Самы лепшы аўтамабіль на думку астраўчан

08:29 / 31.10.2017
Напярэдадні Дня аўтамабіліста наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада, каб  высветліць у жыхароў і гасцей раёна, які аўтамабіль, на іх думку, самы лепшы? 

Двілянская2.jpg

Бэла Двілянская, выклад­чыца музыкі:
– Мой бацька ў аўта­мабілях разбіраўся – пра­цаваў дырэктарам Лідскай аўтабазы. А вось я, на жаль, па іншай «сцежцы» пайшла – музычнай.
Аднак некаторае паняцце ў аўтамабілях маю. Як пасажырка, аддаю перавагу джыпам – высокія, надзейныя, зручныя.
Зяць нядаўна памяняў «Форд» на «Пежо». Галоўнымі аргументамі на яго карысць былі высокая пасадка і вялікі багажнік – каб на дачу ездзіць без праблем.

Прылепа2.jpg

Алена Прылепа, настаў­ніца беларускай мовы і літаратуры:
– Аўтамабіль добры, калі з ім праблем ніякіх няма: сеў – і паехаў.
Я за рулём ужо пяць гадоў, хаця аўтамабіль мне бацькі дзесяць гадоў таму купілі. Сябе, канешне, прафесіяналам вадзіцельскай справы не лічу, аднак да 120 кіламетраў за гадзіну месцамі разганяюся.
Ці займаюся рамонтам і тэхаглядам аўтамабіля? Не. Гэта работа цалкам ляжыць на мужу. А мая справа – сесці і паехаць. (Смяецца)

Уладзіслаў, вадзіцель (без фота):
– А Бог яго ведае! У кожнага вадзіцеля свае патрабаванні да аўтамабіля. Большасць маіх сяброў аддаюць перавагу «Фольксвагену»: ён танны, даступны, праблем с запчасткамі няма.
Я за рулём 42 гады адпрацаваў. Пачынаў некалі с ГАЗ-51, потым быў ГАЗ-53 – самазвал, ЗІЛ – мукавоз. З асабістых аўто за сваё жыццё памяняў два «Жыгулі», «Аўдзі-80», а зараз на «Фольксваген пасат» езджу.

Вадзім Янкун, вучань 9 класа:
– Мы з хлопцамі час ад ча­су, канешне, абмяркоўваем аўтамабілі: хуткасць, прыгажосць, праходнасць. Нехта за «БМВ» выступае, нехта – за «Мэрсэдэсы», а мне «Рэно» па душы, бо ў майго бацькі такая машына.
Калі вырасту, то хацелася б паганяць на нечым кшталту «Ламбарджыні Дзіябла» – але ж не для нашых дарог яна зроблена. 

Янкун.jpg

Уладзімір Скрабец, рознарабочы (без фота):
– У мяне было шмат аўтамабіляў. З апошніх вельмі спадабаўся «Форд Транзіт». Аднак і яго я змяніў – на «Мэрсэдэс Бэнц Спрынтар»: нямецкая якасць, вялікі багажнік – хоць ты жыві ў ім!
Што магу параіць непрафесіяналам пры выбары аўто? Слухайце, як машына працуе. Ляскат грукат адразу вас «папярэдзяць», што з машынай не ўсё ў парадку. А яшчэ лепш – бярыце з сабой знаёмых, якія разбіраюцца ў аўтамабілях. 


Гутарыў Антон ЧЫК.



Текст:
Фото: Антон Мальшевский