Построили дом, родили сына, но не посадили дерево? Успеете… прямо завтра!
14:17 / 12.04.2019
У астраўчан і гасцей горада мы пацікавіліся, ці даводзілася ім садзіць дрэвы.
Вольга Мачэль, прадавец, з дачкой Тамарай:
– Год назад мы пераехалі з Астраўца ў Вялікія Якентаны – там кіраўніцтва КСУП «Гервяты» выдзеліла нам дом. Муж, напэўна, выканаў абавязак сапраўднага мужчыны: хоць не пабудаваў, але прыдбаў дом, гадуе сына і разбіў невялікі сад – у гэтым мы яму дапамагалі разам з Тамарай.
Тамара:
– У нас і так вельмі здорава! Лес побач – таму дрэвы садзіць не трэба.
Іосіф Зімніцкі, вартаўнік:
– Пакуль не закрылі Дайлідскую школу, дзе я працаваў тэхработнікам, штогод разам з вучнямі і настаўнікамі дапамагалі лесаводам садзіць лес. Дрэў пасадзіў шмат! І цяпер школьнікі аказваюць пасільную дапамогу лясніцтвам. Яны яшчэ дзеці і не задумваюцца над тым, што праз некалькі дзясяткаў гадоў апушчаныя іх рукамі кволыя парасткі дрэўцаў стануць сапраўдным лесам.
Віталь Мілаш, трактарыст-машыніст:
– Апошні раз садзіў дрэвы ў школе. Цэлым класам ездзілі на лесапасадкі і не адзін раз. Прызнацца, тады ленаваўся, а цяпер з радасцю на прыродзе папрацаваў бы, але вольнага часу не стае.
Іван Масейка, пенсіянер:
– Пра акцыю гэтую чытаў у раённай газеце, але, на жаль, удзельнічаць у ёй не буду – не тыя гады і не тое здароўе. За сваё жыццё пасадзіў не адно дрэва: і яблыневы сад побач з бацькоўскім домам, і дзясятак бяроз і сосен…
P.S. Нагадваем, акцыя “Тыдзень лесу” працягнецца да 20 красавіка. Далучайцеся і вы да добрай справы! За падвоз, сеянцы і саджанцы, патрэбны інвентар паклапоцяцца Астравецкі лясгас і лясніцтвы, з вас – толькі жаданне.