Убережет ли прививка от гриппа – размышляют островчане

11:03 / 12.11.2018
Як жыхары і госці райцэнтра засцерагаюцца ад зімовых хвароб, высвятляў наш карэспандэнт.

Праскуракова.jpg

Ірына Праскуракова, пенсіянерка:
– Я зрабіла ў пачатку кастрычніка прышчэпку. Пакуль што не хварэю – цьфу-цьфу, каб не сурочыць! Аднак, калі толькі пачынае пяршыць у горле, выпіваю на ноч гарачую гарбату з мёдам, малінай і лімонам – і з ранку  як агурочак.
Вітаміны ў аптэцы не купляю  – мне хапае тых, што ёсць у садавіне ды гародніне.

Восіпаў2.jpg

Дзяніс Восіпаў, электрамантажнік:
– Найбольш простая, лічу, засцярога ад захворванняў – гэта кожны дзень піць чай з мёдам і лімонам – і смачна, і карысна.
Зразумела, што імунітэт ва ўсіх розны, таму для некаторых такой прафілактыкі можа аказацца мала. Дзецям, асабліва дашкольнага і школьнага ўзросту, абавязкова трэба  рабіць прышчэпку ад грыпу.

Васілеўская.jpg

 Людміла Васілеўская, тэхнічны работнік:
– Як толькі ў нашай бальніцы з’яўляецца новы тып вакцыны, раблю прышчэпку – сабе і дзецям. Сёлета мы таксама прышчапіліся ўсім сямействам. Акрамя таго, прапіваем вітаміны, апранаемся па надвор’і, ужываем свежую садавіну ды гародніну.
Ну а калі ў некага ўсё ж пачынаюць з’яўляцца першыя сімптомы хваробы – адразу ж п’ём антыбіётыкі.

Ушко2.jpg

Леанід Ушко, пенсіянер:
– На першым месцы ў мяне, канешне ж, прышчэпка. Як медык, раю ўсім своечасова прышчэплівацца – за некалькі месяцаў да халадоў, бо імунітэт выпрацоўваецца не за дзень і не за два. Я прышчапіўся яшчэ ў верасні.
Але адной прышчэпкай, зразумела, не абысціся. Трэба заўсёды апранацца па надвор’і, нават калі ты выходзіш з дома на некалькі хвілін – у магазін ці вынесці смецце. 
Ну а яшчэ я правільна харчуюся: садавіна, гародніна са свайго агарода  абавязкова кожны дзень на стале. Люблю з'есці часначку з салам на чорным хлебе ды з квашанай капустай – таксама добрая прафілактыка прастудных захворванняў.

Лісоўская.jpg

Таццяна Лісоўская, хатняя гаспадыня, з сынам Іванам: 
– Для ўмацавання імунітэту я  стараюся, каб на стале было больш свежай садавіны ды гародніны. Я ўвесь час дома і верагоднасць «падчапіць» вірус  у мяне мінімальная, таму  не прышчэпліваюся. А вось дзеці ў школе кожны год робяць прышчэпкі. 
Калі ж нехта з хатніх пачынае кашляць, то п’ём супрацьвірусныя сродкі і дзеці абавязкова ідуць да ўрача.

Іван:
– Як я змагаюся з хваробамі? Калі нехта ў класе пачынае кашляць, то стараюся блізка не падыходзіць. Шапку заўсёды надзяваю і куртку – праўда, не заўсёды зашпільваю. Але ў пад’езде абавязкова зашпільваюся, каб мама не сварылася.

Текст:
Фото: Антон Мальшевский