Тыдзень postfactum: метамарфозы выбару

14:40 / 01.11.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

АРАБСКАГА…

Першыя свабодныя выбары ў Тунісе завяршыліся ўпэўненай перамогай ісламістаў.
Як і прадказвалі аналітыкі, больш за трэць галасоў атрымала партыя «Ан-Нахда» (“Адраджэнне”), якую стварыла арганізацыя “Браты-мусульмане” і якая знаходзілася пад забаронай падчас праўлення выгнанага з краіны прэзідэнта Бен Алі.
Пасля звяржэння апошняга, краіну ахапіла “дэмакратычная ліхаманка”. Студэнты сталі выбіраць сабе рэктараў, дэканаў і нават загадчыкаў кафедраў, значна ўмацавалі свае пазіцыі прафсаюзы, сталі патрабаваць больш правоў і паважлівых да сябе адносінаў паліцэйскія, успомнілі аб ушчамленні культурных правоў шматлікія плямёны і народнасці…
Здавалася, што на гэтай хвалі да ўлады абавязкова павінны прыйсці прадстаўнікі “левых” партый і плыняў. Насамрэч адбылося адваротнае. Дэмакратычныя партыі атрымалі на выбарах амаль у тры разы менш галасоў, чым пераможцы. Дзіўна, аднак насуперак традыцыйнай у падобных выпадках ідэі стварэння парламенцкай кааліцыі з партый, якія выбары прайгралі, апошнія чамусьці выказалі намер стварыць кааліцыю з пераможцамі. Такі вось выбар на арабскі манер. На змену адзінаўладдзю прыходзіць адзінаўладдзе?
Трэба нагадаць, што Туніс выразна выдзяляецца на фоне сваіх бліжэйшых суседзяў па кантыненту. З усіх краін Паўночнай Афрыкі гэта найбольш еўрапеізаваная дзяржава. І калі падобны выбар зрабіла яе насельніцтва, то чаго ж у такім выпадку чакаць ад Егіпта, альбо, да прыкладу, Лівіі?
А чакаць, гадаць, уласна кажучы, ужо і не трэба. У абедзьвюх названых краінах таксама досыць канкрэтна абазначыўся далейшы вектар палітычнага развіцця – ісламізацыя грамадства. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Дэмакратыя і ў еўрапейскай сістэме ідэалагічных каардынат — катэгорыя досыць умоўная і расплывістая. А ў арабскіх грамадствах увогуле выглядае чужародным целам. Спадзявацца, што арабы ахвяруюць усім дзеля ўкаранення дэмакратычных каштоўнасцей – наіўна і неразумна. На працягу соцень гадоў сваёй гісторыі арабскае грамадства ўтрымлівалася на двух “сланах”: ісламе і моцнай асабістай уладзе правіцеля. Іншага тут проста не бачылі. А тое, што “дэмакратычнай хваробай” захварэла некаторая частка адукаванага грамадства – дзеячы культуры, навукі, студэнцтва – яшчэ ні аб чым не гаворыць і абсалютна нічога не значыць. Таму што на выбары ідзе не толька інтэлегенцыя, а і сяляне, дробныя гандляры, жыхары невялікіх правінцыйных гарадоў без нармальнай работы і стабільнай зарплаты, сярод якіх лозунгі ісламістаў знаходзяць вельмі моцны водгук.
Такая вось сумная альтэрнатыва атрымліваецца.



…І ЕЎРАПЕЙСКАГА

Еўрапейскі саюз перажывае самы востры эканамічны і палітычны крызіс з часу свайго заснавання.
Тое, што яшчэ не так даўно бачылася абсурдным і неверагодным, на мінулым тыдні ледзь не стала рэальнасцю – Вялікабрытанія ўсур’ёз задумалася над мэтазгоднасцю сваёй прысутнасці ў Еўрасаюзе.
Толькі асабістае ўмяшальніцтва прэм’ер-міністра Дэвіда Кэмерана перашкодзіла правядзенню ў краіне рэферэндума з гэтай нагоды. Петыцыя, пад якой паставілі свае подпісы 100 тысяч грамадзян “туманнага Альбіёна”, з патрабаваннем яго правядзення, да ўвагі так і не была прынята. А ў выніку галасавання ў парламенце супраць народнага плебісцыту выказаліся 483 парламентарыі – у той час, як падтрымалі яго 111.
Падобнае магло б сысці за палітычныя гульні, калі б аўтарам ідэі аб выхадзе з ЕС не стала правячая партыя кансерватараў. Членства Вялікабрытаніі ў Еўрасаюзе сапраўды мае няшмат прыхільнікаў сярод жыхароў краіны. Прагматычныя і кансерватыўныя брытанцы ў гэтым проста не бачаць сэнсу. У свой час толькі неверагоднымі намаганнямі ўдалося працягнуць праз парламент Шэнгенскія пагадненні. А зона еўра на брытанскія астравы так і не распаўсюдзілася.
“Мы за “агульны рынак”, аднак супраць палітычнага саюзу, у якім намі кіруюць з Бруселя!” – абураюцца брытанцы падчас шматтысячных маніфестацый.
Як адзначыў сенатар Дэвід Хэтчэр, падкрэсліваючы сумныя перспектывы Еўрасаюза на Захадзе: “ЕС неўзабаве будзе пашырацца ўсё глыбей толькі на Усход, туды – да Кітая”.
Так, на Усходзе Еўрасаюз па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю і прыносіць партыям, якія ўзбройваюцца гэтай ідэяй, немалыя палітычныя дывідэнты. Праўда, выразна патлумачыць сваю пазіцыю, а менавіта сказаць выбаршчыкам, якімі выгодамі для краіны абернецца членства ў гэтым саюзе — не могуць.
А можа, уся справа ў тым, што гэтых пераваг значна менш, чым страт?