У летаргічным сне знаходзяцца работнікі культуры Гервят. А “калыханку” ім спявае сельвыканкам

16:02 / 12.10.2011
8





У якасці члена раённага выканаўчага камітэта мне часта даводзіцца прысутнічаць на пасяджэннях сельскіх выканаўчых камітэтаў і сесіях сельскіх Саветаў. Пытанні на іх разглядаюцца розныя – як правіла, найбольш актуальныя для той ці іншай тэрыторыі. Рознай бывае і падрыхтоўка да гэтых мерапрыемстваў. Але буду шчырай: як правіла, на іх не пабачыш таго напалу страсцей, такога дэталёвага разгляду пытанняў, як на пасяджэннях райвыканкама – часцей за ўсё праходзяць яны досыць фармальна. Ці то мне проста не шанцавала?
Таму, калі старшыня Гервяцкага сельскага выканаўчага камітэта запрасіў на пасяджэнне выканкама і сесію, патлумачыўшы адтэрміноўку іх правядзення на тыдзень тым, што хоча лепш падрыхтавацца і зрабіць гэтыя пасяджэнні выязнымі, парадавалася: выходзіць, і органы мясцовай улады шукаюць новыя формы работы! Узнікла нават думка расказаць пра іх вопыт, каб калегі з іншых сельсаветаў павучыліся.
Але ўжо пасля першых хвілін пасяджэння сельвыканкама стала ясна: калі і пісаць пра гэтае пасяджэнне, то толькі з адной мэтай — каб іншыя павучыліся, як нельга рабіць.






Пытанне на парадак дня выносілася больш чым актуальнае для гэтага рэгіёна: аб рабоце ўстаноў адукацыі і культуры па арганізацыі вольнага часу вучняў і моладзі і мерах па яе ўдасканаленню. Крыху, праўда, здзівіла: чаму, збіраючыся разглядаць праблему баўлення вольнага часу вясковай моладдзю, не бярэцца пад увагу такая важная яго складаючая, як заняткі фізкультурай і спортам – тым больш, што ў Гервятах працуе адзіны ў раёне фізкультурна-аздараўленчы комплекс з магутнасцямі, якім могуць пазайздросціць не толькі іншыя сельскія жыхары, але і астраўчане? І чаму на разгляд такога пытання не запрошаны кіраўнікі і спецыялісты раённага аддзела культуры? Праблема з адпачынкам моладзі ў Гервяцкім сельсавеце агульнавядомая — хоць тут, да слова казаць, створана цудоўная матэрыяльная база: два лепшыя ў раёне Дамы культуры працуюць менавіта тут, ды яшчэ і ФАК. І тым не менш пытанне, што гервяцкай моладзі няма чым заняцца ў вольны час неаднойчы ўздымалася жыхарамі вёскі, у тым ліку і ў нашай газеце, работа гервяцкай культуры неаднаразова крытыкавалася старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам. То чаму б, раз такое актуальнае пытанне вынесена на парадак дня сельвыканкама, не сабрацца ўсім разам – работнікам культуры, адукацыі, спорту, раённым кіраўнікам галіны, мясцовай уладзе як каардынатару ўсіх працэсаў у сельсавеце – і не расставіць “кропкі над “і”: даць справядлівую ацэнку дзейнасці ўстаноў культуры, вызначыць шляхі, па якіх трэба рухацца далей?
Забягаючы наперад, скажу, што нічога гэтага не адбылося. І выязная форма пасяджэння звялася толькі да таго, што праводзілася яно не ў будынку сельвыканкама, а ў памяшканні Гервяцкай бібліятэкі. Тыя, хто прыйшоў раней і меў час і жаданне, мог пахадзіць па карціннай галерэі, якая працуе ў мясцовым Доме культуры і нядаўна была папоўнена новымі работамі, падоранымі маскоўскім мастаком Мікалаем Карнілавым – самастойна, бо ніякіх тлумачэнняў і інфармацыі ніхто не даваў. Ці, пры жаданні, пагартаць часопісы ў бібліятэцы… Словам, праграму выязнога пасяджэння сельвыканкама кожны для сябе вызначаў самастойна.
Прыкладна гэтак жа – пры поўнай самастойнасці кожнага члена сельвыканкама і запрошанага — быў пабудаваны і разгляд пытання. Не было нават традыцыйнай у такіх выпадках інфармацыі аб стане спраў у культурным абслугоўванні школьнікаў і моладзі, якую, згодна з парадкам дня, павінен быў зрабіць старшыня сельвыканкама М.У. Шульгін. Міхаіл Уладзіміравіч прачытаў дзве даведкі аб рабоце бібліятэк, якія перад гэтым перадалі яму бібліятэкары – нібы ніхто з прысутных да таго не ведаў, колькі ў Гервятах і Рымдзюнах дзейнічае бібліятэк і працуе бібліятэкараў ці ўся работа з моладдзю зводзіцца да колькасці кнігавыдач! Інфармацыя аб рабоце бібліятэк, магчыма, мела б сэнс, калі б быў зроблены аналіз у адпаведнасці з парадкам дня: колькі сярод чытачоў моладзі, што яны чытаюць – калі чытаюць увогуле, за чым прыходзяць у бібліятэку. Але прысутныя, пазяхаючы, выслухалі толькі статыстычнаю справаздачу, ад якой, што называецца, ні розуму, гні сэрцу…
Але аб рабоце Рымдзюнскага і Гервяцкага сельскіх Дамоў культуры і школ не было і такой інфармацыі – кіраўнікі гэтых устаноў свае даведкі перадавалі старшыні сельвыканкама непасрэдна перад пачаткам пасяджэння (нагадаю: яно было перанесена на цэлы тыдзень) ці нават падчас яго. І М.У Шульгін прапанаваў ім самім праінфармаваць прысутных аб праводзімай рабоце і існуючых праблемах.
Было што паслухаць і даведацца нейкую інфармацыю толькі падчас выступленняў дырэктараў школ: складваецца ўражанне, што толькі яны і працуюць над тым, каб заняць вольны час моладзі – зразумела ж, вучнёўскай. А хто займаецца астатняй? Работнікі культуры развялі рукамі: мы, маўляў, робім усё, што толькі можна – а моладзь да нас не ідзе, усе едуць у Варону.
Цікава, а чаму ў Варону, дзе няма ні такога клуба, як у Гервятах ці Рымдзюнах, ні такога ФАКа? Напэўна, таму, што там ёсць тое, чаго няма ва ўстановах культуры Гервяцкага сельскага Савета – творчы, ініцыятыўны, як цяпер модна гаварыць, крэатыўны работнік культуры, з якім цікава маладым людзям – вось і цягнуцца яны туды. Гэта, дарэчы, на пасяджэнні сельвыканкама самакрытычна прызнаў і работнік мясцовага Дома культуры Руслан Юргелянец: “Уся справа ў кадрах… Напэўна, і я не дапрацоўваю…” Так, з прыездам у Гервяты двух энергічных маладых спецыялістаў Руслана Юргелянца і Максіма Валканоўскага культурнае жыццё ў вёсцы ажывілася: хлопцы і самі былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх канцэртаў, і з дзецьмі арганізавалі танцавальны калектыў – займаліся там рабяты з вялікай ахвотай. На жаль, нядоўга музыка іграла… Максім, адпрацаваўшы адведзены тэрмін, вярнуўся ў Гродна, а Руслану, як ён прызнаецца, цікавей за ўсё праводзіць час з каханай дзяўчынай… А гервяцкай моладдзю зноў няма каму займацца. Нават тое, што было, развальваецца – да прыкладу, тая ж секцыя аэробікі, якая карысталася папулярнасцю, заглохла. І гервяцкай “Палісяначкі” даўно не чуваць і не відаць. І фізкультурна-спартыўны комплекс працуе, наколькі я зразумела, у асноўным толькі падчас раённых спаборніцтваў… А што, не было б з кім у Гервятах стварыць хор ці хоць бы вакальную групу – маючы ўласную музычную школу і столькі моладзі? Але ж няма каму заняцца… Хоць зарплату атрымліваць ёсць каму!
Канешне, ёсць у культуры Гервят і сур’ёзныя праблемы: у Доме культуры ў аварыйным стане знаходзіцца сцэна ў глядзельнай зале — драўляныя канструкцыі “з’еў” грыбок. Зноў жа музычная апаратура не той магутнасці, што патрэбна для такога будынка. Але… Каб вырашыць праблему, ёй трэба займацца. А тут усё дакладна, як у вядомай ісціне: хто хоча нешта зрабіць – шукае сродкі, хто нічога не хоча рабіць — шукае прычыны. На тым жа пасяджэнні сельвыканкама старшыня праўлення СВК “Гервяты” Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі сказаў, што можна знайсці варыянты і для рамонту сцэны, і для набыцця новай апаратуры – кааператыў не супраць дапамагчы. Але ж не старшыні СВК, у якога і так клопатаў вышэй даху, пра гэта думаць! А наколькі я зразумела, да гэтага часу ніхто ні да яго, ні куды яшчэ з гэтай праблемай не звяртаўся. Ну згніла сцэна – і дзякуй Богу: ёсць прычына, на якую можна спаслацца….
Як я ўжо гаварыла, пытанне, якое было вынесена на разгляд сельвыканкама, — адно з самых вострых і балючых для Гервят. Аднак праект рашэння займаў літаральна адну староначку і такое ўражанне, што быў спісаны з якога-небудзь рашэння дваццацігадовай даўнасці. Ва ўсякім выпадку, ні пра сцэну, ні пра апаратуру, увогуле ні пра адно канкрэтнае пытанне работы школ, бібліятэк, Дамоў культуры там не было ні слова. А ўсё – у духу лепшых узораў махровага фармалізму: “планаваць”, “асаблівую ўвагу ўдзяляць”, “каардынаваць…” А старшыні сельвыканкама—вы не паверыце! — праект даручаў “аказваць пасільную дапамогу” і кантраляваць выкананне рашэння. Было б што кантраляваць...
І можна не сумнявацца: яно, безумоўна, было б прынята ў такім выглядзе, калі б не ўмяшальніцтва члена сельвыканкама А.У. Янчэўскага, які перавёў разгляд пытання з фармальнага рэчышча ў плоскасць канкрэтных задач і шляхоў іх вырашэння – хоць зрабіць гэта трэба было старшыні сельвыканкама М.У. Шульгіну. І менавіта па ініцыятыве Андрэя Уладзіслававіча было прапанавана поўнасцю змяніць рашэнне, канкрэтызаваць яго і, так бы мовіць, персаніфікаваць. Кіраўніцтва сельвыкакнама паабяцала дапрацаваць рашэнне з улікам прапаноў.
Увогуле ж пасля правядзення пасяджэння Гервяцкага сельвыканкама ўражанне засталося змрочнае. Такое адчуванне, што работнікі культуры там знаходзяцца ў беспрабудным летаргічным сне. А калыханку ім спявае сельвыканкам. І ад таго, калі ўсе яны абудзяцца, напэўна, і залежыць, ці будзе чым заняцца ў вольны час гервяцкай моладзі — калі не сёння, то хоць заўтра.


Ніна РЫБІК.