А вы что думаете: нужно ли заниматься подсобным хозяйством?

13:12 / 16.07.2017

У апошні час нават вяскоўцы адмаўляюцца ад падсобнай гаспадаркі. Раней ледзьве не ў кожнай хаце трымалі карову – зараз вясковы статак складаецца з некалькіх галоў. А нашы продкі былі ўпэўнены, што карова – карміліца, яна пракорміць і сябе, і сям’ю.

У астраўчан і гасцей горада мы пацікавіліся: ці варта, на іх думку, сёння трымаць падсобную гаспадарку і садзіць агарод?

vit.jpgГенуэфа Віткоўская, жыхарка Астраўца:

– Не  разумею тых вяскоўцаў, якія не садзяць агарод і не трымаюць жывёлу. Трэба працаваць, не ленавацца – і тады ўсё будзеш мець. Сёння – гэта не даўней, усё можна набыць у магазіне, абы былі грошы. Але куплёнае малако нават паху не мае! Сваё ёсць сваё: натуральнае, ведаеш, чым тую ж свінку карміў ці чым угнойваў бульбу.

У магазіне часам купляю мясныя рулеты, каўбасы – але сама іх не ем, лепш скрылік сала свойскага на чорны хлеб пакладу і з апетытам з’ем.

Жыву ў Астраўцы ў прыватным доме. Саджу агарод на прысядзібным участку і на дачы. Трымаю свінняў, курэй. Не так даўно яшчэ і кароўка была, але сілы зараз ужо не маю, каб яе трымаць.

Людміла Пілецкая, кухонны работнік СШ №1 г. Астраўца (без фота):

– Гараджанам, якія жывуць у кватэрах, няма сэнсу трымаць падсобную гаспадарку. Але, калі ёсць дача, то можна і трэба пасадзіць гародніну: той жа агурок, зеляніна ці цыбуля заўсёды спатрэбяцца і капейчыну зберагуць.

А на вёсцы грэх не трымаць гаспадарку і не садзіць агарод.

 shavel.jpgВалерый Шавель, тэхнік:

– З сям’ёй і бацькамі жыву ў прыватным сектары. Маем агарод. Цёшчы, якая жыве ў Філіпанах, стараюся дапамагаць па меры магчымасцей і вольнага часу.

Штогод ездзіў на сенаванне ў Петраполь да бабулі і дзядулі, пакуль яны трымалі карову.  З жонкай цяпер будуем дом. У нас падрастае сын, таму не аднойчы задумваліся, каб завесці казу – яе малако карыснае і валодае лекавымі ўласцівасцямі.

 cyb.jpgІнэса Цыбульс, у адпачынку па доглядзе дзіцяці, з дачкой Камілай:

Інэса:

– Мы жывём у Бараноўцы і штогод садзім агарод: памідоры, агуркі, зеляніну, цыбулю, буракі, бульбу. Свая гародніна – натуральная, неапрацаваная хімікатамі, таму і карысная для дзяцей. Сынок яшчэ маленькі, а дачушка дапамагае мне палоць агарод.

Каміла:

– Так, вырываю шкодныя травінкі! А яшчэ люблю клубніцы – яны смачныя!

ket.jpgФранц Кетрыс, вартаўнік ясляў-сада №1:

– Людзям, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, складана пражыць на адну пенсію. Калі дазваляюць сілы і ёсць дзе трымаць жывёлу, то чаму б і не? Шкада толькі, што пакрысе маленькія вёскі выміраюць, а моладзь выязджае ў буйныя гарады.

Нарадзіўся я ў вёсцы. Тады ў кожнай хаце трымалі кароў, бычкоў, свінняў, курэй. Да гэтага часу памятаю смак і водар хатняга хлеба. Лічу, што дзяржава павінна аказваць пэўныя прэферэнцыі для сем’яў, якія жывуць у сельскай мясцовасці і трымаюць гаспадарку.

 Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

 

 

 

 

Текст: Главный администратор