Меліярацыя: каму гэта трэба?

07:23 / 08.09.2011

На жнівеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла з удзелам намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь А.В. Ліса і намесніка генеральнага дырэктара абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Гроднамеліяводгас” С.С. Царука, разглядалася пытанне аб эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель у сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна і ходзе правядзення работ па догляду за асушальнай сеткай Астравецкім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм.


Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька падкрэсліў актуальнасць гэтага пытання. Меліярацыя забалочаных зямель – гэта вяртанне іх у абарот і магчымасць атрымання дадатковай сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзяржава, разумеючы важнасць справы, не шкадуе грошай на меліярацыю – дастаткова сказаць, што з 2009 года па цяперашні час з рэспубліканскага бюджэту на правядзенне рамонтна-эксплуатацыйных работ на меліярацыйных сістэмах было выдзелена 1362,8 мільёна рублёў. Астравецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм фактычна асвоіла гэтыя сродкі. Але, па словах старшыні райвыканкама, часам складваецца ўражанне, што ПМС гэта трэба больш, чым сельгаспрадпрыемствам, для якіх гэтыя работы і праводзяцца і якім затым вяртаюцца прыгодныя для эксплуатацыі землі. Іх не спяшаюцца ўводзіць у абарот, выкарыстоўваюць неэфектыўна, а часам проста не цікавяцца, што фактычна робіцца на нядаўна ўведзеных у эксплуатацыю аб’етах меліярацыі – як гэта ні парадаксальна, старшыня райвыканкама ведае сітуацыю на месцах лепш, чым кіраўнікі гаспадарак.
Агульная плошча асушаных зямель у нашым раёне складае 14822 гектары – гэта чвэрць усіх сельскагаспадарчых угоддзяў раёна. А ў некаторых гаспадарках – і таго больш: у СВК імя Гашкевіча – 33 працэнты, “Гервяты” – 34, “Міхалішкі” – 27 працэнтаў.
У сваім выступленні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.М. Славінскі нагадаў агульнавядомую ісціну, што эканамічная эфектыўнасць выкарыстання меліяраваных зямель дасягаецца за кошт паляпшэння тэхнічнага стану меліярацыйных сістэм, удасканалення структуры пасяўных плошчаў, унясення збалансаваных доз угнаенняў і выкарыстання сродкаў аховы раслін, што ў комплексе забяспечвае рост ураджайнасці сельскагаспадарчых культур.
Астравецкае ПМС праводзіць комплекс работ па бягучаму рамонту і тэхнічнаму догляду за меліярацыйнымі сістэмамі. Пачынаючы з 2009 года гэтае прадпрыемства ачысціла ад заілення 36,3 кіламетра меліярацыйных каналаў (124 працэнты да плана), бягучая ачыстка іх праведзена на 57,2 кіламетрах, на 78,9 кіламетрах каналаў – 112 працэнтаў да плана – знішчана кустоўе і іншая расліннасць, гідратэхнічных збудаванняў за гэты час адрамантавана 14 штук – удвая больш, чым было запланавана, абкошаны 1416 кіламетраў каналаў, праводзіліся іншыя неабходныя работы. У 2009 годзе аграмеліярацыйныя мерапрыемствы праведзены ў СВК “Гудагай” на плошчы 40 гектараў. У СВК “Гервяты” ў 2009 годзе дзякуючы рабоце меліяратараў было ўведзена ў сельскагаспадарчы абарот 120 гектараў, у мінулым – 80 і сёлета – яшчэ 109 гектараў. Сельгасугоддзі СВК імя Гашкевіча ў 2009 годзе папоўніліся 40 гектарамі абноўленых зямель, столькі ж было здадзена ў эксплуатацыю ў 2010-м і яшчэ 33 – сёлета.
Аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, што праводзяцца на гэтых плошчах, уключаюць планіроўку паверхні, узорванне, дыскаванне, знішчэнне кустоўя, хмызняку, пустазелля, выдалення камення, адвод лішкаў вільгаці з паверхневага і ворыўнага слоя глебы, стварэнне неабходных дадатковых запасаў вільгаці ў глебе. Па сутнасці, меліяратары прыходзяць на заросшыя хмызняком, забалочаныя плошчы – і вяртаюць іх гаспадаркам у стане, прыгодным для вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
У раёне меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца ў асноўным пад сенажаці. Шматгадовымі травамі занята 1183 гектары асушаных зямель, збожжавыя культуры вырошчваюцца на 1118 гектарах. Нязначная частка іх – 5 гектараў – занята ў СВК “Гудагай” пад бульбай.
Але на пасяджэнні райвыканкама адзначалася, што прадуктыўнасць сельскагаспадарчых угоддзяў, найперш лугавых, на асушаных землях застаецца невысокай. У некаторых гаспадарках у выкарыстанні меліяраваных угоддзяў ёсць сур’ёзныя недахопы. Толькі 12,2 цэнтнера кармавых адзінак з аднаго гектара пры агульнараённым паказчыку 16,2 складае прадуктыўнасць сенажацей і пашы на асушаных землях па выніках работы за 2010 год у СВК “Міхалішкі”, 14,2 цэнтнера – у СВК “Гудагай”, 15,9 – у РУП “Саўгас “Падольскі”.
Асноўнымі прычынамі нізкай прадуктыўнасці сенажацей і пашы на асушаных землях з’яўляецца недастатковае ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў, несвоечасовае перазалужэнне, парушэнне патрабаванняў агратэхнікі.
У мінулым годзе на кожны гектар лугавых угоддзяў было ўнесена 66 кілаграмаў мінеральных угнаенняў у дзеючым рэчыве (у саўгасе “Падольскі” – 48, СВК “Варняны” – 52). Ні ў адной гаспадарцы не захоўваліся патрабуемыя суадносіны азоту, фосфару і калію. Фосфарныя ўгнаенні на гэтыя землі практычна не ўносяцца, а адны калійныя не даюць належнага эфекту. Арганіку на меліяраваныя ўгоддзі ў мінулым годзе ўнеслі толькі ў саўгасе “Падольскі” – на 97 гектарах, а для аднаўлення гумусу яна проста неабходна. А пра ўнясенне мікраўгнаенняў, асабліва медзі на тарфяна-балотных глебах, у гаспадарках даўно забыліся.
Адным з істотных элементаў павелічэння прадуктыўнасці меліярацыйных зямель з’яўляецца своечасовае і якаснае іх перазалужэнне. Аднак па дадзеных інвентарызацыі гэтага года ў гаспадарках раёна 47 працэнтаў лугапашавых угоддзяў перазалужаліся больш як 5 гадоў таму. У СВК імя Гашкевіча такіх угоддзяў — 62 працэнты ад наяўных, у СВК “Гудагай” – 62, у СВК “Гервяты” – 52 працэнты.
Справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што ёсць у раёне і станоўчыя прыклады выкарыстання меліяраваных зямель. У якасці такіх Віктар Аляксандравіч называў аб’екты “Малі” СВК імя Гашкевіча, “Маладая Гвардыя” і “Лоша” СВК “Гудагай”, “Зара” СВК “Міхалішкі, “Гервяты-2”, “Падольскі”. А тое, як нельга іх выкарыстоўваць, можна пабачыць на меліяраваных землях, якія перайшлі “ў спадчыну” СВК “Міхалішкі” ад колішняга СВК “Страча”.
У раёне распрацавана і рэалізуецца праграма па захаванню і выкарыстанню меліяраваных зямель на 2011-2015 гады. Рашэнне райвыканкама, прынятае па разглядаемаму пытанню, нацэльвае на яе безумоўнае выкананне і патрабуе найперш ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў больш эфектыўнага выкарыстання меліяраваных зямель.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.