Тыдзень postfactum: з Усходу і з Захаду

14:06 / 23.11.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Без бар’ераў

Пакуль намаганнямі некаторых заходніх палітыкаў на другім беразе Буга старанна ўзводзіцца штучная сцяна, складзеная з цаглінак, замешаных на крывадушнасці, тэндэнцыйнасці і перадузятасці, на ўсходзе граніцы руйнуюцца ўвогуле. Прынамсі, эканамічныя.
18 лістапада прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Выразны эканамічны акцэнт гэтага міждзяржаўнага ўтварэння ўжо паспеў выклікаць катэгарычнае адмаўленне сярод некаторых палітычных партый і рухаў, якія ўбачылі ў эканамічнай інтэграцыі трох дзяржаў ледзь не страту дзяржаўнага суверэнітэту. Чуць падобнае дзіўна, па-першае, таму, што інтэграцыя Беларусі з Еўрасаюзам у гэтых жа партый ніякіх непаразуменняў, тым больш пратэстаў, не выклікае. Хоць Еўрапейскі саюз, у адрозненне ад Еўразійскай эканамічнай камісіі, створанай на мінулым тыдні ў Маскве, даўно выйшаў за рамкі агульнага рынку, якім задумваўся першапачаткова. Ды і адмова ад нацыянальнай валюты на карысць еўра, чым з’яўляецца, як не стратай часткі дзяржаўнага суверэнітэту?
А па-другое, ці не тыя ж партыі і рухі яшчэ не так даўно заклікалі да ўводу ў Беларусь з усходу танкаў?



Бывай, Сільвіа!

На мінулым тыдні завяршылася дальняе палітычнае плаванне самага харызматычнага і неадназначнага лідара Старога свету Сільвіа Берлусконі. Непатапляемы Берлусконі з перапынкамі кіраваў краінай 17 гадоў і перажыў 52 (!) галасаванні ў парламенце па вотуму недаверу.
Цяпер Італіяй будуць кіраваць новыя людзі на чале з Марыа Монці. Дапытлівыя журналісты адразу адзначылі, што ў новым урадзе няма ніводнага палітыка і назвалі яго ўрадам экспертаў. З аднаго боку – гэта, безумоўна, вялікі плюс. З другога – уявіць сучасную эканоміку без здаровай долі палітычнага папулізму таксама немагчыма. “Эксперты” ў палітычных гульнях людзі недасвечаныя і, па ўсім відаць, будуць упёрта гнуць сваю лінію, заснаваную на аб’ектыўных, але жорсткіх і непапулярных законах рыначнай эканомікі. Аб тым можна меркаваць па першачарговых мерах эканамічнай стабілізацыі, ужо, дарэчы, узгодненых з парламентам. Сярод іх – мараторый на павышэнне зарплаты да 2014 года; паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту як мужчын, так і жанчын да 65 гадоў; павышэнне падаткаў і г.д. І ўсё дзеля таго, каб, як заўважыў новы прэм’ер, “пераканаць сусветныя рынкі, што Італія гатовая пайсці на любыя ахвяры дзеля пераадолення цяперашняга даўгавога крызісу”. Перакладаючы на зразумелую мову – каб пераканаць крэдытораў (інвестараў), што астранамічны дзяржаўны доўг у 2,6 трлн. долараў абавязкова некалі будзе вернуты. Зразумела, пры ўмове новых інвестыцый.
Нечым падобным характарызаваўся ўрад Ягора Гайдара ў пачатку 90-х. Тады, як вядома, усё закончылася расстрэлам Белага дома.



«НІЗЫ» ПРАТЭСТУЮЦЬ

Тым часам па ўсёй Еўропе і ў Злучаных Штатах Амерыкі пратэстуюць супраць сучасных механізмаў сусветнай эканомікі, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла прыкметы глабальнага таталізатара і садзейнічае ўстойліваму абагачэнню часткі грамадства, меншай за 1 працэнт – у той час, калі ўсе астатнія мусяць задавальняцца мерамі “жорсткай эканоміі”, падтрыхтаваных для іх “экспертамі”. “Захапі Уолт Стрыт” (цэнтр дзелавой актыўнасці Нью-Ёрка, месца размяшчэння сусветных банкаў і фондавых біржаў – Э.С). – пад такім лозунгам вось ужо трэці месяц праходзяць акцыі пратэсту па ўсёй Амерыцы. Менавіта ў непамернай сквапнасці і сацыяльнай безадказнасці заходніх урадаў, банкіраў, інвестараў і ігракоў на біржы бачаць прычыны фінансавага крызісу ўдзельнікі дэманстрацый. Мэта акцый – паралізаваць дзейнасць фінансавых устаноў.
Паліцыя з дэманстрантамі не цырымоніцца. Спачатку быў знесены іх палатачны лагер, а ў мінулы чацвер разагнаны марш, падчас якога было затрымана звыш трох соцень яго ўдзельнікаў.
Аналагічныя акцыі пратэсту адбыліся на мінулым тыдні ў Чэхіі, Грэцыі, Італіі…
Як заўважыў адзін з удзельнікаў маніфестацыі ў Празе: “ Яны (члены ўрада – Э.С.) ажыццяўляюць драконаўскія меры…, якія дапамагаюць багатым і пры тым рабуюць людзей сярэдняга класа і беднякоў”.