Министр торговли ответил на вопросы островчан

10:40 / 22.10.2012
4
“Прамая лінія” з міністрам гандлю Рэспублікі Беларусь Валянцінам Сяргеевічам Чэканавым адбылася ў райвыканкаме.

На працягу дзвюх гадзін кожны жадаючы мог патэлефанаваць і задаць цікавячае пытанне або запісацца і прыйсці на прыём да Валянціна Сяргеевіча асабіста. Аднак у выніку “Прамая лінія” атрымалася не вельмі насычанай – званкоў было няшмат, і большасць тэлефануючых звярталіся не з пытаннямі, а з падзякай.


– Добры дзень. Я пражываю ў вёсцы Міхалішкі. І хачу вам паведаміць, што ў нас вельмі добры магазін. Тут працуюць мілыя, ветлівыя людзі. Я – чалавек пажылы, знаходжуся на пенсіі, таму магу чагосьці ў магазіне не ўбачыць. Але прадаўцы заўсёды падкажуць, дапамогуць. І гэта, па-мойму, самае галоўнае для людзей. У магазіне – чыста, прыгожа і ўтульна. І асартымент – разнастайны. Словам, у нашым магазіне ёсць усе, што толькі патрэбна чалавеку. Таму дзякуй за такое абслугоўванне.

– Гэта вам дзякуй за такія добрыя і цёплыя словы, – падзякаваў жанчыне Валянцін Сяргеевіч. – Скажыце, а яблыкі ў вашым магазіне прымаюць?


– А як жа! Прымаюць. Летам ягады і грыбы прымалі, зараз – яблыкі. У нас тут сервіс што трэба.

– Гэта вельмі важна, бо сёлета багаты ўраджай яблыкаў, і мы кантралюем, каб магазіны закуплялі іх у насельніцтва. Яшчэ раз дзякуй за добрыя словы ў адрас работнікаў гандлю.


– Прывітанне. Тэлефануе вам жыхарка вёскі Кямелішкі. Шчыра кажучы, хачу падзякаваць за работу калектыў магазіна “Прадукты”. Мы вельмі задаволены іх абслугоўваннем – ідзеш у краму і ведаеш, што цябе ветліва сустрэнуць і, калі трэба, дапамогуць. Адпаведна, і тавар у магазіне разнастайны і патрэбны – тут можна купіць усё неабходнае. Якасны тавар і прыветлівае абслугоўванне – а што яшчэ трэба нам, пакупнікам?


– Дзякуй. Будзем спадзявацца, што так будзе працягвацца і далей.


На прыём да міністра гандлю прыйшла жыхарка Катлоўкі з наступнай праблемай:


– Нашу вёску абслугоўвае аўтамагазін, які прыязджае два разы на тыдзень. Аднак стан аўтамагазіна проста жахлівы. Там няма ніякага абсталявання, проста аўтамабіль з будкай. Летам прадукты псуюцца, зімой – замярзаюць, а ў выніку церпім мы – звычайныя пакупнікі. На абслугоўванне ніякіх нараканняў няма, наадварот прадавец заўсёды ветлівы. А вось якасць тавару…


Растлумачыць сітуацыю Валянцін Сяргеевіч папрасіў старшыню райспажыўтаварыства Міраславу Раймундаўну Блашкевіч, якая таксама прысутнічала на “Прамой лініі”.


– Наш раён абслугоўваюць 6 аўталавак райспажыўтаварыства. Тры з іх – новыя, з сучасным абсталяваннем. Іншыя плануем замяніць. Першы на чарзе – аўтамагазін, якія якраз абслугоўвае Катлоўку.


– Трэба гэты працэс паскорыць, – унёс свае карэктывы міністр гандлю. – Звярнуцца з адпаведным запытам да старшыні аблспажыўтаварыства – і каб на працягу месяца быў дадзены канкрэтны адказ. Самы крайні тэрмін – каб да Новага года жыхароў Катлоўкі абслугоўвала новая аўталаўка. Пакуль жа вазьміце пад уласны кантроль і зрабіце ўсё магчымае, каб людзі атрымлівалі якасны тавар. Мы павінны працаваць для людзей і рабіць усё, каб яны былі задаволены.


---------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.