Тыдзень postfactum: паўсюль свае клопаты

08:10 / 28.09.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Калясудовыя страсці

На мінулым тыдні працягваўся разгляд справы аб тэрарыстычным акце, здзейсненым на станцыі “Кастрычніцкая” мінскага метрапалітэна 11 красавіка гэтага года. Здавалася, беспрэцэдэнтна адкрыты фармат судовага працэсу, на якім прысутнічаюць дзесяткі пацярпелых, сведкаў і журналістаў, будзе сведчыць аб празрыстасці і непрадузятасці суда, садзейнічаць атмасферы ўзаемнай павагі і даверу.
На справе ўсё аказалася некалькі інакш.
Інфармацыя аб ходзе разбіральніцтва ў сталічным Доме правасуддзя падаецца сродкамі масавай інфармацыі досыць тэндэнцыйна і супярэчліва.
З-за забароны відэаздымкі, якой дабіўся адзін з пацярпелых, усе мы сталі, па сутнасці, заложнікамі асабістага меркавання і бачання працэсу карэспандэнтам таго ці іншага выдання. А яно, на жаль, не пазбаўлена суб’ектыўных ацэнак і высноў. У нейкім іншым выпадку гэта магло б сысці за добрую якасць. Але не тады, калі пытанне тычыцца гучнага злачынства і значэнне маюць аб’ектыўныя факты, а не асабістае меркаванне аўтара справаздачы.
Тым часам думкі народа адносна таго, што адбываецца ў судзе і раней здарылася ў метро, перасекліся ў месцы скрыжавання двух процілеглых напрамкаў: “веру” і “не веру”.
І тым, і другім хочацца нагадаць, што права судзіць альбо мілаваць па закону належыць выключна суду. Пакіньце за ім гэтае права і да пары трымайце пры сабе ўласныя высновы і ацэнкі.



Знаёмая п’еса ў новых дэкарацыях

Самы вялікі “сакрэт Полішынеля” сучаснай Расіі раскрыты – новым прэзідэнтам краіны, хутчэй за ўсё, стане сённяшні прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін.
Аб гэтым у мінулую суботу, на з’ездзе партыі “Адзіная Расія”, які праходзіў у традыцыях і дэкарацыях заакіянскіх палітычных сходаў, заявіў цяперашні прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў.
Хоць гаворка ішла толькі аб вылучэнні кандыдатуры, чамусьці ўсе зразумелі, што справа насамрэч вырашана. Гэта было бачна нават па тым, як першыя асобы дзяржавы пакідалі сцэну з’езда: першым, насуперак этыкету, з яе саступіў Пуцін. У некалькіх кроках за ім – Мядзведзеў.
Роля цяперашняга кіраўніка ў недалёкай будучыні таксама была агучана на з’ездзе. Наступны прэзідэнцкі тэрмін Мядзведзеў будзе старшынстваваць ва ўрадзе. Трэба думаць – не назаўсёды. Мядзведзеву толькі 46. Уся палітычная будучыня ў яго яшчэ наперадзе. У тым ліку, магчыма, і прэзідэнтства.
Чаго не скажаш пра Пуціна, якому менш чым праз два тыдні споўніцца 59. Рубежны ўзрост. Апошні шанс. Хоць, да гонару прэм’ера, на свае гады ён зусім не выглядае. Так што прэзідэнцкі “воз” пацягне без праблем. Прынамсі, у бліжэйшыя пяць гадоў.
І ўсё ж якімі наіўнымі мы былі, калі пяць гадоў таму купіліся на яго словы аб тым, што Канстытуцыю ён парушаць не будзе і на трэці тэрмін прэзідэнтства не пойдзе ні ў якім разе! Як аказалася, трэці — чарговы і трэці ўвогуле – рэчы некалькі розныя.
Нават крыху крыўдна, што найвялікшая палітычная інтрыга, хоць і відавочная, вырашылася неяк занадта проста, нават будзённа. І варта было столькі часу дурыць галаву электрарату? “Вам спадабаецца!” – адказаў неяк Пуцін на пытанне, хто ж – ён ці Мядзведзеў – стане балатавацца на пост прэзідэнта на будучых выбарах. Многія тады легкадумна паспадзяваліся на тое, што на выбары пойдуць абодва. Вось гэта сапраўды было б шоу! Цяпер зразумела, што не ў гэты раз…



Скандал на моўнай глебе

Дваццацігоддзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Літвой і Польшчай азмрочана сур’ёзным скандалам, які не ўдаецца патушыць вось ужо месяц.
Адносіны паміж дзвюма краінамі істотна сапсавалі папраўкі да літоўскага закону аб адукацыі. У адпаведнасці з імі прадугледжваецца ўзмоцнена вывучаць літоўскую мову нават у школах нацыянальных меншасцяў. А ў выпускным класе –яшчэ і здаць па ёй дзяржаўны экзамен.
Палякі Літвы ўбачылі ў гэтым ушчамленне сваіх правоў і нават заклікалі настаўнікаў і вучняў не прыходзіць у школу 1 верасня.
Вышэйшыя палітычныя дзеячы з гэтай нагоды адзначыліся колкімі заявамі.
Адыёзны міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыгразіў, што адносіны да Літвы з боку яго краіны будуць цалкам залежаць ад адносінаў самой Літвы да польскай нацыянальнай меншасці.
У сваю чаргу былы лідэр Літвы Вітаўтас Лансбергіс заклікаў не звяртаць увагі на заявы “непрадказальнага міністра”.
А мінулай пятніцай буйная акцыя пратэсту, якая сабрала каля 10-ці тысяч удзельнікаў, адбылася ля будынка літоўскага парламента. Праўда, знайсці паразумення з парламентарыямі так і не атрымалася. Спікер сейма не толькі не выйшла да маніфестантаў, а і заявіла, што арганізатары мітынга “сеюць варожасць паміж двума народамі”.
Сказаць дакладна, чаго ў сённяшніх спрэчках больш – клопату аб дзецях ці перавыбарчых амбіцый – не возьмецца, напэўна, ніхто.