Як пенсіянерам Астраўца жывецца на пенсіі?

13:03 / 01.10.2017

Напярэ­дадні Міжнароднага дня пажылога чалавека наш карэспандэнт высвятляў у людзей «залатога» ўзросту, як пенсіянерам жывецца на пенсіі.

Марыя Дубень (без фота):
– Пенсія – такая рэч, што хочаш не хочаш, а калі твой час прыйшоў – мусіш ісці. Але якая ж я пенсіянерка? Я яшчэ і зараз працую ў КБА.
На пенсіі часу сумаваць няма: то ўборка, то гатаванне, то госці прыйдуць, то сама пайду… Раней яшчэ за вязанне бралася, але цяпер на гэта часу не хапае.

Трушкіна2.jpgІрэна Трушкіна:
– Здароўе ўжо не тое, што ў маладосці, ды і праблем меней не становіцца. Якая самая галоўная? Напэўна, недахоп грошай. Летам яшчэ канцы з канцамі атрымліваецца зводзіць, а вось зімой – зусім дрэнна: за камунальныя паслугі заплаці, у магазін схадзі некалькі разоў – і ўсё, грошай няма. Калі муж жывы быў, дык удваіх неяк спраўляліся, а адной зусім цяжка. 
Добра, што ўнук са мной некалькі тыдняў на месяц жыве – усё ж весялей.



Гродзь2.jpg

Мечыслаў Гродзь:
– Канешне, на рабоце было весялей, чым цяпер каля хаты таўчыся ў пошуках спраў. Затое сам сабе гаспадар – займаюся чым хачу і калі хачу: то за хатнія справы вазьмуся, то на агародзе нешта раблю. 
Дома сядзець не люблю: сумна. Нават тэлевізар гляджу толькі па вечарах. Затое калі дачка з зяцем з працы вяртаюцца ды ўнук прыязджае – весялей становіцца. 



Сатыга.jpg

Тамара Сатыга:
– На пенсіі зусім не весела, бо я, лічы, той пенсіі і не адчуваю – яшчэ і цяпер працую. Нам зараз газ вядуць – дык вельмі грошы патрэбны на матэрыялы ды на аплату работы.
Канешне, вольны час ёсць, аднак трэба ж і хатнімі справамі займацца: прыбраць, падмесці, памыць. А цяпер яшчэ і нарыхтоўкі раблю – не да адпачынку.




Буйко2.jpgІван Буйко:
– У далёкім 1955 годзе я з бацькамі паехаў на пад’ём цаліны ў Казахстан. Там, лічы, усё жыццё і пражыў. Вывучыўся, адпрацаваў да пенсіі на шахтах каля горада Джэзказган. Гэта прыкладна 250 кіламетраў ад Байканура – для казахаў не адлегласць. 
На пенсію пайшоў у 50 гадоў з-за цяжкіх умоў працы. Пасля развалу Саюза вырашылі сюды вярнуцца, бо там мы аказаліся нікому не патрэбнымі, ды і ксенафобскія настроі сярод мясцовых пачалі ўзрастаць.
Цяпер займаюся сваімі любімымі справамі: у машыне корпаюся ды на рыбалку хаджу. Ну і, канешне, дачцэ з унукамі дапамагаю, чым магу.

Гутарыў Антон ЧЫК.
Фота аўтара. 


Текст: