Ці паспелі астраўчане і госці нашага раёна выканаць усё задуманае на лета і як яно ў іх прайшло, высвятляў наш карэспандэнт

12:36 / 18.09.2017

Летам час ляціць хутка: непрыкметна жнівень на календары змяніўся вераснем. 
Ці паспелі астраўчане і госці нашага раёна выканаць усё задуманае на лета і як яно ў іх прайшло, высвятляў наш карэспандэнт. 

Кандратовіч2.jpg

Артур Кандратовіч, тынкоўшчык:
– У агульным, лета парадавала. Сёлета я закончыў вучобу ў Смаргонскім політэхнічным ліцэі і ўладкаваўся на працу на будаўнічую пляцоўку АЭС.
А ў перапынку паміж вучобай і работай паспеў паездзіць па Беларусі. А яшчэ набыў і перабраў матацыкл «ІЖ-Планета 5». Так што, лічу, лета ў мяне атрымалася выдатнае.



Сячынскі.jpg

Іван Сячынскі, ахоўнік:
– Ды, лічы, усё лета працаваў: сын дом будаваў, дык яму дапамагаў. У мяне свая сталярка ёсць – тое-сёе для яго дома рабіў. Трэба ж было яшчэ агародам займацца, ды і іншымі справамі, якія нельга адкладаць у доўгую скрыню.
Лета сёлета халоднае ды даждлівае выдалася. Аднак многія планы я ажыццявіў: трапіў на фэсты ў Гудагаі, Гервятах, Тракелях. А вось да Будслава, на жаль, не даехаў.



Вандыш Мікліс.jpg

Святлана Вандыш, пенсіянерка, госця з Масквы (злева) 
і Валянціна Мікліс, пенсіянерка (справа):
Святлана:
– Гэтым летам планавала прыехаць у Астравец у госці да былой аднакласніцы – што і зрабіла. Пасля школы мы даволі доўга не сустракаліся – раскідала жыццё па розных гарадах. А зараз, калі ўжо дзеці выраслі і ўнукі падгадаваліся, – часу вольнага пабольшала і з’явілася магчымасць сустракацца часцей.
Сёлета мы з Валяй разам па Беларусі пакалясілі: Мір, Гальшаны… За грыбамі па лесе паблукалі, бульбы накапалі… Але ж заўсёды хочацца больш – шкада, што лета такое непрацяглае атрымалася.

Валянціна:

– Прызнаюся шчыра, я на пад’ём цяжкаватая. Затое калі прыязджае Света, дома мы амаль не бываем: вандруем, гуляем, некуды едзем. У мяне на лета планы былі сціплыя: гаспадарка, агарод, хатняя жывёла. Але прыехала сяброўка – і ўсё змянілася.

Старынская.jpg

Вікторыя Старынская, вучаніца 4 класа:
– У мяне лета атрымалася цудоўнае, і нават больш. Не хацелася, каб яно заканчвалася. Я адсвяткавала свой дзень нараджэння, з сябрамі нагулялася і нават на моры пабывала, ды не на адным: на Чорным і на Азоўскім. Дэльфінаў бачыла!
А яшчэ сустрэлася з родзічамі з Кубані, Тамані, Наварасійска і Растова-на-Доне. 


Антон ЧЫК, фота аўтара.


Текст: Главный администратор