Астраўчане расказваюць пра сваіх першых настаўнікаў

09:07 / 07.10.2018

Першую настаўніцу часта называюць другой мамай – яна з пяшчотай і любоўю бярэ пад сваё крыло гаманкіх дашкалят і дапамагае ім стаць сапраўднымі школьнікамі.

Напярэдадні Дня настаўніка наш карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчан, ці памятаюць яны сваю першую настаўніцу?

юркойць.jpg

Вікторыя Юркойць, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела ЖКГ:

– Я вучылася ў Варнянскай сярэдняй школе. Сваю першую настаўніцу – Інэсу Вяславаўну Багдановіч – буду помніць усё жыццё. Яна вучыла нас не толькі чытаць і пісаць, але і дарыла нам сваю дабрыню і пяшчоту.


чарняўскі.jpg

Іван Чарняўскі, рабочы:

– На жаль, маёй школы – Алясінскай васьмігодкі – больш няма… З першага па трэці клас нас вучыла Надзея Іванаўна Рацько, а яе муж быў дырэктарам школы. Настаўніцу мы баяліся: яна была строгай і патрабавальнай. Гэта цяпер разумею: дала б нам спуск – дык мы, вясковыя жэўжыкі, на шыю селі б і нічога не рабілі б. А так і чытаць, і пісаць, і лічыць навучыліся.


кліш.jpg

Яўген Кліш, вучань СШ №1 г.Астраўца:

– У астравецкай школе вучуся толькі другі год – мы пераехалі сюды з Бабруйска. Сваю першую настаўніцу, канешне, помню. Таццяна Міхайлаўна была строгай і патрабавальнай. Ці ёсць у мяне тут любімы настаўнік? Складана адказаць, з усімі педагогамі роўныя адносіны. А вось пажадаць усім настаўнікам хачу аднаго: большай зарплаты.


мінкілевіч.jpg

Злата МІНКІЛЕВІЧ, педагог Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў:

– Канешне, помню! Мне здаецца, няма такога чалавека, які б не помніў сваю першую настаўніцу. Я і цяпер, праз гады, з цеплынёй і настальгіяй успамінаю свае школьныя гады, польскую мову і Жану Рыгораўну Петрык – прафесійнага педагога, мудрую жанчыну і проста цудоўнага чалавека. Мы да гэтага часу сустракаемся падтрымліваем стасункі. Мая першая настаўніца вучыла майго малодшага брата Цімафея. Толькі калі сама стала педагогам, зразумела, якая гэта няпростая работа – навучыць чаму-небудзь дзіця. Дзякуй вялікі за ўсё, Жана Рыгораўна, і нізкі вам паклон.


саковіч.jpg

Вольга Саковіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г.Астраўца:

– Я вучылася ў СШ №2 Астраўца. Да гэтага часу помню сваю першую настаўніцу Ганну Вітольдаўну Свірскую, якая была не толькі цудоўным педагогам, але і арганізатарам. Разам мы ладзілі святы, канцэрты і розныя праграмы. Найбольш мне падабалася ўдзельнічаць у танцавальных нумарах. Таксама яна навучыла нас любіць кнігі і чытанне.

Магчыма, адтуль, з пачатковай школы і пачынаюцца карані майго захаплення літаратурай. Не магу не ўспомніць і настаўніц беларускай мовы і літаратуры, дзякуючы якім я абрала настаўніцкую дарогу, – Вольгу Міхайлаўну Зарэцкую і Марыю Іванаўну Багдзевіч.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць сваіх калег з Днём настаўніка і пажадаць ім творчага натхнення, удзячных вучняў і бацькоў, а таксама спаўнення ўсіх планаў у прафесійным і асабістым жыцці.


P.S. А вы памятаеце сваю першую настаўніцу? Падзяліцеся з намі і нашымі чытачамі сваімі ўспамінамі ў каментарыях да артыкула і ў суполках “АП” у сацыяльных сетках.

Текст:
Фото: Алена Гануліч