Тыдзень postfactum: вяртанне двухпалярнага свету?

11:49 / 11.10.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

На мінулым тыдні адбыліся дзве падзеі, якія толькі знешне і толькі з першага погляду не мелі сувязі і агульнай пад сабой асновы.


5 кастрычніка Злучаныя Штаты Амерыкі і іх еўрапейскія саюзнікі паспрабавалі рэалізаваць у Савеце Бяспекі ААН “лівійскі сцэнарый” для Сірыі. Як вядома, гэтая блізкаўсходняя краіна пакуль застаецца адзінай, дзе да гэтага часу так і не наступіла “арабская вясна”. Яе хутчэйшаму надыходу – а менавіта прымяненню ў Сірыі сілы – павінна была паспрыяць адпаведная рэзалюцыя Савета Бяспекі.
Зразумела, адкрыта аб сілавым варыянце развіцця падзей у яе праекце традыцыйна не гаварылася. Дакумент утрымліваў добра знаёмы набор высноў аб дыктатуры, спадзяваннях сірыйскага народа на дэмакратыю, неабходнасці прымянення санкцый і г.д.
Аднак, памятаючы, якімі бедствамі былі высцелены “добрыя намеры” аб’яднаных нацый у дачыненні Лівіі, Расія і Кітай скарысталіся сваім правам “вета” і рэзалюцыю заблакіравалі.
Нагадаем, што ў аналагічным рашэнні па Лівіі гаворка ішла выключна аб абмежаванні палётаў у паветранай прасторы гэтай краіны і ні слова — аб бамбардзіроўках, дапамозе так званым паўстанцам і змене ўлады.
Як заўважыў Дзмітрый Мядзведзеў, Расія не паддасца больш на “дешёвые уловки” заходніх партнёраў.
Не ўхваляючы ўвогуле прымяненне сілы і заклікаючы бакі да мірнага вырашэння канфлікту, Расія і Кітай, тым не менш, лічаць тое, што адбываецца ў Сірыі, унутранай справай гэтай краіны.
Магчыма, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі ЗША і іх еўрапейскім партнёрам не ўдалося “працягнуць” праз ААН сваю чарговую ваенную авантуру.
Тым больш сімвалічна ў гэтым сэнсе выглядаў артыкул прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна, які выйшаў у газеце “Известия” на мінулым тыдні.
У ім будучы кандыдат на пасаду прэзідэнта краіны аналізуе магчымасць стварэння Еўразійскага саюза накшталт саюза еўрапейскага і, трэба думаць, хоць прама аб гэтым у артыкуле і не гаворыцца, у процівагу апошняму: з адпаведнымі міждзяржаўнымі структурамі і нават адзінай валютай, падобнай еўра.
З улікам асобы аўтара і часу апублікавання можна не сумнявацца, што гэты артыкул – не проста разважанні на адвольную тэму, а праграма дзеянняў на бліжэйшую перспектыву.
Варта прызнаць, што ідэя новай міждзяржаўнай супольнасці на еўразійскай прасторы – не новая. Аднак сёння яна не выглядае гэткай бязглуздзіцай, як гэта бачылася раней, і мае нашмат больш шансаў на рэалізацыю, чым адразу пасля распаду СССР.
Тады таксама шмат гаварылася аб небяспецы аднапалярнага свету, якім ён стаў пасля знікнення з палітычнай карты Савецкага Саюза. Аднак нас супакойвалі, што гэта – аб’ектыўная рэальнасць, спрачацца ці супраціўляцца якой неразумна. Свет, маўляў, змяніўся, стаў больш бяспечным, прадказальным і са знішчэннем “монстра” пад назвай Савецкі Саюз нікому ніякай пагрозы больш не існуе і існаваць не можа.
Праўда, крыху пазней стала бачна, што ў бяспечным свеце чамусьці не спыніла сваё існаванне НАТА.
Насуперак здароваму сэнсу і таму факту, што яшчэ ў перабудовачныя часы быў знішчаны цэлы клас стратэгічных ракет, якія маглі пагражаць Еўропе, разгортваліся амерыканскія сістэмы супрацьракетнай абароны.
За кошт малых краін пашыралася і пашыраецца геаграфія ваенных баз і аэрадромаў.
Ды і сам Еўрапейскі саюз з гадамі, па сутнасці, перастаў адпавядаць задэклараванаму ў статуце выключна “эканамічнаму і палітычнаму аб’яднанню еўрапейскіх дзяржаў, нацэленаму на рэгіянальную інтэграцыю з агульным рынкам і свабодным перамяшчэннем людзей, тавараў, капіталаў і паслуг”.
Еўрасаюз сёння — гэта рэальная сіла, здольная дыктаваць, ажыццяўляць ціск, выстаўляць умовы і ўстанаўліваць правілы. Прычым з кожным годам палітыка Еўрасаюза – магчыма, за кошт неасцярожных выказванняў пэўных палітычных дзеячаў – усё менш адпавядае прынцыпам элементарнай дыпламатычнай тактоўнасці і ўсё больш набывае рысы бесцырымоннасці.
Рэальна процістаяць гэтай сіле сёння няма каму. А гэта значыць, што зерні ідэі Еўразійскага саюза ўпадуць на падрыхтаваную глебу.