Что радует островчан?

08:32 / 11.12.2018
Што парадавала жыхароў  горада і раёна ў апошні час, высвятляў наш карэспандэнт.

Кардзіс2.jpg

Аляксандра Кардзіс, пенсіянерка:
– Што мяне можа радаваць? Канешне, сям’я, асабліва ўнукі. Хаця крыху прыкра, што старэйшы – хлопец разумны, але зусім не хоча вучыцца, са школы прыходзіць і ў інтэрнэце прападае: то за камп’ютарам, то за планшэтам, то ў мабільніку.
На здароўе скардзіцца грэх: мне ўжо 73 гады, аднак адчуваю сябе лепш, чым многія мае равеснікі, што таксама радуе. Лічу, гэта дзякуючы таму, што апошнія 18 гадоў займаюся ёгай.
Хутка святы вялікія будуць: Новы год і два Ражаствы – гэта таксама радуе.

Гульбіцкі.jpg

Леанард Гульбіцкі, загадчык гаспадаркі Астравецкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:

– Стараюся жыць на пазітыве. Навіны як ні паглядзіш – усё ў свеце дрэнна, адзін негатыў. Зразумела, што і ў нашай Беларусі ўсё няпроста, але ж неяк канцы з канцамі зводзім. Галоўнае – над  галавой мірнае неба і ў краіне няма вялікіх хваляванняў.
Радуюць сям’я, дзеці, унукі. А галоўнае – сабе не даваць «закіснуць», бо калі сам сябе не парадуеш, гэтага не зробіць ніхто.

Афонін2.jpg

Назар Афонін, вучань 3 класа СШ №2:
– Нядаўна ў мяне быў дзень нараджэння, але падарункі радуюць дагэтуль. 
Снег, які выпаў, таксама парадаваў – хоць ён хутка растаў, але я  паспеў пагуляць з сябрамі ў снежкі і пакатацца з горкі.
А яшчэ на гэтым тыдні я атрымаў дзве дзясяткі па англійскай мове!

Даўнаровіч.jpg

Вера Даўнаровіч, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:
– Цудоўна тое, што ў Астраўцы  цяпер хапае новых магазінаў: падчас прагулкі з дзецьмі па гора­дзе можна зайсці пагрэцца, а таксама прыцаніцца, што дзе  ёсць і колькі каштуе. Дзеці кожны раз просяць нешта ім купіць – а я і не адмаўляю, бо шчаслівыя дзеці – гэта шчаслівыя бацькі.
Яшчэ радавалася, калі муж вярнуўся з Масквы. Прывёз поўныя сумкі падарункаў, так што на Новы год закупляцца ўжо не трэба.

Текст:
Фото: Антон Мальшевский