В честь 70-летия Победы в Ворнянах заложили новый парк

16:00 / 16.04.2015
Напрыканцы мінулага тыдня ў Варнянах у гонар 70-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі быў закладзены новы парк. Ініцыяваў добрую справу Варняскі сельскі выканаўчы камітэт сумесна з мясцовым лясніцтвам, а падхапілі яе праўленне СВК “Варняны”, раённы Савет дэпутатаў, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, школьнікі і настаўнікі Варнянскага НПК. Дзякуючы іх сумесным намаганням непадалёк ад лясніцтва з’явіліся стройныя радочкі дрэў: семдзесят танкастанных бярозак – жывы і пульсуючы помнік Вялікай Перамозе.

Старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Часлававіч Вярбовіч выказаў словы ўдзячнасці праўленню СВК “Варняны” і кіраўніцтву Варнянскага лясніцтва за дапамогу, а таксама – спадзяванне, што кожны школьнік працягне гэтую акцыю і пасадзіць дрэва ля свайго дома.

– Гэта робіцца для вас, – звяртаючыся да школьнікаў, сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Памяць аб гераічным подзвігу вашых прадзедаў будзе жыць заўсёды, а пасаджаныя дрэвы стануць жывым напамінам аб гэтым.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч адзначыла, што кожнае пасаджае дрэва – гэта даніна памяці і ўдзячнасці тым людзям, якія здабылі перамогу, мірнае неба і стабільнасць нашага жыцця.

Затым усе дружна прыступілі да справы: у падрыхтаваныя ямкі беражліва апускалі саджанцы бяроз, добра прыкрывалі іх зямлёй і шчодра палівалі. Кожнае дрэўца акружылі спецыяльнымі падпоркамі, каб яно не зламалася ад моцных вятроў і віхураў.

Садзілі бярозы не толькі школьнікі, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, але і сямейныя тандэмы. Сямікласніца Яна Юркойць разам з татам Дзмітрыем Вікенцьевічам, які працуе лесніком у Варнянскім лясніцтве, працавалі ў чатыры рукі.

Літаральна за гадзіну на пустым пляцы з’явіліся роўныя рады дрэў.

Як адзначылі ініцыятары акцыі старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Часлававіч Вярбовіч і ляснічы Варнянскага лясніцтва Анатоль Андрэевіч Карнэлік, у далейшым плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, на якой было пасаджана семдзесят бяроз. У перспектыве побач з дрэвамі павінны з’явіцца дэкаратыўныя кусты, альтанка, сцяжынкі, а сам парк стане месцам актыўнага адпачынку.

Пасаджаныя бярозкі – сімвал пераемнасці і трывалай сувязі пакаленняў. Нашы карані моцна трымаюць новае пакаленне, і дзякуючы ім мы жывём, вучымся і гадуем сваіх дзяцей у мірнай краіне.

---------------------------------------------–

Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.