Журналисты области встретились с губернатором в Сморгони

12:00 / 04.10.2014
Журналістам Гродзеншчыны палюбіліся стаўшыя традыцыйнымі штоквартальныя прэс-канферэнцыі з губернатарам, падчас якіх можна не толькі даведацца “з першых вуснаў” аб тым, што адбываецца ў вобласці, і пачуць ацэнку тых ці іншых падзей, але і кожны раз бліжэй пазнаёміцца з новым рэгіёнам, з тым лепшым, самым цікавым, перадавым, што ёсць, да прыкладу, на Мастоўшчыне ці Слонімшчыне, у Бераставіцы ці ў Ваўкавыску.
Але калі я даведалася, што чарговую прэс-канферэнцыю прызначылі ў суседняй Смаргоні, разам з задавальненнем – ну, нарэшце, паблізу, не трэба паўдня праводзіць у дарозе – пачалі адольваць сумненні: ну што мы, суседзі, можам даведацца там новага? Пра адкрыццё мемарыялу ў памяць ахвяр Першай сусветнай вайны наш карэспандэнт расказаў астраўчанам, як на мой погляд, нават больш ярка і змястоўна, чым гаспадары свята; “Смаргонскія малочныя прадукты” – гэта амаль што астравецкае прадпрыемства, бо нашы гаспадаркі здаюць туды сваё малако, і ў Залессі, хоць і да рэстаўрацыі, мы былі неаднаразова…
І ў каторы ўжо раз мая самаўпэўненасць атрымала пстрычку па носе: не варта думаць, што ты ўсё ведаеш… Працэс набыцця ведаў (а тым больш – уражанняў і эмоцый) бясконцы і няспынны – вядома ж, пры ўмове, што чалавек хоча і ўмее вучыцца…

МЕМАРЫЯЛ


Мемарыял памяці ахвяр Першай сусветнай вайны на ўскрайку Смаргоні – велічны і прыгожы. Асабліва, калі ўсведамляеш, што гэта – толькі пачатак таго мемарыяльнага комплексу, які павінен поўнасцю адкрыцца да 100-годдзя заканчэння гэтай вайны, у 1918 годзе.
Кранае, што ў помніках мемарыяла і ў сённяшняй памяці нашчадкаў ахвяры той далёкай вайны не дзеляцца на “нашых” і “вашых”, на мірных жыхароў і ваенных – памяць аб усіх загінуўшых і пацярпеўшых ушаноўваецца аднолькава паважліва. Палітыкі на той вайне – як, зрэшты, і на любой іншай – вырашалі свае стратэгічныя задачы, ваенаначальнікі – тактычныя… А тысячы мірных жыхароў у адзін дзень вымушаны былі пакінуць свае дамы, якія будавалі, абжывалі гадамі, каб больш ніколі сюды не вярнуцца, каб іх зруйнавалі дашчэнту – і ўжо няважна, хто – “нашы” ці “іхнія”. Уразіла статыстыка: да вайны ў Смаргоні жыло 16 тысяч жыхароў, пасля яе заканчэння ў горадзе засталося 154 чалавекі… Што азначае стаць выгнаннікам з роднага дома, са сваёй зямлі, могуць зразумець толькі тыя, хто аднойчы гэта перажыў.
“Залатая горка”, паблізу якой узведзены мемарыял, – месца, дзе падчас вайны знаходзіліся адмыслова ўмацаваныя пазіцыі немцаў, якія рускім удалося заняць, толькі зрабіўшы неўпрыкмет для ворага працяглы падкоп і залажыўшы ў падземныя хады некалькі вагонаў узрыўчаткі. А потым рускія распраўляліся з палоннымі – гэтак жа бязлітасна, як да гэтага немцы з рускімі салдатамі, што трапілі ў няволю. І газавыя атакі, эфектыўнасць якіх немцы ўпершыню прымянілі пад Смаргонню, – праз нейкі час руская армія прадэманстравала, што “мы таксама гэта ўмеем”.
Вам гэта нічога не нагадвае? У вас такая бомба – а ў нас больш магутная, у вас столькі ракет – а ў нас больш… І так – да бясконцасці, і ўжо няважна, хто пачаў першы, тым больш што ў мутных акіянах лухты амаль што немагчыма вылавіць зярняты праўды. І гэта ж не дзеткі ў пясочніцы забаўляюцца, не цацачныя аўтаматы стракацяць…
…Злавеснае рэха падзей стагадовай даўніны – сённяшняя грамадзянская вайна ва Украіне. Няўжо і сапраўды гісторыя вучыць толькі таму, што нічому не вучыць?


МАРОЖАНАЕ СА СМАКАМ ДЗЯЦІНСТВА


З усіх шматлікіх разнавіднасцяў марожанага мая сяброўка лічыць найлепшым смаргонскае – тое, што ў пластыкавых шкляначках з мядзведзікам на накрыўцы.
Шчыра кажучы, я падзяляю яе захапленне гэтым ласункам. Але да наведвання ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты” не магла зразумець, чаму ў смачнага смаргонскага марожанага такая нязручная ўпакоўка, чаму яго не робяць “па-сучаснаму” – на палачцы ці ў вафельных ражках. Гэтае пытанне і задала галоўнаму інжынеру прадпрыемства.
– Калі мы пойдзем па шляху сучаснай упакоўкі, наша марожанае перастане быць такім смачным, – расчараваў мяне кіраўнік. – Справа ў тым, што мы захавалі колішнія савецкія ДАСТы, марожанае ў нас – стапрацэнтна натуральнае, і стабілізатарам пры яго вытворчасці з’яўляецца звычайны крухмал. Калі пачнём прымяняць іншыя, больш сучасныя і эфектыўныя – штучныя, каб марожанае трымалася на палачцы, страціцца яго смак і якасць – а гэтымі складальнікамі нашай прадукцыі мы вельмі даражым.
Гэтыя ж складальнікі з’яўляюцца асноўнымі і для астатняй прадукцыі “Смаргонскіх малочных прадуктаў” – малака, кефіру, тварагу, масла, сухога абястлушчанага малака і іншых. Дарэчы, 80 працэнтаў выпускаемай прадпрыемствам прадукцыі ідзе на экспарт. Але і сваім спажыўцам хапае: астравецкія пакупнікі таксама ахвотна выбіраюць малако, кефір і смятану “з мядзведзікам”. Мо таму, што ведаюць: зроблены яны ў тым ліку і з астравецкага малака. Частка Астравецкага раёна ўваходзіць у сыравінную зону ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”. Але, па словах галоўнага інжынера, яны былі б вельмі задаволены, каб малака з гаспадарак раёна і ад прыватных малаказдатчыкаў паступала больш: на сённяшні дзень магутнасці прадпрыемства загружаны менш чым напалову. Прадпрыемства нават пайшло на тое, каб закупляць малако ў суседняй Літве, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, што ўзніклі пры гэтым.
Так што было б малако – а марожанага “з мядзведзікам” са смакам дзяцінства хопіць усім.


СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ ЛАГІСТЫКА


Малавядомае да нядаўняга часу слова “лагістыка” і сёння ў многіх не асабліва дасведчаных асацыіруецца выключна з дарогамі. Што паняцце гэтае намнога больш шырокае і ёмістае, журналісты пераканаліся падчас наведвання агралагістычнага тэрміналу, што размясціўся на ўскрайку Смаргоні.
Зрэшты, “размясціўся” ў дадзеным выпадку – слова не зусім дакладнае: прадстаўнікі расійскага бізнесу выкупілі на аўкцыёне ўчастак зямлі і пабудавалі “з нуля” сучасны высокатэхналагічны тэрмінал, які ўключае ў сябе некалькі абсталяваных у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі складскіх і вытворчых памяшканняў. Закупляючы не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах СНД сельгаспрадукцыю, смаргонскія лагісты затым перапрацоўваюць яе і прадаюць. Ёсць попыт, ёсць прапанова, ёсць эканамічны інтарэс, працоўныя месцы, неблагая зарплата ў працаўнікоў і падаткі ў мясцовы бюджэт – і ўсім добра.


ПАКАТАЛА СМАРГОНЬ І НА ТРАКТАРЫ…


Смаргонскі агрэгатны завод будаваўся як філіял славутага МТЗ і быў разлічаны на выпуск 2 тысяч адзінак трактароў у год. Ды яму не пашанцавала першапачаткова: ідэя, мусіць, нарадзілася не ў той час – патрапіла пад жорны перабудовы.
Дзякаваць богу, што, хоць і не ў такім аб’ёме, як планавалася, і не з той прадукцыяй – але прадпрыемства ўсё ж дзейнічае. Выпускаюць тут у асноўным міні-трактары, мотаблокі і навясное абсталяванне для іх – пад заказ. У дзень нашага прыезду самай радаснай і доўгачаканай весткай для працаўнікоў стала тое, што падчас візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Малдову было падпісана пагадненне аб пастаўцы ў гэтую краіну 40 адзінак міні-трактараў для работы ў садзе і вінаградніках – значыць, у рабочых будзе праца і зарплата. Сярод краін, куды пастаўляе сваю прадукцыю Смаргонскі агрэгатны завод, – Грузія, Узбекістан, Чэхія, Венгрыя, Балгарыя, Славакія. На жаль, аб’ёмы паставак вылічваюцца часцей за ўсё ў адзінках, зрэдку ў дзясятках – и гэта ўжо перамога.
Хоць тэхніку смаргонцы выпускаюць неблагую, і тыя з астраўчан, хто карыстаецца іх мотаблокамі, прэтэнзій, наколькі я ведаю, не выказваюць.


ПЫТАННІ І АДКАЗЫ


Прэс-канферэнцыя журналістаў з губернатарам праходзіла напярэдадні ўрачыстасцей, прысвечаных 70-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, і ў асноўнай сваёй частцы тычылася гэтай знамянальнай падзеі.
Уладзімір Васільевіч Краўцоў расказаў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі пра тыя значныя падзеі, што за апошні час адбыліся ў вобласці і якія можна лічыць падарункамі да юбілею. Адным з асноўных стала тое, што на прадпрыемстве «Мастоўдрэў» выпушчана першая пліта МДФ – беларуская мэбля цяпер будзе вырабляцца з беларускай сыравіны. Адкрыўся да юбілею ўчастак аўтадарогі М8 ад Шчучына да Гродна – плануецца, што рэканструкцыя галоўнай аўтамагістралі вобласці будзе прадоўжана. Такім жа падарункам, толькі ўжо для жыхароў Гродна, стала адкрыццё ў абласным цэнтры новага дзіцячага садка, а для жыхароў Мастоў – урачэбнай амбулаторыі. Падобнымі “адкрыццямі” могуць пахваліцца і іншыя раёны вобласці.
У сваім выступленні Уладзімір Васільевіч закрануў і тэму прыцягнення інвестыцый – натуральна, што на Смаргоншчыне размова ішла пра буйное прадпрыемства “Кронаспан”, што створана на сродкі інвестараў. Рэканструкцыя чакае і шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы – там плануецца асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі.
Сярод задач сельскай гаспадаркі на бліжэйшую будучыню губернатар у першую чаргу назваў аднаўленне свінапагалоўя як гарантыю харчовай бяспекі краіны і магчымасць палепшыць эканамічнае становішча гаспадарак.
Вядома ж, не абышлі ўвагай журналісты і традыцыйную тэму развіцця турыстычнага бізнесу і яго састаўную частку – аднаўленне архітэктурных і гістарычных помнікаў: для чаго гэта патрэбна і што з гэтага можа атрымацца, удзельнікі прэс-канферэнцыі змаглі пабачыць праз нейкі час у Залессі.


ПАЛАНЕЗ АГІНСКАГА Ў ВЫКАНАННІ АРКЕСТРА ФІНБЕРГА


Заключным акордам – вельмі прыгожым, маляўнічым, насычаным – сустрэчы журналістаў вобласці з губернатарам стала ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.
…Некалі, вандруючы па Беларусі, супрацоўнікі рэдакцыі наведвалі Залессе – гулялі па пасаджаным вялікім кампазітарам парку, слухалі ў капліцы гісторыю яго сям’і – і з сумам пазіралі на палац Агінскіх, які на той час быў зачынены на рэканструкцыю, якая ўяўлялася, і не толькі нам, не больш чым ружовай марай. Але ж марыць не шкодна – шкодна не марыць! Дзякуючы рэалізацыі праекта трансгранічнага супрацоўніцтва, сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі адноўлена – хай сабе пакуль і не поўнасцю, але ўжо прымае гасцей, якія могуць уявіць сябе прыгожымі паненкамі і кавалерамі, якія прыйшлі на баль…
Пасля ўрачыстага пралогу і маляўнічага паланезу, якія танцавалі грацыёзныя паненкі і ганаровыя шляхціцы, пасля таго, як сімвалічны ключ ад сваёй сядзібы і музычнай спадчыны пасівелы “кампазітар” перадаў хлопчыку-музыку, сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў. Яны ж сталі першымі наведвальнікамі музейнай экспазіцыі, якая адкрылася ў адноўленай сядзібе, з унікальнымі экспанатамі, якія расказваюць аб сям’і Агінскіх, сапраўднымі аўтографамі кампазітара і іншымі цікавымі рэчамі.
А канцэрт аркестра Міхаіла Фінберга, музыканты якога выканалі знакамітыя і малавядомыя творы нашага слыннага земляка, стаў цудоўным музычным падарункам для ўсіх прысутных. Паланезы і полькі, мазуркі і вальсы – старадаўняя музыка гучала вельмі сучасна і кранаюча ў выкананні вядомых артыстаў. А вядомы кожнаму паланез “Развітанне з Радзімай”, такі шчымлівародны і кранальна-сумны, усе слухалі стоячы…


-------------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.