Пра план і планы

15:44 / 27.01.2012

Першы ў гэтым годзе дзень сельвыканкама прайшоў у Спондаўскім сельскім Савеце.


У мінулым годзе папулярная раней форма работы з органамі мясцовай улады не асабліва практыкавалася, на працягу года адбыліся толькі адно ці два падобныя семінары-пасяджэнні, на якіх з выездам на месца аналізуецца работа сельвыканкамаў. Пры падвядзенні вынікаў работы Спондаўскага дня сельвыканкама старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька сказаў, што такая “няўвага” да дзейнасці органаў улады на месцах была свядомай і ў пэўнай ступені — правакацыйнай.


—Наперадзе ў нас – рэфармаванне сельвыканкамаў, і я знарок аслабіў кантроль за іх работай, каб паглядзець і прааналізаваць, як яны будуць працаваць самастойна. Як паказаў мінулы год, далёка не ўсім гэта пайшло на карысць, некаторыя старшыні проста “залеглі ў спячку”, абмежаваўшы сваю дзейнасць мінімумам неабходных дзеянняў. Але работа ў мінулым годзе стане падставай для арганізацыйных вывадаў – рыхтуйцеся.


Адзін з першых такіх “аргвывадаў” – рашэнне райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў аб тым, што  ў гэтым годзе дні сельвыканкама будуць праводзіцца рэгулярна, незалежна ад занятасці яго ўдзельнікаў і ўмоў надвор’я. Графік іх быў вызначаны жорсткі: кожны трэці чацвер месяца. І куды паедуць знаёміцца з работай старшыні сельвыканкамаў з усяго раёна і кіраўнікі асноўных раённых аддзелаў і службаў, будзе вядома літаральна за пару дзён. Тэматыка таксама неабмежаваная: у полі зроку акажуцца ўсе аб’екты сацыяльнай інфраструктуры той ці іншай тэрыторыі, усе без выключэння пытанні, з якімі працуе сельвыканкам.


Аднаўляць добра вядомую форму работы ў новым фармаце давялося самаму аддаленаму Спондаўскаму сельвыканкаму. Зразумела, што за два дні, даведаўшыся аб прыездзе гасцей, асабліва падрыхтавацца да іх прыёму немагчыма. Але ў гэтым ёсць і свая каштоўнасць: становішча спраў можна пабачыць такім, якім яно з’яўляецца на самой справе.


Але трэба сказаць да гонару кіраўніцтва Спондаўскага сельвыканкама — тут ніколі і не стараліся будаваць “пацёмкінскія вёскі” і пускаць гасцям “пыл у вочы”. У гэтым сельскім Савеце ёсць, канешне, пэўныя – і немалыя! – праблемы, звязаныя з аддаленасцю ад райцэнтра і своеасаблівым “пагранічным” становішчам – з’ездзіць у Свір Мядзельскага раёна яго жыхарам намнога прасцей, чым дабрацца ў Астравец. І, нягледзячы на прыгажосць гэтага краю, якой так любяць захапляцца прыезджыя, вёскі на Спондаўшчыне незваротна пусцеюць: насельніцтва сельскага Савета складае крыху больш тысячы чалавек і змяншаецца з году ў год. Дастаткова сказаць, што з 58 населеных пунктаў, што зарэгістраваны на яго тэрыторыі, толькі ў чатырох – вёсках Страча, Страчанка, Спонды і Масцяны – пражывае больш за 50 чалавек. Шэсць з іх абязлюдзелі поўнасцю, а на 19 хутарах жыве 26 жыхароў…


І тым не менш тут ва ўсіх сферах дзейнасці ёсць свая адмецінка. Да прыкладу, у Страчанскім Доме культуры, дзе няма ні вялікага шыкоўнага памяшкання, ні сучаснай музычнай апаратуры, з-за чаго моладзь ездзіць на танцы ў суседнюю Мінскую вобласць, тым не менш знайшлі свае формы работы: аматарскае аб’яднанне “Дабрыня”, якім кіруе загадчыца Дома Культуры Міраслава Ізыдораўна Якіменка, ставіць перад сабой простыя, як жыццё, і такія ж актуальныя задачы: дапамагчы тым людзям і ў тых справах, дзе гэтая дапамога найбольш патрэбная. Славяцца ў раёне і за яго межамі і драматычныя калектывы гэтага Дома культуры, і гурток саломапляцення, якім кіруе Ганна Францаўна Трубіцкая – у гэтым удзельнікі дня сельвыканкама змаглі пераканацца на свае вочы на выставе вырабаў з саломкі, розных карцін, пано і нават ікон, зробленых кіраўніком гуртка і яе выхаванцамі. А яшчэ адным пацвярджэннем паспяховай дзейнасці страчанскіх работнікаў стаў дыплом за другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе “Свет захапленняў” – гэтую ўзнагароду дырэктару Страчанскага Дома культуры М.І. Якіменка пад апладысменты прысутных уручыў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.


Пазнаёміліся ўдзельнікі дня сельвыканкама і з работай Страчанскага магазіна, у Спондах наведалі мясцовы ФАП, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі. Тут у размове зноў паўстала праблема своеасаблівасці гэтай тэрыторыі: яе аддаленасць і раскіданасць. Але, нягледзячы ні на якія абставіны, пенсію, выпісаныя газеты ці пісьмы пошта абвязана данесці кожнаму ў тэрмін, не зважаючы ні на адсутнасць дарог, ні на іх замеценасць снегам  – у дзень правядзення сельвыканкама апошняя праблема была, што называецца, відавочнай: на вуліцы мяло безупынна, і нават на адносна прыстойных дарогах вялікі аўтобус ледзь праходзіў. А паштовым машынам у любое надвор’е  трэба даехаць да кожнай вёскі, паштальёнам – дайсці да кожнага хутара... Каб зменшыць затраты і палепшыць якасць абслугоўвання кліентаў, раённы вузел паштовай сувязі ўкараніў не толькі матарызаваную дастаўку пошты, але і стварыў перасоўнае паштовае аддзяленне, якое “прыпісана” менавіта да Спондаўскага сельсавета.


У Спондаўскай сярэдняй школе, дзе гасцей сустрэла маладая і энергічная дырэктар Кацярына Іванаўна Емяльян, размова таксама ішла не толькі пра перамогі, але і пра праблемы гэтай установы адукацыі. Дасягненні, безумоўна, ёсць: Кацярына Іванаўна не без гонару паведаміла, што шасцёра з сямі леташніх выпускнікоў школы ў мінулым годзе сталі студэнтамі ВНУ, што на рахунку яе вучняў – 15 прызавых месцаў на розных конкурсах і спаборніцтвах у раёне, чатыры пераможныя дыпломы яны прывезлі з абласных спаборніцтваў і тры – з рэспубліканскіх. А асноўнай з праблем, якія хвалююць і дырэктара школы, і мясцовую ўладу, і кіраўніцтва раёна – цяпло, якога ў гэтай установе адукацыі ў халодныя зімовыя дні недастаткова – кожны з прысутных змог гэта адчуць, што называецца, на сваёй скуры. А яшчэ – вада: з яе падачай і якасцю таксама ёсць праблемы. Усе гэтыя пытанні можна зняць з парадку дня, калі перадаць камунальныя сеткі і школьную кацельню РУП ЖКГ, але пытанне гэтае пакуль знаходзіцца ў стадыі вырашэння.


У працэсе стасункаў была ўзнята і яшчэ адна актуальная для жыхароў гэтай тэрыторыі праблема – адсутнасць хуткаснага інтэрнэту. Так, Белтэлекам прадастаўляе магчымасць выхаду ў інтэрнэт, без якога немагчыма ўявіць жыццё сучаснага чалавека – але, як сказаў нехта з мясцовых, спрабаваць выйсці ў сусветную павуціну цераз стацыянарную тэлефонную сетку – гэта свядома губляць грошы, час і нервы. У начальніка РВЭС М.У. Хіневіча свае аргументы: несці дадатковыя затраты для падвядзення хуткаснага інтэрнэту немэтазгодна, бо ў Спондаўскім сельсавеце карыстальнікаў можна пералічыць на пальцах адной рукі. Але, як паказала далейшая размова, не такія ўжо і “цёмныя” жыхары Спондаўчшыны, і яны карыстаюцца сучаснымі сродкамі сувязі гэтак жа, як і людзі ва ўсім свеце – але абыходзяцца без паслуг неразваротлівага Белтэлекама, аддаючы куды большыя грошы за належную якасць і хуткасць выхаду ў інтэрнэт мабільным аператарам.


На пленарным пасяджэнні, якое прайшло з удзелам старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, гаспадар, старшыня Спондаўскага сельвыканкама Віталій Іванавіч Івашкевіч, расказаў пра справы, якія ўдалося зрабіць у мінулым годзе. Адной з такіх стала сумесная работа сельвыканкама і насельніцтва вёскі Вераб’і па агароджванні вясковых могілак – і гэты станоўчы прыклад супрацоўніцтва можна было б укараніць у паўсядзённую дзейнасць і іншым органам мясцовай улады. Таксама старшыня сельвыканкама падзяліўся радасцю, што нарэшце ўдалося арганізаваць з дапамогай РУП ЖКГ цэнтралізаваны збор і вываз цвёрдых бытавых адходаў у большасці населеных пунктаў. Спондаўскі сельскі Савет – адзіны ў раёне, дзе закупам лішкаў малака ў насельніцтва займаецца спецыяльна створаная пры сельвыканкаме структура. У мінулым годзе было закуплена 397 тон пры сярэдняй тлустасці 3,91 працэнта – з улікам таго, што колькасць кароў у асабістым карыстанні грамадзян пастаянна змяншаецца, гэта вельмі неблагі паказчык. І хоць асаблівага прыбытку закупшчыкі ад гэтага не атрымалі, але тое, што людзі могуць без праблем здаць лішкі прадукцыі дзяржаве, да таго ж з упэўненасцю, што якасць прадукцыі правяраецца своечасова і аб’ектыўна, што грошы за яе – для многіх гэта істотнае папаўненне сямейнага бюджэту —  атрымаюць своечасова і поўным аб’ёме – дарагога варта.


Калі ж размова зайшла пра планы работы сельвыканкама на гэты год, Віталій Іванавіч расказаў, што трэба найперш закончыць пачатае – абгарадзіць могілкі ў Вераб’ях, тое ж зрабіць у Жукойнях Жалядскіх і Александрыі. І працягваць паўсядзённую працу сельвыканкамаў па вырашэнню актуальных патрэб насельніцтва.


Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька такую “размытасць”, неканкрэтнасць і дробнасць планаў і мерапрыемстваў на бягучы год – якая, дарэчы, адлюстравалася і ў прадстаўленых дакументах – рэзка раскрытыкаваў. І нават не толькі і не столькі Спондаўскага сельвыканкама – усіх органаў мясцовай улады раёна.


—Складваецца ўражанне, што старшыні сельвыканкамаў у апошні  час заснулі, свае абавязкі бачаць толькі ў тым, каб выдаць грамадзяніну неабходную даведку, ды і то не заўсёды абцяжарваюць сябе тым, каб пагаварыць з чалавекам ветліва, унікнуць у сутнасць яго праблемы, дапамагчы. А між тым, цікавых, канкрэтных, творчых спраў у кожным сельсавеце – больш чым дастаткова. І не трэба распыляцца адразу на ўсё, стараючыся абняць неабдымнае. Кожнаму трэба вызначыць для сябе на год два-тры канкрэтныя накірункі работы, найбольш актуальныя для жыхароў гэтай тэрыторыі, і займацца імі, а на наступны год ісці далей. Пакуль што прадстаўленыя большасцю сельвыканкамаў планы і мерапрыемствы ўяўляюць сабой звычайнае пустаслоўе.


Адам Дзмітрыевіч Кавалька забракаваў прадстаўленыя планы і мерапрыемствы і запатрабаваў да наступнага дня сельвыканкама, які адбудзецца ў лютым, падрыхтаваць новыя, якія б былі пазбаўлены фармалізму і адпавядалі патрэбам часу жыхароў на кожнай канкрэтнай тэрыторыі.


Ніна РЫБІК.