Пазнаёміцца, пасябраваць, атрымаць інфармацыю –

08:05 / 21.01.2012
такая мэта ў традыцыйнай сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія ў мінулым годзе прыехалі на работу ў раён, адбылася ў мінулую пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.


Гэтая традыцыя дзейнічае ў раёне ўжо з 2005 года – мяняецца фармат гэтых сустрэч, але нязменным застаецца ўвага кіраўніцтва да маладых людзей, якія пасля заканчэння навучальных устаноў пачынаюць сваё працоўнае жыццё ў нашым раёне. І таму, калі маладыя людзі абвыкнуцца на новым месцы працы, унікнуць у сутнасць спраў і сваіх абавязкаў, для большага знаёмства з раёнам, агульнага абмеркавання пытанняў і праблем, якія хвалююць маладых і праводзяцца падобныя сустрэчы. Звычайна ў іх прымае ўдзел асабіста старшыня райвыканкама А. Д. Кавалька, сёлета ж па неадкладных справах Адам Дзмітрыевіч вымушаны быў пакінуць раён, і сустрэчу ўзначаліў яго намеснік Віктар Збігневіч Свіла.
Атмасфера ў кінаканцэртнай зале ў той дзень была нейкая па-асабліваму цёплая і шчырая. На сустрэчу прыйшло большасць маладых спецыялістаў, некаторыя з іх – сем’ямі, многія — сяброўскімі групамі: за той невялікі час, што яны працуюць у раёне, юнакі і дзяўчаты паспелі пазнаёміцца і пасябраваць.
Дарэчы сказаць, сёлета пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на працу ў розныя ўстановы і арганізацыі нашага раёна прыехала 145 маладых спецыялістаў, з іх 45 – пасля заканчэння ВНУ. Больш чым трэць новапрыбыўшых прыйшла працаваць у прадпрыемствы сельскай гаспадаркі – 52 чалавекі, з іх 13 – спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Традыцыйна значнае папаўненне ў сям’і педагогаў – у школы раёна “ўліліся” 25 чалавек, з іх 22 – з вышэйшай адукацыяй. “Свежая кроў” з”явілася ў калектывах райвыканкама, “Беларусбанка”, лясгаса, МПМК-158, сельгастэхнікі, кардоннай фабрыкі “Альхоўка”, завода “Радыёдэталь”, аддзелаў унутраных спраў, культуры, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райспажыўтаварыства, РУП ЖКГ, РВЭС, цэнтральнай раённай бальніцы.
Напачатку сустрэчы прысутным паказалі відэафільм пра Астравеччыну – для тых з іх, хто прыехаў сюды з іншых рэгіёнаў краіны, такое завочнае знаёмства з раёнам стала своеасаблівым адкрыццём прыгажосці нашага краю. Хочацца спадзявацца, што неўзабаве адбудзецца – калі не адбылося раней – і сапраўднае знаёмства маладых людзей з самымі маляўнічымі куточкамі Астравеччыны – і яны назаўжды прырастуць сэрцам да тутэйшых мясцін, людзей і сваёй працы – гэтак жа, як многія з тых, хто выступаў у гэты дзень перад моладдзю і расказваў пра свае асабістыя першыя крокі па астравецкай зямлі, – а сёння яны ўжо прыйшлі на гэтую сустрэчу ў якасці прадстаўнікоў кіраўніцтва раёна.
Маладых спецыялістаў найперш павіталі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч. Начальнік аддзела па фізкультуры спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін расказаў не толькі пра свае асабістыя адносіны да Астраўца, але найперш пра тое, дзе могуць правесці вольны час маладыя людзі. Найбольш зацікавіла прысутных інфармацыя начальніка жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама Валерыя Эдуардавіча Сенюця, бо ён гаварыў пра самыя актуальныя для іх пытанні: як і калі маладому спецыялісту можна стаць уласнікам жылля, якімі льготамі яны карыстаюцца. Пра льготныя крэдыты для маладых спецыялістаў расказвала спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу “Беларусбанка” Алена Пятроўна Грамбоўская. Пра шматлікія цікавыя справы самай масавай маладзёжнай арганізацыі раёна – першы сакратар РК БРСМ Марына Мар’янаўна Кутовіч. Шмат цікавай і карыснай інфармацыі было ў выступленнях начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Андрэя Віктаравіча Зоркі, начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Святланы Мікалаеўны Івановай, намесніка начальніка аддзела адукацыі Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч, галоўнага рэдактара раённай газеты Ніны Аляксееўны Рыбік.
А на заканчэнне сустрэчы ад сур’ёзных пытанняў прысутныя перайшлі да больш лёгкіх вясёлых. Бо даўно вядома: дзе моладзь – там і жарты, смех, музыка. А паколькі падзея адбывалася напярэдадні старога Новага года, то работнікі культуры раёна пастараліся, каб сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна перарасла ў сапраўднае свята і запомнілася ім надоўга, дапамагла пазнаёміцца і пасябраваць, завязаць новыя кантакты – ад гэтага ў многім залежыць, наколькі працяглым і плённым будзе працоўнае жыццё новапрыбыўшых маладых спецыялістаў у нашым раёне.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.