А вы что думаете: какие праздники и мероприятия выделяют Островчетчину на фоне других районов?

17:03 / 23.07.2017

Візітная картка Віцебска – «Славянскі базар». Гродна раз у два гады на сваіх старажытных вуліцах збірае прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей на фестываль нацыянальных культур, а нашы суседзі, смаргонцы, бавяць час за свецкімі размовамі і вытанчанымі танцамі на балях у сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага.

У гараджан і гасцей райцэнтра мы пацікавіліся, якія мерапрыемствы і святы вылучаюць Астравеччыну з іншых раёнаў і робяць яе асаблівай?

Эдзіта Масейка, педагог-псіхолаг Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання, і Сяргей Рэдзін, электраманцёр:

repmas.jpgЭдзіта:

– Гервяцкі касцёл Святой Тройцы лічыцца візітнай карткай Астравеччыны, звесткі аб ім можна адшукаць у многіх даведніках, на сайтах пра падарожжы і прыгожыя мясціны Беларусі. Не менш знакамітымі сталі і канцэрты арганнай і вакальнай музыкі, якія праходзяць у касцёле і настолькі палюбіліся слухачам, што сталі традыцыйнымі. Спадзяюся, што восенню гэты касцёл ізноў пакліча аматараў класікі. Цыкл канцэртаў і творчых вечарын «Сустрэчы ў Рым­дзюнах», якія праходзяць па ініцыятыве тэлевядучага Дзмітрыя Карася, таксама заслугоўваюць увагі.

Сяргей:

– У Астравец пераехаў два гады назад з Расіі. Лічу, што вашаму гораду не хапае мерапрыемстваў, якія адрознівалі б яго ад іншых беларускіх гарадоў.

repverb.jpgГанна Вярбовіч, абітурыентка:

– Нядаўна прайшло раённае свята «Дзень Берагіні», магчыма, з цягам часу яно стане традыцыйным – пакажа час. На Астравеччыне спакон вякоў у згодзе і павазе пражываюць беларусы, літоўцы, палякі, украінцы. Мне здаецца на гэтым можна і трэба  зрабіць акцэнт і прыдумаць такое свята, якое аб’яднала б людзей розных узростаў – каб было цікава і моладзі, і бабулькам.

repjan.jpgЖанна Волк-Леановіч:

– Я лічу, што самае брэндавае мерапрыемства ў нашым раёне – інтэлектуальныя гульні. Ужо шмат гадоў дарослыя людзі кожны месяц збіраюцца, каб паспаборнічаць у ведах і інтэлекце – а затым яшчэ некалькі дзён абмяркоўваюць вынікі гульні. Наколькі я ведаю, такія рэгулярныя гульні праходзяць толькі ў нас – чым не брэнд? А наш штогадовы Калядны турнір, на які заўсёды прыязджаюць госці з Мінска – гэта ж сапраўднае свята, якога чакаюць. Неяк яшчэ праводзіўся Калядны інтэлектуальны баль – таксама цудоўнае мерапрыемства, на жаль, яна не стала традыцыйным. А цяпер вось плануецца інтэлектуальны турзлёт – таксам нешта новенькае і, думаю, цікавае. Для тых, каму цікава думаць, а не проста бегаць-скакаць-танцаваць – лепшага не прыдумаеш.

Алена, жыхарка Палушаў (без фота):

– Нам пашанцавала, што на Астравеччыне ёсць кармеліты босыя. Яны ўвялі ў набажэнствы беларускую мову, шмат займаюцца з моладдзю. Гудагайскі касцёл лічыцца санктуарыем – гэта значыць асабліва намоленым месцам. Усяго ёсць сем храмаў з такім статусам на Гродзеншчыне, у іх ліку і наш. А пра атмасферу гудагайскіх фэстаў і гаварыць не буду, бо словамі не перадаць. Нездарма столькі пілігрымаў пешшу, на веласіпедах, машынах, прыходзяць і прыязджаюць  у мястэчка.

repkarv.jpgНаталля Карвэцкая, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– Складанае пытанне, трэба падумаць. (Задумваецца). Адразу ўспомніліся «Дажынкі» – але ж гэтае свята працаўнікоў вёскі праходзіць ва ўсіх вёсках і аграгарадках краіны.

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

Текст: