Тыдзень postfactum: аднаго ланцужка звёны

15:03 / 25.10.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

КАНЕЦ “ВЕЧНАГА” ПАЛКОЎНІКА

“Ваў!” – не змагла стрымаць радасці дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан пасля атрымання СМС-паведамлення аб смерці лідэра Лівіі Муамара Кадафі. Падобная рэакцыя на забойства чалавека сталай дамы, кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, па статусу закліканай садзейнічаць умацаванню міру і законнасці выглядала, сама меней, недарэчна.
У мінулы аўторак пасля працяглай асады горада Сірт Муамара Кадафі па сутнасці разадраў раз’юшаны натоўп байцоў супраціўлення. “Што дрэннага я зрабіў табе асабіста?” – толькі і паспеў спытаць Кадафі перад тым, як атрымаць кулю ў галаву ад 18-гадовага хлапчука. Паўстанцы затым яшчэ доўга расказвалі аб бліскучай аперацыі, выхваляліся ўласнай вопраткай, на якой нібы засохла кроў нядаўняга куміра, і доўга спрачаліся, хто ж з іх зрабіў пераможны стрэл.
Увогуле, жыццё “вечнага палкоўніка” альбо “караля каралёў” завяршылася цалкам заканамерна. Ён не быў анёлам. 40 гадоў таму такім жа варварскім чынам, як сёння гэта робяць члены так званага нацыянальнага пераходнага савета, захапіў уладу, бязлітасна распраўляўся са сваімі палітычнымі праціўнікамі, без ваганняў ахвяраваў дзеля ўласных мэт сотнямі ні ў чым не павінных жыццяў і таму наўрад ці мог разлічваць на міласэрнасць.
Іншае пытанне, як і хто выканаў прысуд. Знішчэнне Кадафі, па сутнасці – апафеоз гэтай цынічнай, прапітанай наскрозь крывадушнасцю, бязлітаснай вайны. Яскравае ўвасабленне сродкаў, якімі яна вядзецца і тых сіл – маргінальных, апантаных прагай крыві, помсты, але найперш – нажывы, на якія абапіраецца сёння заходняя кааліцыя і якую намагаецца выдаць за дэмакратычную альтэрнатыву дыктатару. Зрэшты, пасля таго, як краіны-ўдзельніцы ваеннай аперацыі задоўга да яе завяршэння сталі паспешна дзяліць між сабой лівійскія нафтавыя радовішчы, у гуманітарныя памкненні заходніх дзяржаў можа верыць толькі наіўны.
З нафты – а менавіта з выгнання з Лівіі еўрапейскіх здабытчыкаў – эра Кадафі пачалася, нафтай яна і закончылася.



КАМУ Ў ГРЭЦЫІ ДОБРА?

Хутчэйшае вырашэнне лівійскага пытання і неабходнасць аднаўлення нафтавых патокаў з гэтай краіны прыспешвалася падзеямі ў Еўропе. Мінулы тыдзень зноў адзначыўся масавымі акцыямі пратэсту ў шэрагу краін. Аднак самай гарачай кропкай у Еўропе па-ранейшаму застаецца Грэцыя.
Пратэст людзей выклікаюць дзеянні ўрада па істотнаму скарачэнню працоўных месцаў, заработных плат і дапамог, абумоўленыя патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду і Еўрапейскага Саюза ўзамен на чарговы транш крэдыту. Драматычнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што нават у выпадку станоўчага вырашэння пытання і прадастаўлення Грэцыі грашовай сумы ў 8 млрд. еўра, простыя людзі з гэтага не атрымаюць нічога. Грошы неабходныя выключна для абслугоўвання таго дзяржаўнага доўгу, які існуе. Па сутнасці, краіна бярэ новы крэдыт для таго, каб вярнуць ранейшы. Гэта значыць, каб забяспечыць звышпрыбыткі банкаў, інвестараў і іншых ігракоў на сусветным фінансавым рынку. І дзеля гэтага сваім дабрабытам вымушаны ахвяраваць мільёны грэчаскіх сямей. Ці варта здзіўляцца, што падобны расклад выклікаў такое масавае незадавальненне?
Аднак урад зусім не мае намеру патураць маніфестантам і для разгону дэманстрацый прымяняе сілу. Дзіўна, але дзеянні грэчаскіх органаў правапарадку ніхто не называе парушэннем правоў чалавека.



ПРЭМІЯ БЯЗГЛУЗДАСЦІ?

На фоне таго, што адбываецца наўкол, беларуская тэма, здаецца, павінна была б ужо даўно сысці на нуль у справах еўрачыноўнікаў. Ну сапраўды – большасць з тых, хто біў вокны ў доме ўрада, ужо на волі. На тэлебачанні за апошні час з’явілася столькі яркіх “карцінак” аб разгоне дэманстрантаў у Еўропе, што дзеянні мінскага амону на плошчы выглядаюць ледзь не анёльскімі. Ды і на вуліцы і плошчы нашай краіны, насуперак чаканням, прыйшла толькі восень, а не чарговая “каляровая” вясна.
Яно, канешне, Беларусь даўно ўжо не ў “ТОПе” важнейшых навін, але і тэма сябе да канца не вычарпала. Не даюць. Найбольш шчыруюць у гэтым нашы суседзі.
На мінулым тыдні, вярнулі да жыцця забытую было праблему аб няўплаце падаткаў нейкім грамадзянінам Бяляцкім. Прапанавалі вылучыць апошняга на Нобелеўскую прэмію міру. Бязглуздзіца – але, як у тым анекдоце, “ход вашых думак мне зразумелы”. Калі за кратамі злосны неплацельшчык падаткаў – гэта адно. Калі Нобелеўскі лаўрэат – зусім іншае.
Вельмі эмацыянальна ў гэтай сувязі, толькі з іншай нагоды, выказаўся на днях прэзідэнт Украіны Януковіч: “Няўжо, каб парушаць закон, трэба стаць апазіцыянерам?!”
Шаноўны Віктар Фёдаравіч, мы над гэтым пытаннем даўно галаву ламаем!