Змены ў кіраўніцтве астравецкіх упраўленняў

07:51 / 31.10.2011
…сацыяльнай абароны

Пасля таго, як Часлава Эдуардаўна Кандратовіч, якая ўзначальвала сацыяльную службу шмат гадоў і многае зрабіла для яе станаўлення і развіцця, пайшла на заслужаны адпачынак, пасада начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва доўгі час заставалася вакантнай. 19 кастрычніка кіраўніком гэтай важанай галіны прызначана Святлана Мікалаеўна Іванова.
Святлана Іванаўна нарадзілася 6 чэрвеня 1960 года ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Яна закончыла ў 1982 годзе Мінскі політэхнічны інстытут. Доўгі час жыла і працавала з сям’ёй у Казахстане. У 1993 годзе сям’я пераехала ў Беларусь і месцам жыхарства абрала Астравец. Тут Святлана Мікалаеўна стала працаваць спецыялістам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – яна аддала гэтай службе 18 гадоў.
Новая сфера дзейнасці Святланы Мікалаеўны вельмі блізкая да папярэдняй. Хоць пры гэтым усё ж з’яўляецца нашмат больш шырокай і рознабаковай. Хочацца пажадаць ёй поспехаў у новай справе.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.




…сельскай гаспадаркі

На пасаду намесніка начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прызначана Марыя Іосіфаўна Бушмовіч.
Марыя Іосіфаўна родам з Ашмяншчыны. У 1990 годзе закончыла Клявіцкую сярэднюю школу. А ў 2005-ым – Віцебскую ветэрынарную акадэмію. На працягу дзесяці гадоў працавала ў СВК імя Гашкевіча загадчыцай фермы “Малі”. З 2006 года ўзначальвала комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы ў СВК “Гервяты”.
Замужам. Муж Андрэй Мар’янавіч Бушмовіч працуе галоўным заатэхнікам СВК “Гервяты”. Маюць дзвюх дочак: старэйшая – студэнтка БНТУ, малодшая – вучаніца Астравецкай гімназіі № 1.
На новым месцы працы пажадаем Марыі Іосіфаўне поспехаў у рашэнні стратэгічных задач сельскай гаспадаркі раёна.


Ганна ЧАКУР.