На кантролі райвыканкама астравецкі рынак

10:01 / 07.09.2011

Пытанне аб рабоце раённага спажывецкага таварыства па прывядзенню рынка г.п. Астравец у адпаведнасць з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў у парадак дня пасяджэння райвыканкама было ўключана па-за планам. Прычына такой асаблівай увагі да гэтай тэмы – тое, што астравецкі рынак, які, па словах старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, з’яўляецца лепшым у вобласці, да гэтага часу не атэставаны і з’яўляецца аб’ектам пастаяннай крытыкі на розных абласных нарадах. З-за чаго і што трэба зрабіць, каб наш рынак стаў на самой справе лепшым – аб гэтым ішла размова на пасяджэнні райвыканкама.


Начальнік аддзела эканомікі А.В. Зорка, які выступіў з інфармацыяй па гэтаму пытанню, пачаў з не вельмі далёкай гісторыі. Рынак Астравецкага райспажыўтаварыства ў яго сённяшнім выглядзе функцыянуе з верасня 2008 года. Падчас яго рэканструкцыі было зроблена добраўпарадкаванне тэрыторыі – яна заасфальтавана і агароджана. На рынку абсталяваны новыя гандлёвыя месцы з металаканструкцый – колькасць іх павялічылася да 106: 86 прызначана для гандлю прамысловымі таварамі, 20 – прадуктамі харчавання. Абсталяваны месцы і для рэалізацыі ўладальнікамі асабістых падсобных гаспадарак сельскагаспадарчай прадукцыі са сваіх падвор’яў. Падведзены водаправодныя і каналізацыйныя сеткі. На будаўніцтва рынка было затрачана 64 мільёны рублёў сродкаў раённага спажывецкага таварыства, 131 мільён на гэтую агульнакарысную справу пайшло з раённага бюджэту.
І ўсё ж атэстацыйная камісія, якая 1 ліпеня ў чарговы раз абследавала рынак, зноў не выдала яму пасведчанне аб атэстацыі, бо заўвагі, адзначаныя раней, так і не ліквідаваны. Усе недахопы былі адлюстраваны ў акце па атэстацыі рынка ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў і разгледжаны затым на пасяджэнні райвыканкама.
Іх шмат, і самых розных. У акце адзначалася, што падчас правядзення атэстацыі на рынку вяліся работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі; адсутнічае ўхіл, які забяспечвае сцёк дажджавых вод, з-за чаго адбываецца застой вады; не праведзена заніраванне тэрыторыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў; не абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных правіл памяшканні для захоўвання запасаў тавараў, кладоўкі, месцы для мыцця гародніны і фруктаў, інвентару, санітарна-бытавыя памяшканні для работнікаў і прадаўцоў; не на ўсіх радах устаноўлены сметніцы; не ўсе памяшканні на тэрыторыі рынка маюць маркіроўку; абазначэнне гандлёвых месцаў размешчана ў недаступных для пакупнікоў месцах, адсутнічае лабараторыя ветэрынарна-санітарнай экспертызы, рынак не забяспечаны ў дастатковай колькасці гандлёвым інвентаром; не створаны ўмовы для круглагадовага гандлю харчовай сыравінай і прадуктамі; не на належным узроўні знаходзіцца кантроль, у тым ліку лабараторны, за якасцю і бяспекай прадуктаў харчавання, што рэалізуюцца на рынку, якасцю вады, допускам тавараў да продажу.
Акрамя таго, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адзначае, што, хоць да тэрыторыі рынка і падведзены водаправодныя камунальныя сеткі, разводка іх па памяшканнях не зроблена, з-за чаго рынак фактычна не забяспечаны вадой і будынкі, што ёсць на яго тэрыторыі, выкарыстоўваць па прызначэнні немагчыма. Звяртаюць увагу санітарныя ўрачы і на адсутнасць на рынку прымерачных памяшканняў.
Свае недахопы ў абсталяванні рынку і арганізацыі яго работы адзначыла і выратавальная служба раёна.
Трэба сказаць, што некаторыя з адлюстраваных у інфармацыі недахопаў да пасяджэння раённага выканаўчага камітэта былі выпраўлены. Так, абсталяваны туалет для наведвальнікаў і работнікаў рынка (праз тры гады пасля яго адкрыцця!!! – Н.А.), адкарэкціравана схема размяшчэння памяшканняў, гандлёвых радоў і месцаў, абноўлена інфармацыя для пакупнікоў, пажарныя шчыты ўкамплектаваны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння ў адпаведнасці з нормамі.
Як бачна, большасць адзначаных камісіяй недахопаў, якія з году ў год “качуюць” з аднаго акта ў другі, не патрабуюць вялікіх фінансавых уліванняў. І тым не менш у праўлення райспажыўтаварыства гарадскі рынак па-ранейшаму знаходзіцца ў ролі пасынка, з-за чаго і не можа атрымаць атэстацыі.
Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька пры разглядзе гэтага пытання задаў старшыні праўлення райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч канкрэтнае пытанне: калі будуць ліквідаваны недахопы, што адзначаны камісіяй у акце? Міраслава Раймундаўна паабяцала, што рынак будзе прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі да 1 снежня.
Прынятае райвыканкамам па гэтаму пытанню рашэнне нацэльвае на ліквідацыю адзначаных атэстацыйнай камісіяй недахопаў у абуладкаванні і арганізацыі работы астравецкага рынку.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.