Якія пытанні ўздымалі астраўчане падчас дня інфармавання

14:36 / 24.02.2012
1

Дзень інфармавання насельніцтва, які адбыўся на мінулым тыдні, быў прысвечаны вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Астравецкага раёна за 2011 год, стану супрацьпажарнай бяспекі ў Гродзенскай вобласці і Астравецкім раёне.


У 2011 годзе Астравецкім раёнам забяспечана выкананне большасці даведзеных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна ў 2011 годзе выраблена валавай прадукцыі ў сапастаўных цэнах на суму 124,5 млрд. рублеў, прамысловай прадукцыі – на суму 33,9 млрд. рублеў.
У 2011 годзе ў Астравецкім раёне зарэгістравана 39 пажараў, на якіх загінула 9 чалавек. У бягучым годзе зарэгістравана 10 пажараў, загінуў 1 чалавек у г.п. Астравец. У асноўным пажары здараюцца па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, замыкання электраправодкі, парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення, дзіцячага свавольства з агнём і інш.
Абласная інфармацыйна-прапагандысцская група ў складзе В.Ф. Куляка, намесніка начальніка камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Гродзенскага аблвыканкама і А.П. Берасневай, галоўнага рэдактара абласной газеты “Гродзенская праўда”, пабывалі ў калектыве ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь”. Удзельнікі сустрэчы задалі шмат пытанняў па тэме будаўніцтва жылля, набыцця аблігацый на яго пакупку, аб перадачы чэкаў “Жыллё”. Таксама прысутныя цікавіліся пытаннямі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва – у прыватнасці тым, чаму хворыя з нашага раёна накіроўваюцца ў абласную бальніцу, якая знаходзіцца далей, чым Мінск, уздымалі праблему высокага кошту лекавых прэпаратаў для цяжкіх хворых і іншыя.
На сустрэчы па тэме супрацьпажарнай бяспекі выступіў В.І. Салавей, намеснік начальніка РАНС. Пытанні, на якія ён адказаў, тычыліся кошту ўстаноўкі пажарных апавяшчальнікаў, работы з нядабрадзейнымі сем’ямі і іншыя.
У сустрэчы прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы А.Я. Клімчэня і галоўны спецыяліст аддзела К.Л. Лянкевіч.
З супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў сустрэўся начальнік аддзела грамадзянства і міграцыі Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Д.С. Леўчанка.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч правёў сустрэчу са старшынямі сельскіх Саветаў, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, з жыхарамі Падольскага сельсавета.
Намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі ў гэты дзень пабываў на кардоннай фабрыцы “Альхоўка”.
Цікава прайшла сустрэча старшыні Гудагайскага сельсавета М.І. Безляповіч з жыхарамі вёскі Байканы, якая адбылася ў сельскім магазіне.
Старшыня Астравецкага сельвыканкама В.І. Ярмак наведаў Мальскую базавую школу, дзе сустрэўся з настаўнікамі і тэхнічным персаналам.
Змястоўна прайшла сустрэча з работнікамі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Міхалішкі”, якую правяла ў рамонтных майстэрнях вёскі Міхалішкі намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Я.В. Чаплінская. Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях С.К. Дыдышка і Э.Э. Малышка пабывалі ў калектывах Гервяцкай і Рымдзюнскай сярэдніх школ.
Намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый правялі дні інфармавання ў сваіх працоўных калектывах.


Наступны дзень інфармавання насельніцтва адбудзецца 15 сакавіка, свае пытанні дасылайце ў аддзел ідэалагічнай работы ці па тэлефоне 2-15-79.


Аляксандр КЛІМЧЭНЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы.