Пра тое, дзе гараджане і госці Астраўца набываюць гародніну. А адкуль яна на вашым стале?

14:28 / 11.09.2017

Канец жніўня-пачатак верасня – час самай смачнай садавіны і гародніны. Навукоўцы, дарэчы, раяць менавіта зараз актыўна іх ужываць, каб «зарадзіцца» вітамінамі на халодныя месяцы. Аднак мала наесціся зараз – трэба яшчэ і на зіму нешта назапасіць.  
Каб высветліць у гараджан і гасцей райцэнтра, дзе яны набываюць садавіну ды гародніну, наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада. 


repart.jpgРуслан Грабоўскі,
жыхар вёскі Ізабеліна:
– Усё са свайго агарода збіраем. Морква, буракі, агуркі – усё сваё. Хіба што бульба на калгасным полі ў нас расце. У асноўным за гаспадаркай сочаць маці і сястра, а я дапамагаю па меры неабходнасці.
Шкада, што сёлета амаль няма ягад і грыбоў, але з мінулага года яшчэ некалькі слоікаў таго-сяго засталося – так што з голаду не памром.

Аляксей, пагранічнік (без фота):
– Прызнацца, некалькі гадоў таму, адразу пасля вяселля, мы з жонкай і думаць не хацелі пра нейкія агароды. А зараз яна ў дэкрэтным адпачынку, на адну зарплату жывём. Так што сёлета ў цешчы на дачы некалькі градаў пасадзілі – цыбулю, фасолю, моркву ды іншае.
Канешне, нешта ўсё роўна будзем дакупляць, аднак вялікі дзякуй нашым матулям за дапамогу, бо ў саміх рукі да закатак і нарыхтовак не даходзяць – усё адразу з’ядаем (смяецца).

repart3.jpgСвятлана Міхалоўская, повар:
– Складана сумяшчаць работу, хатнюю гаспадарку, агарод – але без яго ніяк. На жаль, свайго ў нас няма, аднак хросная маці мужа выдзеліла нам кавалак на сваім участку. Плюс у маці невялікі зямельны ўчастак ёсць. Вырошчваем: цыбулю, моркву, агуркі, часнок. А памідоры, перац і капусту купляем у краме.
Многія скардзяцца, што сёлета год не ўраджайны, а як па мне, дык усяго хапае. Мы нават чарніц крыху назбіралі – замарозілі на зіму.
Канешне, ад агарода можна было б і адмовіцца – зараз жа ўсё можна купіць. Аднак, я лічу, што сваё – гэта сваё. Ды і праца на градах – добры фітнес (смяецца).

Аляксей Дударэвіч, загадчык гаспадаркі:repart1.jpg
– За садавінай і агароднінай мы з жонкай ездзім на свой агарод у Міхалішкі. Нешта з сабранага адразу ўжываем, а нешта ў запас адкладваем. А як жа інакш: не назапасіш – не пражывеш. 

Усе агародныя справы стараемся рабіць разам: садзім, полем, паліваем… Вырошчваем самае неабходнае: цыбулю, моркву, агуркі, буракі. Тое-сёе, вядома, дакупляем, але няшмат, бо свайго хапае.

Анатоль Ражко, пенсіянер:repart2.jpg
– Як і любога вяскоўца, мяне цягне да зямлі. І зараз, калі ўжо не трэба хадзіць на работу, можна болей часу ўдзяляць хатняй гаспадарцы: палоць, паліваць, даглядаць. Вырошчваем мы з жонкай усяго пакрысе. Вось літаральна на днях бульбу выбралі – яна сёлета ўрадзіла. Соку яблычнага з паўсотні літраў націснуў ды з чарнаплоднай рабінай змяшаў.

Яблыкаў у нас сёлета таксама шмат. Жонка з калегай дамовілася: у мінулым годзе ў нас яблыкаў не было – яны з намі дзяліліся, а сёлета – мы з імі.



Антон ЧЫК, фота аўтара.



Текст: