Аляксандр Канюк: недаступных чыноўнікаў быць не павінна

15:27 / 07.12.2011

Падчас свайго першага візіту на Астравеччыну Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Канюк сустрэўся з супрацоўнікамі ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”.


У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалька і пракурор Гродзенскай вобласці В.М. Марозаў.
Пасля кароткай азнаямляльнай экскурсіі ў Інфармацыйным цэнтры АЭС, якую правёў намеснік галоўнага інжынера ДУ “ДБАЭ” Уладзімір Горын, сустрэчу з працоўным калектывам дырэкцыі адкрыў яе дырэктар М.В. Філімонаў.
Ва ўступным слове кіраўнік ДУ “ДБАЭ” зрабіў кароткую справаздачу аб ходзе падрыхтоўчых работ па ўзвядзенні першай беларускай атамнай электрастанцыі, акрэсліў асноўныя праблемы і бліжэйшыя перспектывы будаўніцтва.
Затым слова ўзяў Аляксандр Уладзіміравіч Канюк. Генеральны пракурор краіны паведаміў, што галоўная мэта яго візіту ў Астравецкі раён — вывучэнне стану работы мясцовых органаў улады са зваротамі грамадзян.
– Седзячы ў службовым кабінеце, нічога не ўбачыш, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.
Гэтым і абумоўлены яго частыя візіты ў рэгіёны. Падчас сустрэч з людзьмі яму даводзілася чуць і тое, што запісацца на прыём да Генеральнага пракурора даволі складана.
– Недаступных чыноўнікаў быць не павінна! – асабліва падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.
А яшчэ ён выказаў намер патэлефанаваць у бліжэйшы час у адзін з рэгіёнаў і “запісацца” на прыём да сябе самога.
Генеральны пракурор станоўча ацаніў ход рэформы праваахоўнай сістэмы ў краіне і ўтварэнне следчага камітэта. Вызваленне пракуратуры ад следчых функцый павінна, на яго думку, станоўча адбіцца на ажыццяўленні пракурорскімі работнікамі нагляду за выкананнем заканадаўства. У тым ліку – і ў першую чаргу! – у бальніцах і паліклініках, школьных буфетах, дзіцячых садках. Інакш кажучы, тых установах, на работу якіх, як правіла, узнікае найбольш нараканняў грамадзян.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў сваім выступленні выказаў заклапочанасць у сувязі з магчымым ускладненнем крымінагеннай абстаноўкі ў раёне з-за прыезду сюды вялікай колькасці рабочых на будаўніцтва АЭС.
Пракурор Гродзенскай вобласці на гэта адказаў, што Астравецкі раён будзе забяспечаны лепшымі праваахоўнымі кадрамі і матэрыяльнымі рэсурсамі. А таксама паведаміў, што прапановы аб размяшчэнні ў раёне адной са спецкамендатур, больш вядомых у народзе, як “хімія”, былі рашуча адвергнуты.
– Будаўніцтва АЭС – не тое месца, дзе можна выкарыстоўваць працу падобнага кантыгенту работнікаў, – рэзюміраваў абласны пракурор.
Напрыканцы сустрэчы работнікі дырэкцыі атрымалі магчымасць напрамую задаць пытанні Генеральнаму пракурору. Так бы мовіць – без папярэдняга запісу. Трэба сказаць, пытанняў было няшмат. На што Аляксандр Уладзіміравіч не без іроніі заўважыў:
– З гэтага вынікае, што ўсё альбо вельмі добра, альбо вельмі дрэнна.
У цэлым можна адзначыць, што сустрэча прайшла ў даверлівай, добразычлівай атмасферы.
– Будзеце ў Мінску – заходзьце! – з усмешкай сказаў на развітанне Аляксандр Канюк.
– Лепш ужо Вы да нас! – усміхнуліся ў адказ прысутныя.


Эдуард Іванаў.