Делегация Островца побывала в Швенчёнисе

13:00 / 26.07.2013
Напэўна, у пэўнай ступені сімвалічна, што дзень вызвалення Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які святкуецца ў дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, амаль  што супадае з днём утварэння літоўскага горада Швянчоніса, які, як вядома, з’яўляецца пабрацімам Астраўца.

На галоўнае свята кіраўніцтва горада  традыцыйна  запрашае  сваіх сяброў  з  іншых  гарадоў і  краін  – Польшчы,  Беларусі,  Турцыі,  Грузіі, Мексікі. І вось ужо каторы год сярод іх на пачэсным месцы – дэлегацыя Астраўца.
Сёлета 6-7 ліпеня ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню  Дня  ўтварэння  Швянчоніса, прынялі  ўдзел  намеснік  старшыні райвыканкама  Віктар  Збігневіч Свіла,  галоўны  ўрач  цэнтральнай раённай  бальніцы,  намеснік  старшыні раённага  Савета дэпутатаў  Валянцін Ігнатавіч  Тачоны,  галоўны  спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель.
Членаў  астравецкай  дэлегацыі сустракалі  ў  горадзе-пабраціме,  як даўніх сяброў. Іх пазнаёмілі з горадам, з яго гісторыяй, якая лепш за ўсё адлюстравана ў багатай экспазіцыі гарадскога музея.
З  сённяшнім  днём Швянчоніса  беларусы знаёміліся  не  толькі  падчас  аглядавай  экскурсіі, але  і  на  выставе-продажы вырабаў народных умельцаў краю,  падчас  наведвання  фабрыкі  лекавых  траў, на  рэспубліканскім  свяце ансамбляў песні і танца “Літва – наш агульны дом”.
Свае  віншаванні  і падарункі  сябрам  і  суседзям  з  нагоды  свята  Віктар Збігневіч  Свіла  ўручыў  на ўрачыстым пасяджэнні савета самакіравання ў Швянчонскім цэнтры культуры.
Падчас  святочных мерапрыемстваў  знайшоўся час і магчымасць і для абмеркавання  перспектыў двухбаковага супрацоўніцтва, будучых сустрэч і ўзаемадзеяння ў розных напрамках жыцця нашых такіх блізкіх, хоць і раздзеленых дзяржаўнай мяжой, рэгіёнаў.


_______________


Ніна АЛЯКСЕЕВА.