Як астраўчане рыхтуюцца да Пасхі?

16:10 / 31.03.2012

Вось ужо і Вербная нядзеля надышла. Падрыхтаваўшы сябе духоўна за дні Вялікага посту, на перадвелікодным тыдні хрысціяне пачынаюць рыхтавацца да правядзення святочных дзён. У Чысты чацвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую суботу пякуць пірагі, гатуюць мноства розных страў, фарбуюць і распісваюць узорамі яйкі. А ўвогуле ўбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння “пасху” і ідуць у храм на богаслужэнне.
Як рыхтуюцца да Пасхі нашы землякі, высвятляў на гэтым тыдні карэспандэнт “Астравецкай праўды”.


Станіслава Вікенцьеўна Стафановіч, 83 гады:
– У маёй маладосці да Пасхі рыхтавацца пачыналі загадзя, яшчэ ў перыяд Вялікага ці Велікоднага посту. Увесь тыдзень мылі сталы, лавы, вокны, дзверы. Бялілі печ, вычышчалі падлогу, вытрасалі сеннікі, перамывалі хатняе начынне, посуд.
Напярэдадні Пасхі гатавалі яду, фарбавалі яйкі. Пасля заканчэння ўсяночнай і асвячэння прынесеных страў, спяшаліся хутчэй дамоў. Згодна з народным павер’ем, хто раней пачне разгаўляцца, таму будзе ў гэтым годзе ўдача і добрае здароўе.

Валянціна Фёдараўна Дарашкевіч з унучкай:
– Наша сям’я праваслаўная і Светлае Хрыстова Уваскрэсенне з’яўляецца для нас найважнейшай урачыстасцю ў шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. Да гэтага дня мы сур’ёзна рыхтуемся: строга захоўваем пост, ходзім у царкву на ўсе службы. Дома не ўключаем забаўляльных перадач па тэлевізару, слухаем толькі духоўную музыку.
У суботу, напярэдадні свята, збіраемся ўсёй сям’ёй пайсці на пасхальнае набажэнства ўночы. А раніцай разгавецца да мяне прыйдуць абодва сыны, дачка і ўнукі.

Сяргей Змітровіч, студэнт Мінскага політэхнічнага каледжа:
– Каб падрыхтаваць сябе да свята духоўна, стараюся ў час посту ўстрымлівацца ад забаў, не слухаю гучную музыку. Пры магчымасці хаджу ў Мінску на службу ў царкву, а на выхадныя прыязджаю паслугоўваць у Астравецкую царкву. У час посту таксама трэба абавязкова прыступіць да споведзі і прычасціцца, каб з чыстым сэрцам сустракаць найвялікшае свята Вялікдзень. На Пасху мы будзем дарыць адзін аднаму фарбаваныя яйкі, як сімвал несмяротнасці жыцця і крыжовых пакут Хрыста дзеля нашага ўратавання, і скажам пранікнёныя словы: “Хрыстос Уваскрэс! – Сапраўды Уваскрэс!”.

Гелена Іпалітаўна Субаткевіч, пенсіянерка:
– Наша пакаленне і цяпер захоўвае народныя традыцыі і строга прытрымліваецца посту, каб шчырай малітвай, споведдзю і прыняццем Камуніі ачысціць сваю душу ад дрэннага перад галоўным хрысціянскім святам, якому надаецца асаблівы сэнс, як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю.
Рыхтуючыся да Пасхі, наведваю касцёл імя Космы і Дам’яна, удзельнічаю ў богаслужэнні. А дома без малітвы не кладуся спаць і не ўстаю.
Разгаўляцца на Пасху буду ў свайго пляменніка Івана. Раней мы да яго хадзілі з сястрой, але яе ўжо няма сярод нас.

Вольга Анімуцкая, вучаніца СШ №1:
– Я яшчэ толькі рыхтуюся да Першай Камуніі і вывучаю катэхізіс. Але аб свяце ўваскрэсення ўкрыжаванага Ісуса Хрыста, якое стала галоўным хрысціянскім святам, добра ведаю.
На Вялікдзень мы ўсёй сям’ёй збіраемся паехаць да бабулі ў Гіры. Там мне падабаецца, урачыстае снеданне пачынаецца з малітвы і чырвонага асвячонага яйка, пасля якога можна наядацца да адвалу.
А потым мы з сябрамі будзем на вуліцы гуляць у “біткі”.


Гутарыў Іван Петрык.