асвятляюцца тыя падзеі, якія адбываюцца ў нашым раёне. Чытаю “Беларускі час”. Больш падрабязную інфармацыю пра падзеі ў свеце атрымліваю з тэлебачання. Іншы раз нават не хапае часу, каб паглядзець навіны дня. У такім выпадку стараюся не прапускаць “Контуры”, у якіх падводзяцца вынікі ўсіх падзей за мінулы тыдзень.

Алена Іванаўна Юркойць, жыхарка Варнян:
– Патрэбную сабе інфармацыю чэрпаю з розных крыніц. Тыя веды, якія неабходны непасрэдна для працы, атрымліваю з “Настаўніцкай газеты” і часопіса “Праблемы выкладання”.
За навінамі, якія адбываюцца ў краіне і ў свеце, сачу па тэлебачанню, чытаю газеты. Рэгулярна карыстаюся інтэрнэтам. Там можна знайсці ўсё, што душы заўгодна.
Інтэрнэт з’яўляецца найлепшым месцам, каб дзяліцца інфармацыяй і сваімі напрацоўкамі.

Аляксей Аляксандравіч Вайцяховіч, студэнт Гродзенскага медкаледжа (без фота):
– Галоўнай крыніцай інфармацыі для мяне з’яўляецца інтэрнэт. Там можна знайсці звесткі аб усім, што хвалюе і што адбываецца ў свеце, а таксама скачаць музыку альбо паглядзець он-лайн новыя фільмы.
Люблю чытаць “Вячэрні Гродна”, а калі прыязджаю на пабыўку дамоў, абавязкова звяртаюся да “Астравецкай праўды”, каб быць у курсе падзей у сваім раёне.

Аксана Францаўна Юркойць, настаўнік гісторыі Варнянскага НПК:
– Лічу, што для моладзі, як і для ўсіх неабыякавых людзей, каб лепш ведаць гісторыю і культуру сваёй радзімы, патрэбна кніга. Пераканана, што яна па-ранейшаму застаецца і лепшым падарункам. Кніга прыцягвае да сябе тым, што на яе старонках можна ўбачыць прыгажосць беларускіх краявідаў і таямнічасць нашай гісторыі. Як у свой час тэатр вытрымаў наступ тэлебачання, так і кнігі будуць існаваць заўсёды. Чалавеку ўсё ж хочацца і жывога слова.
Нельга ігнараваць і такі від інфармацыі, як народны “канал камунікацыі” – тыя самыя чуткі ды плёткі. Ён зрабіўся нават больш уплывовым, чым тэлевізар ці інтэрнэт. Гэта менавіта ён даносіць звесткі, што долар хутка “падскочыць” і што трэба хутчэй бегчы ў краму набываць соль, цукар і іншыя тавары народнага попыту…

Аляксей Сухадольскі, вучань Варонскай школы:
– Сярод моладзі існуе прыказка: “Когда нам вырубают интернет – несчастней нас, пожалуй, в мире нет…” І сапраўды, інтэрнэт зацягвае. Хочацца пагуляць у стралялкі, скачаць музычныя навіны і крутыя фільмы, выйсці “ў кантакт” з сябрамі, каб даведацца, што новага адбылося ў іх школьным жыцці.
Навіны, што адбываюцца ў свеце, я гляджу па тэлевізару. Люблю ўключаць каналы НТБ “Беларусь”, РТР, “Паляўніцтва і рыбалка”, Энімал-планет, Discоvery. Таксама чытаю газеты “СБ”, “Астравецкую праўду», часопісы “Вясёлка”, “Чараўніца”, “Нязнайка”, “Для ўсёй сям’і”, якія выпісвае наша сям’я.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.