"Круглый стол". Какой след оставила Великая Октябрьская революция в истории?

09:00 / 14.11.2013
Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, ці, як яе яшчэ называюць, кастрычніцкі пераварот, – падзея, якая аказала велізарны ўплыў на ход сусветнай гісторыі.
Напярэдадні 7 лістапада па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама прайшоў “круглы стол”, прысвечаны гэтай падзеі. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, старшыня раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Астравецкага райвыканкама Фаіна Мікалаеўна Блашкевіч, першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць, педагог і ідэолаг, які сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Аляксандр Яўгеньевіч Клімчэня і аўтар гэтых радкоў Алена Ярашэвіч.
З удзельнікамі круглага стала мы паспрабавалі высветліць, які след пакінула Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў гісторыі і які аказала ўплыў.

– Беларусь адзначыла чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Сёння адносіны да яе ў розных краінах неадназначныя, але бясспрэчна адно: нішто на зямлі не праходзіць без следу. І падзеі 96-гадовай даўнасці – не выключэнне. На вашу думку, які след у гісторыі пакінула Кастрычніцкая рэвалюцыя?


Віктар Збігневіч Свіла:
– Гэта падзея мае вялікае ідэалагічнае значэнне, бо ляжыць у аснове ідэалогіі нашай дзяржавы. Менавіта таму гэтая дата прысутнічае ў нашым календары як дзяржаўнае свята суверэннай рэспублікі. Адносіны да гэтай падзеі былі неадназначныя, быў перыяд бурных дыскусій – але ўсё гэта адышло ў нябыт. І я ўпэўнены, што рэвалюцыя 1917 года паўплывала на ход развіцця не толькі нашай краіны, але і ўсяго чалавецтва.


Расціслаў Арсенцьевіч Герт:
– Я згодзен, што Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя мела глабальнае значэнне не толькі для Расіі, але і для Беларусі, і шэрагу іншых краін. Менавіта таму імперыялістычныя сілы звярнулі ўвагу на тое, што адбывалася ў Расіі, і накіравалі свае намаганні на падаўленне “бальшавісцкага мецяжу”. Але гэта была народная рэвалюцыя. Калі б гэта быў мяцеж – яго б падавілі. Пасля лютаўскай рэвалюцыі сілы падзяліліся: камуністы, бальшавікі, эсэры, кадэты… Але народ прыслухаўся да слова лідара партыі камуністаў – партыі Леніна. І з гэтай сілай ніхто не змог справіцца. Бо рэвалюцыя можа перамагчы толькі тады, калі яе падтрымліваюць.
Вялікі Кастрычнік разварушыў увесь свет. За 19 гадоў, што прайшлі з часу заканчэння грамадзянскай вайны і пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Савецкая Расія пераадолела адсталасць, голад і галечу. Пачала развівацца прамысловасць і эканоміка краіны. Увогуле, пералічваць станоўчыя вынікі рэвалюцыі можна шмат і доўга. Але галоўнае – дзякуючы ёй Беларусь стала самастойнай краінай.


Сяргей Віктаравіч Шэін:
– Гаварыць пра падзеі мінулага стагоддзя няпроста. Я Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю ўспрымаю як стужку палітычных падзей пачатку 20 стагоддзя. У свой час гісторыю мы вывучалі з пункту гледжання вялікай краіны СССР, а не незалежнай Беларусі, ды і доступ да гістарычных крыніц быў не зусім свабодны. Акрамя таго, сённяшні погляд на гісторыю крыху змяніўся.
Я добра памятаю з падручнікаў па гісторыі перыяд 1913 года, калі Расія была дастаткова развітай эканамічнай дзяржавай. І галоўная супярэчнасць, якая тады існавала, – гэта развіццё вытворчых сіл і прыватных ініцыятыў. Галоўнай вытворчай сілай на той час былі сяляне, якія не мелі зямлі. І гэта быў галоўны козыр, які выкарысталі многія палітычныя сілы. Лютаўская дэмакратычная рэвалюцыя галоўным лозунгам прапанавала ўвядзенне грамадзянскіх інстытутаў і іншых дэмакратычных свабод, якія садзейнічалі прыняццю мер, з дапамогай якіх можна было вырашыць сялянскія пытанні.
Са школьных падручнікаў мы таксама памятаем, што пачатак 20 стагоддзя – гэта ўсплеск развіцця навукі і тэхнікі ва ўсім свеце. Гэта вялікая колькасць вынаходніцтваў, у тым ліку і ў Расіі. Гэта пік развіцця. Таму гаварыць пра беднасць і галечу немэтазгодна і няправільна.
У Беларусі ў гэты час таксама назіраліся велізарныя скачкі ў развіцці прамысловасці і стварэнні вытворчасці. І падзеі, якія адбыліся ў 1905, 1913 і 1917 гадах дазвалялі краіне эвалюцыянаваць. І Кастрычніцкая рэвалюцыя была граматным палітычным пераваротам ініцыятыўнай партыі на чале з Леніным, якая і ўзяла ўладу ў свае рукі. Дзякуючы ленінскім ідэям па правах нацый на самавызначэнне, Беларусь атрымала дзяржаўнасць, пачалося развіццё ўсіх сфер грамадства, што дазволіла падняць ініцыятыву на месцах.
Аднак, калі глядзець на гэтую падзею з пункту гледжання рэалізацыі вялікадзяржаўнага шавінізму палітыкі Сталіна, то ішло затармажэнне права на самавызначэнне, быў нанесены вялікі ўрон нацыянальнаму руху.
Сёння мы з радасцю гаворым, што жывём у самастойнай дзяржаве. Але яна магла стаць такой і раней, каб не дваякая пазіцыя галоўных лідараў партыі бальшавікоў на той момант. Таму сёння можна сказаць, што ў рэвалюцыі былі і плюсы, і мінусы.


Аляксандр Яўгеньевіч Клімчэня:
– Мне давялося працаваць у час актыўнага станаўлення нашай суверэннай дзяржавы. І сёння я хацеў бы сказаць такія словы: “Няўжо дрэнна быць сучаснікамі свайго перыяду, сваёй эпохі?!”. Мы былі сучаснікамі сваёй эпохі – і ўсе выйшлі з рэвалюцыі. Маё станаўленне праходзіла ў сямідзясятыя гады. Мы не спрачаліся пра рэвалюцыю, не разбіраліся ў тым, як яна адбылася, і дакладна ведалі, хто перамог і як дасталася гэтая перамога. І не толькі ў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, але і ў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнах.
На той час яшчэ жылі сведкі тых даўніх падзей – і гісторыю мае сучаснікі вывучалі не толькі па кнігах, але і па іх аповедах. Я не раз сустракаўся з людзьмі, якія верылі ў Кастрычніцкую рэвалюцыю і гістарычныя падзеі пачатку 20 стагоддзя не ставілі пад сумненне.
У Астравец я прыехаў у 1973 годзе. Я – педагог і працоўную дзейнасць пачынаў у Гірскай школе. Але адназначна адно: усе, з кім я ў той час працаваў, сведкі тых падзей і мае сучаснікі, імкнуліся жыць і працаваць дзеля ідэй Вялікага Кастрычніка і для народа. Мне пашанцавала працаваць з цудоўнымі педагогамі. І сёння я хацеў бы назваць іх прозвішчы. Гэта Мікалай Іванавіч Багачоў і Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч. Яны навучылі жыццю. Менавіта тады я ўступіў у рады камуністычнай партыі – і сёння ўпэўнены, што людзі, якія прайшлі школу партыі, былі загартаванымі. І пазней я сустракаўся з самымі рознымі людзьмі – кіраўнікамі, калгаснікамі, – якія былі верныя ідэям рэвалюцыі. Многія з іх былі ўзнагароджаны Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта ўзнагарода дорага каштавала, бо яе атрымлівалі за практычныя справы – надоі, прыбаўленні ў вазе, накосы. Я з удзячнасцю ўспамінаю Тамару Андрэеўну Зарэцкую, Анатоля Іванавіча Бацюлева, Часлава Іосіфавіча Рынкевіча, Уладзіміра Платонавіча Буракова, Расціслава Арсенцьевіча Герта, з якімі мне пашчасціла сустракацца і працаваць. Зразумела, што назваў я не ўсіх. Такіх людзей, якія працавалі дзеля радзімы, дзеля ідэй, было шмат. І сёння вельмі б хацелася, каб усё тое добрае, што мы рабілі, чаму верылі, не прапала, а засталося, прычым не толькі ў памяці нашых нашчадкаў.
Няўжо дрэнна было быць акцябратамі, піянерамі, камсамольцамі?! І вельмі добра, што гэтыя традыцыі і сёння жывуць у нашай краіне. Так, нядаўна мне выдалася пабываць у Мінску: я наведаў плошчу Дзяржаўнага Сцяга – пачуцці незабыўныя.
А Кастрычніцкая рэвалюцыя для мяне – гэта эпахальная падзея, якая абавязкова застанецца ў гісторыі.


Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч:
– Пасля буржуазнай рэвалюцыі ў Расіі было прынята шмат добрых законаў – на жаль, усе яны засталіся на паперы. Яны давалі магчымасць ствараць партыі, удзельнічаць у выбарах… “Тармазіла” ўсё дваякая пазіцыя: з аднаго боку – захаваць царызм, з другога – супакоіць народныя хваляванні. Але так не атрымалася.
У жніўні 1917 года Мікалай ІІ выдаў указ увесці карны атрад у Пецярбург з мэтай знішчаць усіх, хто выступае супраць царскай улады. І каб ён сам узначаліў гэты атрад, то рэвалюцыі, магчыма, і не адбылося. Але Мікалай ІІ паехаў на адпачынак. Гэты час і выкарыстала партыя бальшавікоў, якая выдала Дэкрэты аб міры, аб зямлі і шэраг іншых. І народ, і ваенныя такія рашэнні падтрымалі – у выніку рэвалюцыя прайшла бяскроўна. Цікава, што першым прызнаў рэвалюцыю патрыярх Веніамін, а потым і Свяшчэнны Сінод прызнаў яе неабходнасць.
Значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі вялікае, таму яе гісторыю трэба вывучаць і абавязкова памятаць.
На мой погляд, галоўны станоўчы момант тых падзей – гэта стварэнне самастойных дзяржаў з мэтай пабудовы сацыялістычнага грамадства. І калі нешта не атрымалася, то вінаватыя ў гэтым не ідэі, а асобныя кіраўнікі.
Камуністычная партыя Беларусі і сёння падтрымлівае ідэі таго часу. Дарэчы, мы адыгрываем не апошнюю ролю ў развіцці нашай краіны. Хацелася б, каб нашы ідэі падтрымала і моладзь, бо мы таксама думаем пра яе шчаслівую будучыню.
Камуністы і сёння адзначаюць Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 2007 годзе ў Астраўцы быў устаноўлены новы помнік Леніну, і штогод каля яго праходзяць мітынгі, да помніка ўскладваюцца кветкі.


Аксана Паўлаўна Лазарава:
– Сёння мы жывём у незалежнай дзяржаве і, як пераемнікі камсамола, захоўваем яго традыцыі.
Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі – 11 гадоў. І сёння адным з галоўных момантаў нашай праграмы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У рамках гэтага накірунку ў краіне і ў нашым раёне праходзіць шэраг акцый і мерапрыемстваў, сярод якіх “100 ідэй для Беларусі”, сувязь з ветэранскімі арганізацыямі, валанцёрскі рух “Добрае сэрца”, які аб’ядноўвае тысячы людзей, гатовых у любы момант прыйсці на дапамогу.
Ад камсамола мы перанялі і другасную працоўную занятасць. Моладзь сёння з задавальненнем працуе ў студэнцкіх будаўнічых атрадах. І для нас вельмі пачэсна, што менавіта на Астравецкай зямлі быў пакладзены пачатак беларуска-расійскаму студэнцкаму будаўнічаму атраду “Энергетык”, які працаваў на ўзвядзенні будаўнічых аб’ектаў Беларускай АЭС. І мне вельмі радасна было пачуць прапанову Прэзідэнта нашай краіны аб аб’яўленні будаўніцтва АЭС маладзёжнай будоўляй.


Фаіна Мікалаеўна Блашкевіч:
– Я згодна з Аляксандрам Яўгеньевічам у тым, што мы былі людзьмі сваёй эпохі. Пра Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю мы ведалі з падручнікаў гісторыі і свята верылі ўсяму, што там было напісана.
Амаль усё маё свядомае жыццё звязана з Астравеччынай. Пачынала працаваць у Доме піянераў – па прафесіі я настаўнік. Потым 33 гады аддала працы ў райвыканкаме. Да таго ж вяла пяць грамадскіх нагрузак: узначальвала таварыствы кнігалюбаў і барацьбы за цвярозасць, была прапагандыстам, сакратаром камсамольскай арганізацыі і старшынёй прафкама. І ўсё гэта было не ў цягасць, а ў радасць. Зрэшты, на мой погляд, моладзь таго часу заўсёды была ініцыятыўнай і працавала з энтузіязмам.
У 1984 годзе я ўзначаліла пасялковы Савет. Той перыяд быў вельмі важным і цікавым. Канешне, не ўсё, пра што марылася, мы змаглі ажыццявіць, і тым не менш і сёння ў памяці засталіся яскравыя моманты правядзення дэманстрацый. Святочна, урачыста, незабыўна. Зразумела, што гэтыя дні сёння не вернеш, але ўспомніць прыемна.
Што там гаварыць, Астравец таго часу вельмі адрозніваўся ад сучаснага прыгожага горада, які змяніўся, дзякуючы сённяшняму старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку. І калі б жыхары гарадскога пасёлка сямідзясятых гадоў сёння трапілі ў Астравец, асабліва з боку Бялькішак, не паверылі б сваім вачам. А ўсё гэта і раней, і сёння робіцца дзякуючы ініцыятыўнасці і энтузіязму неабыякавых да сваёй радзімы людзей.


Наталля Уладзіміраўна Сянюць:
– Рэвалюцыя дала народам і краінам мір і свабоду. Я згодна з Расціславам Арсенцьевічам, што да рэвалюцыі былі голад, разруха, вайна. Страшная карціна. І менавіта рэвалюцыя стала магутным рухавіком для развіцця грамадства. Як чалавек, народжаны ў часы Савецкага Саюза, я ніколі не бачыла ніякіх мінусаў у наступствах Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. І сёння я ганаруся, што жыву ў краіне, якая развіваецца і квітнее.
Як сцвярджаецца ў школьных падручніках па гісторыі, у краіне на той час дзейнічала 26 партый і бальшавікі прадстаўлялі меншасць. Але тым не менш, маленькая група людзей змагла ўбачыць і пачуць патрабаванні і пажаданні народа і перамагчы.
За дзесяць гадоў, што я жыву ў Астраўцы, ён вельмі змяніўся. І ўсё гэта адбывалася на нашых вачах. Мы былі і з’яўляемся сведкамі гісторыі.
Сёння колькасць членаў грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, якую я ўзначальваю, амаль наблізілася да 1000 чалавек. Гэта тыя людзі, якія выступаюць за моцную і квітнеючую Беларусь. Я не магу сказаць, што сёння людзі сталі менш ініцыятыўнымі. Мы выходзім на суботнікі, удзельнічаем у дэманстрацыях і ўрачыстых мітынгах – і ні разу ніхто не сказаў, што яму гэта не патрэбна. Значыць, і сёння нас аб’ядноўвае адзіная мэта – мы будуем моцную дзяржаву для сябе і будучых пакаленняў.


Віктар Збігневіч Свіла:
– Найбольш канцэнтравана ўплыў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі абазначаны ў першым артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім сцвярджаецца, што Беларусь з’яўляецца дэмакратычнай, суверэннай, прававой, сацыяльнай дзяржавай. І ўсе гэтыя азначэнні, пачынаючы з суверэннага, вядуць свой пачатак і заснаваны на Ленінскіх прынцыпах.
Прававая – значыць, справядлівая. Менавіта пад гэтым лозунгам бальшавікі праводзілі Кастрычніцкую рэвалюцыю. Пра ўсё, што мы сёння маем і прымаем: васьмігадзінны працоўны дзень, штогадовы, аплачваемы адпачынак, бясплатныя адукацыя і медыцына і іншыя сацыяльныя даброты, якія маюць пад сабой юрыдычную аснову, – марылі ў 1917 годзе, калі ажыццяўлялі рэвалюцыю.
Сацыяльны характар дзяржавы на практыцы пацвярджаецца тымі самымі прыкладамі. Сёння мы маем развітую сістэму сацыяльнай абароны. Хаця толькі ў 60-я гады пачалі гаварыць пра пенсіённае забеспячэнне. Раней такога паняцця, як пенсія, не існавала. Усе гэтыя азначэнні сталі магчымымі толькі дзякуючы падзеям 1917 года.
Да сённяшняга Астраўца і Астраўца будучага, які сёння яшчэ толькі адлюстраваны на картах і планах, павінны былі прайсці гады, пачынаючы з 1917. І гэтыя гады былі складанымі і неадназначнымі. Але сёння мы ўсе з задавальненнем канстатуем, што ў нас працягваюцца традыцыі маладзёжнага і камуністычнага рухаў, нягледзячы на тое, што ў краіне зарэгістравана 17 палітычных партый. Мы гаворым, што наша краіна – дэмакратычная дзяржава. Мы маем магчымасць выбіраць парламент і кіраўніка дзяржавы. І ўсе гэтыя працэдуры прапісаны ў Выбарчым Кодэксе. Але, каб усё гэта ажыццявілася і стала рэчаіснасцю, у якой мы сёння жывём, павінны былі прайсці дзесяцігоддзі.
І калі хтосьці гаворыць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя была памылкай ці эксперыментам, з гэтым нельга згаджацца – ніколі і ні пры якіх абставінах, таму што гэта рэальны гістарычны факт. Кастрычніцкая рэвалюцыя дала вялікія магчымасці. І колькі б часу ні прайшло, верыцца, што нашы нашчадкі будуць упэўнены ў станоўчым выніку Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.


– Са школьных урокаў гісторыі ўсе добра ведаюць, што ў ноч з 7 на 8 лістапада па новым стылі ў Петраградзе адбылася рэвалюцыя, што выстраліў крэйсер Аўрора, што ўзброеныя салдаты, рабочыя і маракі захапілі пошту, тэлефон, тэлеграф і Зімні Палац, скінулі Часовы Урад і абвясцілі Уладу Саветаў. Да 1991 года 7 лістапада адзначалася ў СССР як галоўнае свята краіны, і назва ў яго была больш доўгая: Дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі. Гэта быў “чырвоны” дзень календара, дзяржаўнае свята, падчас якога праходзілі ваенныя парады і дэманстрацыі працоўных.
На жаль, у апошнія дзесяцігоддзі стаўленне да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў многіх краінах, у тым ліку і ў Расіі, неадназначнае. У Беларусі ж Дзень 7 лістапада і сёння застаўся выхадным днём і дзяржаўным святам. І што б ні гаварылі, адно вядома дакладна: рэвалюцыя аказала велізарны ўплыў на развіццё многіх краін і сур’ёзна паўплывала на ход гісторыі.
Гэта меркаванне пацвердзілася і падчас “круглага стала”: спрэчкі пакаленняў не адбылося. Усе рознымі словамі гаварылі пра адно і тое ж – перамогу і станоўчы ўплыў Вялікага Кастрычніка.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.