Открыт мемориальный комплекс "Тростенец"

16:00 / 01.07.2015
Мемарыял у Трасцянцы – гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў адносінах да мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня на мітынгу-рэквіеме «Вароты памяці», прысвечаным адкрыццю мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».


Прэзідэнт нагадаў, што менавіта тут, у наваколлі беларускай вёсачкі Малы Трасцянец, дзейнічаў самы буйны на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тыс. чалавек. Сярод іх былі не толькі ваеннапалонныя, партызаны, але і мірныя жыхары – старыя, жанчыны, дзеці.

«Перад архітэктарамі стаіць няпростая задача – увекавечыць памяць аб ахвярах фашызму, захаваць гістарычную дакладнасць і стварыць поўную карціну перажытых пакут народа», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, мемарыяльная кампазіцыя павінна стаць сведчаннем страшнай трагедыі, якая разгарнулася ў цэнтры Еўропы, на беларускай зямлі. «Узвядзенне манумента «Вароты памяці" стала сапраўды агульнанародным праектам, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Адкрыты дабрачынныя рахункі, на якія паступаюць грошы ад грамадзян і арганізацый. Частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, таксама была накіравана на будаўніцтва манумента».

На думку Прэзідэнта, боль Трасцянца падзяляюць з намі грамадзяне многіх краін. На ажыццяўленне гэтага праекта актыўна пералічваюцца сродкі ад замежных мецэнатаў. На мерапрыемстве прысутнічаюць прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і замежныя госці. «Паколькі помнік у Трасцянцы – гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў адносінах да мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Дэвіз «Ніхто не забыты, нішто не забыта» аб'ядноўвае ўсіх нас. Словы глыбокай удзячнасці мы гаворым тым, хто ўвасабляе ў жыццё гэты маштабны праект, хто аказваў і аказвае ўсебаковую дапамогу ў яго рэалізацыі», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў: «Няхай гэты помнік служыць збліжэнню людзей у імя ідэалаў дабра і міласэрнасці. Няхай ён нагадвае нам, нашым дзецям, нашым унукам, як важна цаніць і аберагаць мір і грамадскую згоду. І няхай ён ніколі і нікому не дазволіць забыць аб тым, да якіх жахлівых трагедый прыводзяць ідэі нацызму, нецярпімасці і імкнення навязваць сваю волю сілай зброі».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна зрабіць усё, каб на нашай зямлі заўсёды перамагалі прынцыпы гуманнасці, узаемапавагі і гістарычнай памяці.


----------------------------------

Па матэрыялах БелТА.