Чатыры гадзіны размовы з Прэзідэнтам

14:02 / 28.12.2011

У пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі для журналістаў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, акрэдытаваных у Беларусі, якая цягнулася крыху больш за чатыры гадзіны. За гэты час кіраўнік дзяржавы адказаў амаль на 50 пытанняў. На мерапрыемстве прысутнічала і журналіст “Астравецкай праўды” Алена Ярашэвіч.


У пятніцу ўсе жадаючыя маглі паслухаць прэс-канферэнцыю ў прамым радыёэфіры і паглядзець яе ў тэлеэфіры беларускага тэлебачання ў 12 гадзін дня. Вечарам гэтага ж дня тэлеверсію прэс-канферэнцыі трансліравалі па ўсіх беларускіх каналах.
Сёлетняя прэс-канферэнцыя стала самай значнай падзеяй апошніх дзён бягучага года. Каля 400 журналістаў з 301 сродка масавай інфармацыі сабраліся ў пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы на сустрэчу з Прэзідэнтам, якая датычылася падвядзенню вынікаў бягучага года і перспектыў на наступны.
Напачатку сустрэчы Прэзідэнт нагадаў, што ён ніколі не адыходзіў ад прамых пытанняў і заклікаў журналістаў да дыскусіі і шчырай размовы.
На прэс-канферэнцыі быў закрануты вялікі пласт пытанняў, якія датычыліся ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства. Журналісты ўздымалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, асобных галін прамысловасці, унутранай і знешняй палітыкі, узаемаадносінаў з Расіяй, Украінай, Кітаем, Еўрасаюзам і іншымі краінамі і рэгіёнамі. Прэзідэнт таксама падзяліўся некаторымі фактамі з асабістага жыцця. Дзве трэці журналістаў, якія прыйшлі на сустрэчу, прадстаўлялі рэгіянальныя СМІ. І таму частка пытанняў была пра мясцовыя рэгіянальныя праблемы.
Сярод журналістаў было нямала і тых, хто не хавае сваіх востракрытычных перакананняў супраць існуючай улады. І Прэзідэнт з гатоўнасцю размаўляў з імі, даказваў, упэўніваў, пераконваў.



На пытанне намесніка галоўнага рэдактара “Астравецкай праўды” Алены Ярашэвіч аб тым ці плануецца стварэнне ў Астраўцы новых рабочых месцаў – бо ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у горад прыедуць тысячы кваліфікаваных спецыялістаў, але ў сем’ях атамшчыкаў будуць не толькі энергетыкі і не ўсе змогуць працаваць на АЭС і такім чынам іх неабходна будзе задаволіць рабочымі месцамі, Прэзідэнт адказаў, што развіццё Астраўца будзе планавацца з улікам стварэння новых рабочых месцаў.
Аляксандр Рыгоравіч выказаў думку, што жыхары Астраўца задаволены тым, што горад ператворыцца ў самы прасунуты горад у нашай краіне, і нагадаў, што ў Астраўцы плануецца пабудаваць АЭС з двух блокаў, але адзначыў, што ў перспектыве магчыма павелічэнне колькасці блокаў да трох ці чатырох.
“Астравец ператворыцца ў самы прасунуты горад. Атамная станцыя блізкая да касмічных тэхналогій. Гэта самыя высокія тэхналогіі. Мы пабудуем станцыю самага прасунутага ўзроўню ў свеце. Такім чынам, мы адыдзем ад імпарту энергіі і будзем значную частку яе пастаўляць на знешнія рынкі”.
Тое, што насельніцтва Астраўца дзякуючы прытоку высокакваліфікаваных спецыялістаў павялічыцца ў два-тры разы, нармальны працэс, лічыць Прэзідэнт.
“Гэтых класных спецыялістаў мы будзем падбіраць выключна строга. Гэта павінны быць правераныя і адказныя, прафесіянальныя людзі. Але не ўсе яны змогуць там працаваць. Магчыма, муж будзе працаваць на станцыі, а жонка – на якім-небудзь іншым прадпрыемстве. І гэта будуць маладыя людзі, у якіх таксама будуць дзеці. Планаваць развіццё горада мы будзем з улікам новых рабочых месцаў.”
Прэзідэнт заўважыў, што шмат людзей будзе працаваць у сферы інфраструктуры, частка будзе абслугоўваць вялікія прадпрыемствы, якія будуць на станцыі. Пасля будаўніцтва АЭС будаўнікі будуць заняты на іншых аб’ектах.
Не выключыў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і стварэнне новых рабочых месцаў у перапрацоўчай сферы. “Неабходна падымаць і сельскую гаспадарку, каб яна была на ўзроўні атамнай станцыі. У гэтым накірунку мы таксама будзем прадпрымаць нейкія намаганні і будзем вам дапамагаць”.
На думку Прэзідэнта, хутчэй за ўсё ў Астравецкім раёне давядзецца пабудаваць невялікія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы і, магчыма, невялікія мясакамбінаты. “А можа быць, мы не будзем іх ствараць у горадзе, а дапаможам двум-тром буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам наладзіць канчатковую перапрацоўку, і ўсе іншыя вашы гаспадаркі падключым да гэтых малака- і мясаперапрацоўчых цэхаў,” – прадоўжыў Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, ніякіх праблем са здзяйсненнем задумак няма. “Што датычыцца грошай, то мы атрымалі 10 мільярдаў долараў крэдыту на будаўніцтва станцыі. Мы і са свайго бюджэту будзем выдзяляць на гэтую прыярытэтную задачу значныя сродкі. І гэта невялікія грошы ў параўнанні з гэтым аб’ектам, якія мы можам укласці для таго, каб пабудаваць там перапрацоўчыя прадпрыемствы,” – сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён выказаў надзею, што людзі ў Астраўцы і самі будуць займацца бізнесам і прадпрымальніцтвам. “Разумных людзей і цяпер у Астраўцы дастаткова, а будзе яшчэ больш. І яны таксама будуць займацца бізнесам і прадпрымальніцтвам. Як з’явяцца новыя фермеры, так з’явяцца і новыя людзі, якія будуць працаваць на невялікіх прадпрыемствах прамысловага профілю. Мы гатовы і будзем здзяйсняць комплекс мер, каб у гэтым горадзе праблем не было. Мы будзем рабіць усё, каб людзі ў Астраўцы былі задаволены жыццём і жылі мірна. Адсюль будзе і адпаведнае абслугоўванне гэтай станцыі”, – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Рыгоравіч адказваў на пытанні пакуль каля мікрафонаў, а іх у зале было чатыры, не засталося ніводнага жадаючага. Такім чынам, была задаволена цікаўнасць усіх журналістаў – яны атрымалі адказы на ўсе хвалюючыя іх пытанні.
Напрыканцы сустрэчы Прэзідэнт павіншаваў усіх з Калядамі і Новым годам.


Алена ЯРАШЭВІЧ.