Вяртаючыся да надрукаванага: у летаргічным сне знаходзяцца не ўсе

08:03 / 19.10.2011
3

Вялікі рэзананс у нашых чытачоў выклікаў артыкул “У летаргічным сне” (“АП”, №78 за 12 кастрычніка г.г.), у якім размова ішла пра пасяджэнне Гервяцкага сельвыканкама, якое прысвячалася пытанням арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі гэтага сельсавета. Водгукі пачалі прыходзіць яшчэ ў сераду, як толькі газета трапіла да чытачоў. Многія тэлефанавалі і дзякавалі за матэрыял, які ўзняў праблемы адпачынку моладзі ў Гервятах.


Але былі і тыя, хто з артыкулам не пагадзіўся – ва ўсякім выпадку, з некаторымі яго палажэннямі. У першую чаргу — загадчык Гервяцкака фізкультурна-аздараўленчага комплексу А.М. Кавалеўскі, які даслаў у рэдакцыю ліст “Абуджэнне ад летаргічнага сну”. Вось яго тэкст:


“Азнаёміўшыся з артыкулам нашай “раёнкі” “У летаргічным сне” (№78 за 12 кастрычніка 2011), быў здзіўлены наконт слабай работы ФАКа ў в. Гервяты. Магчымасці выказаць свае меркаванні, думкі, праблемы быў пазбаўлены ў выніку таго, што на сельвыканкам, на якім разглядалі пытанне “работы ўстаноў адукацыі і культуры па арганізацыі вольнага часу вучняў і моладзі”, не быў запрошаны.
З павагай адношуся да “Астравецкай праўды”, у вольны час чытаем газету ўсей сям’ёй. Але для мяне, як загадчыка ФАКа в. Гервяты, застаецца загадкай: як наш гервяцкі аздараўленчы комплекс, знаходзячыся ў “летаргічным сне”, змог у 2009 годзе заняць 2-ое месца, а у 2010 – 3-яе ў рэспубліканскім конкурсе на “лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам”? Дзе падзелася тая моладзь, якая зусім нядаўна паспяхова выступала на раённым, абласным і нават міжнародным узроўні? А самае галоўнае – чаму ў зале кожны вечар гарыць святло, адчынены дзверы, даносяцца воклічы спартсменаў, якія забіўшы гол у вароты саперніка, так выражаюць свае эмоцыі. Дарэчы сказаць, не раз пра гэтыя поспехі з гонарам чытаў у вашай газеце.
Дык я вам адкажу! Усё гэта ёсць. Для любога жадаючага кожны вечар адчынены дзверы гервяцкага зала. Магчымасці ФАКа дазваляюць бавіць вольны час у трэнажорнай зале, гуляць у настольны і вялікі тэніс, займацца спартыўнымі гульнямі. Такім чынам, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з магутнасцямі, якім могуць пазайздросціць не толькі іншыя сельскія жыхары, але і астраўчане, даступны кожнаму кожны дзень.


Загадчык ФАКа А. М. Кавалеўскі”.


Хочацца сказаць, што А.М. Кавалеўскі, напэўна, не вельмі ўважліва чытаў артыкул, бо загаловак “У летаргічным сне”, які так яго “зачапіў”, мае падзагаловак “знаходзяцца работнікі культуры Гервят”, да якіх работнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу не адносяцца. Чаму на пасяджэнне сельвыканкама не запрасілі А.М. Кавалеўскага, для нас было гэтак жа незразумела, як і для яго самога – і пра гэта таксама гаварылася ў артыкуле. Напэўна, калі б загадчык ФАКа там прысутнічаў і расказаў пра сваю работу, сказ “…І фізкультурна-аздараўленчы комплекс працуе, НАКОЛЬКІ Я ЗРАЗУМЕЛА, толькі падчас раённых спаборніцтваў” (выдзелена аўтарам – Н.Р.) – дарэчы, ён адзіны ва ўсім матэрыяле прысвячаўся рабоце ФАКа, — не з’явіўся б. Але размова на сельвыканкаме ішла ў такім рэчышчы, што такая выснова напрошвалася… Зараз высвятляецца, што вывады былі зроблены паспешліва і памылкова. І калі гэты адзіны сказ так пакрыўдзіў загадчыка Гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу А.М. Кавалеўскага, то я прыношу яму свае прабачэнні за сваё няправільнае разуменне дадзенай канкрэтнай сітуацыі – у той невялікай частцы артыкула “У летаргічным сне”, якая датычыцца работы ФАКа.


Ніна РЫБІК.