Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама сустрэўся з калектывам астравецкай бальніцы

12:29 / 21.09.2011

Чарговы дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у раёне ў мінулы чацвер. У гэты дзень з калектывам цэнтральнай раённай бальніцы сустрэўся намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Георгіевіч Жук. На гэты раз тэма дня інфармавання не вызначалася нейкім канкрэтным напрамкам, а тычылася шырокага кола актуальных праблем жыцця грамадства.


Што сёння хвалюе людзей незалежна ад іх прафесіі і сацыяльнага статусу? Вядома ж, сітуацыя, якая склалася ў эканоміцы і на спажывецкім рынку рэспублікі: рост цэн, фінансавы крызіс, адсутнасць (на той час) валюты ў абменніках… Пра ўсё і павёў гаворку Ігар Георгіевіч.
Размова з медыкамі была шчырай – можа, таму, што і сам І.Г. Жук па адукацыі і ранейшаму месцу працы — медык, і прыехаў да калег і землякоў – намеснік старшыні аблвыканкама нарадзіўся і вырас у Астраўцы – з адкрытай душой.
Галоўнае пытанне, якое сёння хвалюе ўсіх: чаму ўзнікла крызісная сітуацыя ў эканоміцы?
Хоць, зрэшты, крызіс не тычыцца эканомікі ў цэлым: прадпрыемствы краіны працуюць, і даволі паспяхова, валавы ўнутраны прадукт павялічваецца, сельгаспрадпрыемствы сёлета сабралі багаты ўраджай. Чаму ж так імкліва растуць цэны, падае вартасць беларускага рубля, расце кошт замежнай валюты і яе да нядаўняга часу немагчыма было купіць?
—Давайце будзем шчырымі, — сказаў Ігар Георгіевіч, звяртаючыся да супрацоўнікаў раённай бальніцы. – Жылі мы няблага, і калі гаварыць зусім адкрыта, то не па сродках. Калі заработная плата на 13-15 працэнтаў перавышае прадукцыйнасць працы – ніякая эканоміка гэтага вытрымаць не ў стане. Мы шмат будавалі – у гарадах і вёсках. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ў кожным сельгаспрадпрыемстве вырастала за год па пяць домікаў. Людзі атрымлівалі недарагія крэдыты для індывідуальнага будаўніцтва жылля і на спажывецкія мэты. Узводзіліся шматлікія спартыўныя аб’екты. Асаблівая ўвага надавалася сацыяльнаму забеспячэнню насельніцтва. На гэта выдаткоўваліся вялізныя сродкі, і ў значнай частцы – эмісійныя, гэта значыць, не забяспечаныя рэальным коштам. Гэта і прывяло да таго, што мы зараз маем.
Але Беларусь – далёка не адзіная дзяржава, якая на шляху свайго развіцця трапляе ў крызісную сітуацыю. Больш таго: цяжка назваць краіну, якая б у час росту пазбегнула падобнага. Нават тыя з іх, хто вылічвае сваю гісторыю не адным стагоддзем і адносіцца да дзяржаў з высокаразвітай эканомікай, не раз скаланалі магутныя крызісы і розныя эканамічныя катаклізмы – дастаткова ўспомніць існуючыя і сёння праблемы краін Еўрасаюза, нядаўнюю пагрозу дэфолту ў Злучаных Штатах Амерыкі, дэфолт у Расіі ў 1998 годзе і многае іншае. Што ўжо гаварыць пра Беларусь, якая, існуючы ў якасці самастойнай незалежнай дзяржавы нейкіх дваццаць гадоў, побач з такімі сусветнымі “дыназаўрамі” з’яўляецца, па сутнасці, малалетнім дзіцем? Да таго ж ідзе краіна ўласным шляхам, будуе сацыяльна-арыентаваную дзяржаву — і “спісаць хатняе заданне”, павучыцца, як і што трэба рабіць, нам практычна няма ў каго: хочам таго ці не, а вымушаны набываць вопыт на ўласных дасягненнях і памылках – хоць апошняе і вельмі балюча. Але затое — эфектыўна…
І пры ўсіх тых цяжкасцях, на якія сёння скардзяцца людзі, нельга забываць пра сацыяльную падтрымку, якую атрымлівае ад дзяржавы ў Беларусі кожны грамадзянін і асабліва — найбольш неабароненыя катэгорыі насельніцтва. А між тым, гэта таксама вялікая нагрузка на бюджэт. Бясплатная сярэдняя адукацыя з’яўляецца бясплатнай толькі для бацькоў – у абласным бюджэце з агульнай яго сумы ў 3 трыльёны 500 мільярдаў рублёў амаль трэць – 1 трыльён 100 мільярдаў – выдаткоўваецца на патрэбы сістэмы адукацыі. Яшчэ 750 мільярдаў рублёў – на фінансаванне сістэмы аховы здароўя. А ўвогуле 60 працэнтаў абласнога бюджэту расходуецца на сацыяльныя мэты. Ігар Георгіевіч у сваім выступленні гаварыў, што кошт навучання аднаго школьніка ў школе мастацтваў складае 3,5 мільёна рублёў – зразумела ж, бацькі такіх грошай за навучанне сваіх дзяцей не плацяць. Бясплатна займаюцца ў спартыўных школах юныя спартсмены – а гэта таксама каштуе немалых грошай. Толькі 30 працэнтаў рэальнага кошту аплачвае насельніцтва за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Білеты на праезд у грамадскім транспарце і блізка не акупаюць расходы на яго ўтрыманне – астатнія расходы кампенсуюцца з бюджэту. Асобная размова пра медыцыну – з бюджэту выдаткоўваюцца вялізныя сродкі на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання, стварэнне новых устаноў аховы здароўя, якія на роўных канкурыруюць з лепшымі заходнімі клінікамі і інстытутамі. Уся гэтая падтрымка дзяржавы сваіх грамадзян нібыта і не заўважаецца, бо гэтая дапамога не асядае ў выглядзе грашовых знакаў у іх кішэнях — але давайце на хвіліну ўявім, што гэта ўсё знікне: бясплатная адукацыя, медыцына, што на камунальныя паслугі і транспарт давядзецца плаціць столькі, колькі гэта рэальна каштуе – і палічыце, што пасля гэтага застанецца ў нашых кашальках. 60 працэнтаў абласнога бюджэту ідзе на фінансаванне сацыяльнай сферы – у працэнтных суадносінах ніводная дзяржава не можа гэтым пахваліцца. І гэтая сацыяльная падтрымка насельніцтва будзе працягвацца – гэта асноўны пастулат нашай дзяржаўнай палітыкі, і адступаць ад яго ніхто не збіраецца.
Так, сітуацыя ў рэспубліцы сёння даволі складаная. Але, перакананы Ігар Георгіевіч Жук, не крытычная. Пацвярджэнне гэтаму – тыя аб’етыўныя эканамічныя паказчыкі, якія дасягнуты ў краіне. Усе разам, аб’яднаўшыся, мы зможам пераадолець усе цяжкасці, выйсці з крызісу і рухацца далей па шляху развіцця.


Ніна РЫБІК, фота аўтара.