З лютага пенсіі павысяць

08:00 / 13.02.2012

У Беларусі з лютага бягучага года ўзрастаюць пенсійныя выплаты, паведамілі карэспандэнту БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Так, працоўныя пенсіі ў лютым у выніку пераразліку будуць павялічаны ў сярэднім на 24 працэнты. Гэта павышэнне адчуюць больш як 2,4 млн. чалавек, якія атрымліваюць працоўныя пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацабароне. Нагадаем, у адпаведнасці з указам № 35 «Аб павышэнні пенсій», пераразлікі працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў 2012 годзе будуць ажыццяўляцца штоквартальна.
Варта адзначыць, што памер пенсіі кожнага канкрэтнага пенсіянера залежыць ад індывідуальных параметраў яго стажу работы, велічыні заработку і іншых даных, зафіксаваных у матэрыялах пенсійнай справы, у тым ліку ад наяўнасці права на надбаўкі і павышэнні да пенсіі.
Акрамя таго, вышэйзгаданым указам з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена дадатковая мэтавая даплата да пенсій пажылым грамадзянам, якая будзе выплачвацца штомесяц непрацуючым пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым. Даплаты ўстаноўлены да пенсій амаль 600 тыс. чалавек, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацабароне: для асоб, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, – 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту, 80 гадоў і старэйшых – 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Такім чынам, памер студзеньскай даплаты за даўгалецце складае адпаведна Br107 тыс. 770 і Br143 тыс. 700. А з лютага бягучага года памер мінімальнай пенсіі па ўзросту ўзрастае да Br176 тыс. 720. Такім чынам, памер пенсійных бонусаў складае з лютага Br132 тыс. 540 і Br176 тыс. 720 адпаведна. Прычым выплата студзеньскай даплаты будзе праведзена ў лютым 2012 года – разам з лютаўскай пенсіяй і даплатай да яе, падкрэслілі ў міністэрстве.
З 1 лютага таксама адбудзецца чарговы пераразлік мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, а таксама надбавак і павышэнняў, устаноўленых да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў. Пераразлік праводзіцца ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.


БелТА.