Хто паедзе на “Дажынкі” ў Міхалішкі?

15:39 / 25.11.2017
Сёння Міхалішкі ператварыліся ў дажыначную сталіцу Астравеччыны. Напярэдадні свята наш карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчан і гасцей горада, ці паедуць яны на раённыя «Дажынкі» і з якім настроем.

Валянціна Гаўрош, пенсія­нер­ка:
гаўрош.jpg
– Ужо не тыя гады, каб па святах ездзіць – больш дома сяджу. Добра, што ў Беларусі і ў нашым раёне ўшаноўваюць працаўнікоў палёў і ферм – гэтыя людзі горад кормяць.

Марыя Шчэрбакова, намеснік дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці па культурна-масавай рабоце:
шчэрбакова.jpg
– Вядома, паеду! І не толькі таму, што гэта – мая работа. Вельмі хачу, каб нашы «Дажынкі» сталі сапраўдным святам для вяскоўцаў, якія, нягледзячы на надвор’е і пару года, старанна працуюць на палях, фермах і комплексах.

Калі мы распрацоўвалі праграму, хацелася, каб яна была каларытнай, адметнай, аўтэнтычнай, таму вырашылі, што свята пройдзе ў традыцыйным беларускім стылі. Спадзяюся, што не прагадалі. Падчас «Дажынак» па традыцыі будуць абраны лепшыя падворак, каравай і сноп, а лепшыя працаўнікі вёскі атрымаюць узнагароды. Упершыню на Астравеччыне пройдзе конкурс прыгажосці «Каралева жніва – 2017». Расказваць можна доўга, але ж лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Прыязджайце ў суботу ў Міхалішкі – хлеба і відовішчаў хопіць усім!

Данута Гур’янава, бухгалтар КСУП «Гудагай»:
гурянава.jpg
– Паеду, вядома, з добрым настроем! Не сумнай жа ехаць на галоўнае свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Тым больш чуткі   ходзяць, што маю працу там адзначаць – прыемна.

Уладзімір Шэміс, электраманцёр:
шэміс.jpg
– На «Дажынкі» ў Міхалішкі дакладна не паеду: часу не стае, ды і працую па зменах. Смак механізатарскага хлеба ведаю не па чутках: бацька працаваў камбайнерам, і я дапамагаў яму не адно жніво. Ураджай убіралі «Нівамі», а цяпер  працуюць на сучасных камбайнах, у якіх нават кандыцыянеры ёсць.
Шкада, што на «Дажынкі» не зможа патрапіць большасць сельскіх працаўнікоў: некаму ж трэба жывёлу карміць, арганіку вазіць… Але ў любым выпадку, дзякуй вам, хлебаробы і жывёлаводы, за вашу нялёгкую працу!

Анастасія Каванская, пенсіянерка:
каванская.jpg
– Нікуды з мужам не паедзем – узрост не той. Жывём у Вялікім Сяле, што за Спондамі, лічы, на мяжы з Літвой. Я ўсё жыццё адпрацавала ў школе, муж быў загадчыкам фермы. З дзяцінства помню, як прыгожа і з якім размахам адзначаліся «Дажынкі»! На свята з’язджаўся ўвесь калгас, даўжэзныя сталы былі накрытыя… І нам, малым, што-кольвечы перападала. (Усміхаецца) Дажынкі – беларускае свята, якое адзначалі яшчэ нашы продкі, галоўнае, каб нашчадкі захавалі гэтую добрую традыцыю.


Текст:
Фото: Алена Гануліч